Content-Length: 122485 | pFad | https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%90%D0%BF%D0%B0%D0%BB

Апал — Вікіпедыя Перайсці да зместу

Апал

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Апал
Белы апал
Формула SiO2·nH2O
Колер бясколерны, белы, жоўты, буры, чырвоны, зялёны і інш.
Колер рысы рысы не дае
Бляск васковы, матавы, шкляны, перламутравы, смалісты
Цвёрдасць 5,5 — 6,5
Злом ракавісты
Шчыльнасць 1,9—2,3 г/см³

Апал — мінерал падкласа гідраксідаў. Мае 1—34 % вады, 65—92 % SiO2, прымесі аксідаў Fe2O3, MgO, CaO і інш.

Назаа ад лацінскага слова «opalus», якое бярэ пачатак ад санскрыцкага «úpala», г.зн. «каштоўны камень».

Чысты апал бясколерны, непразрысты, мае афарбоўку блізкую да малочнай або афарбаваны ў няяркія тоны рознымі прымесямі. Па колеру адрозніваюць дзве асноўныя разнавіднасці апалу — белы і чорны. Белы можа быць жаўтаватым, а чорны часцей за ўсё бывае цёмна-шэры або сіні. Прыкметна вар’іруе ступень празрыстасці. Празрыстыя і паўпразрыстыя ўзоры валодаюць апалесцэнцыяй (пералівы колераў), якая ўзнікае дзякуючы рассейванню святла дробнымі часцінкамі.

Аморфны. Рэнтгенаструктурны аналіз і вывучэнне пад электронным мікраскопам выявілі ў апале крышталічныя часцінкі надзвычай малых памераў. Высветлена, што ў аморфным апале ёсць асобныя ўчасткі, якія складаюцца са шчыльна ўпакаваных сферычных часцінак крэменязёму памерам 1500—4000 А.

Бляск васковы, матавы, шкляны, перламутравы, смалісты. Рысы не дае. Зямлістыя рознасці маюць белую рысу. Цвёрдасць 5,5—6,5. Злом ракавісты. Крохкі. Шчыльнасць 1,9—2,3 г/см³.

Асадкавы, гідратэрмальны. Утварае нацечныя агрэгаты — ааліты, скарынкі, ныркападобныя масы. На тэрыторыі Беларусі трапляецца ў выглядзе цэменту, шкарлупін дыятамей, у мелавых адкладах (сцяжэнні) і інш.

Разнавіднасці

[правіць | правіць зыходнік]

У залежнасці ад афарбоўкі і характару апалесцэнцыі (вясёлкавых пераліваў колеру) вылучаюць яго разнавіднасці:

  • белы апал — светлы, празрысты са светла-блакітнай апалесцэнцыяй;
  • чорны апал — чорны, цёмна-фіялетавы, сіні, зялёны, бардовы з чырванаватай апалесцэнцыяй;
  • арлекін — з пералівам каляровых плям на чырванаватым фоне;
  • вогненны апал — жоўты, чырвоны з вогненнай апалесцэнцыяй;
  • гіяліт, або мюлерава шкло — празрысты, чысты, як шкло;
  • кахалонг — блакітнавата-белы, фарфорападобны, моцна порысты з перламутравай апалесцэнцыяй;
  • гідрафан — шэры, эфект ірызацыі праяўляецца пасля змочвання вадой.

З апалу складаецца дыятаміт, трэпел і апока — сыравіна для вырабу цэменту, напаўняльнікі.

Выкарыстоўваецца як вырабны камень. Вогненны апал — каштоўны камень.









ApplySandwichStrip

pFad - (p)hone/(F)rame/(a)nonymizer/(d)eclutterfier!      Saves Data!


--- a PPN by Garber Painting Akron. With Image Size Reduction included!

Fetched URL: https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%90%D0%BF%D0%B0%D0%BB

Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy