Мальдывы
| |||||
Гімн: «Qaumii salaam» | |||||
Дата незалежнасці | 26 ліпеня 1965 (ад Вялікабрытаніі) | ||||
Афіцыйная мова | Дывехі | ||||
Сталіца | Мале | ||||
Найбуйнейшы горад | Мале | ||||
Форма кіравання | Прэзідэнцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Віцэ-прэзідэнт |
Абдула Ямін Абдула Джыхад | ||||
Дзярж. рэлігія | Іслам (суніцкага толку) | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
186-я ў свеце 298 км² >99% | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2017) • Шчыльнасць |
392 709 [1] чал. (176-я) 1 328 чал./км² | ||||
ВУП • Разам (2018) • На душу насельніцтва |
$7,396 млрд [2] (162-ы) $20,227 (69 месца) | ||||
Валюта | Руфія | ||||
Інтэрнэт-дамен | .mv | ||||
Код ISO (Alpha-2) | MV | ||||
Код ISO (Alpha-3) | MDV | ||||
Код МАК | MDV | ||||
Тэлефонны код | +960 | ||||
Часавыя паясы | +5 |
Мальдывы (мальд.: ދިވެހިރާއްޖެ, Dhivehi Raa’je), афіцыйная назва Мальдыўская Рэспу́бліка (мальд.: ދިވެހިރާއްޖޭގެ ޖުމުހޫރިއްޔާ [divehi raːɟɟeːge ɟumhuːrijjaː]) — дзяржава ў Паўднёвай Азіі, на Мальдыўскіх астравах у паўночна-заходняй частцы Індыйскага акіяна. Размяшчаецца на 26 каралавых атолах. Гэта самая маленкая краіна Азіі і па плошчы (298 км2) і па колькасці насельніцтва (каля 400 тыс. чал. (2018)). Самая "нізкая" і найбольш уразлівая да глабальнага пацяплення дзяржава свету. Сталіца — Мале на аднайменным востраве.
Жыхары Мальдваў — гэта галоўным чынам дывехі. Дзяржаўная рэлігія — іслам.
Краіна, што развіваецца, найбольш высакадаходная дзяржава рэгіёну. Аснову эканомікі па-ранейшаму складаюць рыбалоўства і перапрацоўка рыбы, хуткімі тэмпамі развіваецца турызм.
Мальдывы стаяць ля вытокаў рэгіянальнай арганізацыі СААРК (паўднёваазіяцкае супрацоўніцтва), з'яўляюцца сябрам Руху недалучэння, Ісламскага супрацоўніцтва. Да 2016 уваходзілі ў Садружнасць нацый, аднак выйшлі са складу арганізацыі у знак пратэсту супраць абвінавачванняў ў карупцыі і парушэннях правоў чалавека[4].
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Існуюць дзве версіі паходжання назвы, паводле якіх у перакладзе з зусім няроднасных моваў тапонім "Мальдывы" азначае прыблізна адно і тое ж:
- ад тамільскіх словаў maalai (гірлянда) і theevu (астравы) — гірлянда астравоў;
- ад сінгальскага Maala Divaina — каралі астравоў.
Геаграфічнае становішча
[правіць | правіць зыходнік]Мальдывы займаюць мерыдыянальна выцягнуты каралавы архіпелаг Мальдыўскія астравы на вяршынях падводнага хрыбта ў паўночнай частцы Індыйскага акіяна на паўднёвым захадзе ад паўвострава Індастан. Ланцужок з 26 атолаў прасціраецца з поўначы на поўдзень на 960 км ад атола Іхавандзіполу да атола Аду Сіці. Два паралельныя ланцугі атолаў уключаюць каля 1200 дробных каралавых астравоў. Частка іх абкружана бар'ернымі рыфамі.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Мальдыўскія астравы сфармаваліся на вяршынях сярэдняй часткі падводнага Чагас-Лакадыўскага хрыбта. Разам з Лакадыўскімі астравамі і архіпелагам Чагас на поўначы і поўдні адпаведна, Мальдывы ўтвараюць агульны экарэгіён. Астравы каралавага паходжання, таму выключна нізінныя і роўныя: сярэдняя вышыня краіны — 1,5 метры над узроўнем мора, найбольшая — усяго 2,4 метры (на атоле Аду). Гэтыя лічбы робяць Мальдывы самай нізкай краінай свету, а таксама найбольш уразлівай да падняцця ўзроўню Сусветнага акіяну (у сувязі з чым у 2009 урад паабяцаў за дзесяцігоддзе ператварыць Мальдывы ў "безвугляродную" краіну, абапіраючыся на сонечную і ветравую энергетыку).
Клімат субэкватарыяльны мусонны. Сярэдняя тэмпература ўвесь год 24-28°С. Ападкаў каля 2500 мм у год, яскрава выражанага сухога сезона няма. Рэк і ручаёў няма. Порысты вапняковы грунт не затрымлівае ваду, таму адзначаецца яе недахоп. Раслінны свет вельмі бедны, на каралавых выспачках растуць гаі какосавых пальмаў, хлебнага дрэва. Жывёльны свет: фруктовыя кажаны, чарапахі; у прыбярэжных водах — чарапахі, малюскі, кітовыя акулы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першымі жыхарамі астравоў былі цёмнаскурыя дравіды. У V-VII стагоддзях Мальдывы паступова засяляюцца арабамі і персамі. У ХII стагоддзі на архіпелаг прыйшоў іслам, што паспрыла кансальдацыі атолаў у Мальдыўскі султанат. Новая дзяржава ўсталявала цесныя сувязі з Індыяй, арабскім светам, Афрыкай. У ХVI стагоддзі ў Індыйскі акіян пацягнуліся партугальскія і галандскія караблі, аднак першыя спробы каланізацыі былі беспаспяховымі і Мальдывы яшчэ доўгі час заставаліся незалежнымі.
У ХІХ стагоддзі ўся Паўднёвая Азія трапляе ў сферу брытанскіх інтарэсаў і ў 1887 астравы становяцца брытанскім пратэктаратам. У 1965 годзе Мальдывы становяцца незалежнай дзяржавай, яшчэ праз тры гады — прэзідэнцкай рэспублікай. Апошнія дэкады ХХ стагоддзя адзначаны палітычнай нестабільнасцю, спробамі дэмакратычных рэформаў; у пачатку ХХІ ст да праблемаў дзяржавы дадаецца пагроза затаплення тэрыторыі ў выніку змянення клімату.
Дзяржаўны лад і палітыка
[правіць | правіць зыходнік]Мальдывы — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу грамадзян (меджлісу), які складаецца з 48 членаў (40 выбіраюцца на ўсеагульных выбарах і 8 назначаюцца прэзідэнтам). Выканаўчая ўлада ажыццяўляецца з дапамогай кабінета міністраў, які падсправаздачны меджлісу.
Адміністрацыйны падзел
[правіць | правіць зыходнік]Мальдыўская Рэспубліка – унітарная дзяржава. Падзяляецца на 8 рэгіёнаў, рэгіёны падзяляюцца на 19 атолаў і асаблівыя адміністрацыйныя адзінкі – сталіцу Мале і г. Аду.
Беларуска-мальдыўскія адносіны
[правіць | правіць зыходнік]Дыпламатычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў снежні 1993.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Перапіс 20 верасня 2014 года зафіксаваў на Мальдывах 402 071 жыхароў, у тым ліку 338 434 грамадзян і 63 637 неграмадзян. Міграцыйны адток насельніцтва (-13 чалавек на 1000) перавышае станоўчы натуральны прырост (12 на 1000)[1].
Афіцыйная мова — дывехі, індаарыйскіх мова, блізкая да сінгальскай, з запазычаннямі з арабскай і англійскай моваў. Пісьменнасць заснавана на араба-персідскай графіцы. Частка насельніцтва валодае арабскай і англійскай мовамі. Рэлігія — іслам, на кожным населеным востраве ёсць мячэць.
Шчыльнасць насельніцтва — 1300 чал/кв.км — адна з найвышэйшых у свеце. Адзіны вялікі горад і порт — Мале.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Сусветны банк адносіць Мальдывы да эканомік з прыбыткам вышэйшым за сярэдні (upper middle income). Большасці мальдыўцам працу дае акіян: аснову эканомікі дагэтуль складаюць рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. Імкліва развіваецца турысцкі сектар (каля 28 % ВУП). Турысты ахвотна набываюць туземныя рамесныя вырабы. Папулярныя і ракушкі кауры.
У сельскай гаспадарцы пераважаюць шматгадовыя пладовыя культуры: какосавая пальма і хлебнае дрэва.
Асноўныя транспартныя сродкі — парусныя і маторныя лодкі. Большая частка перавозак ажыццяўляецца гідрасамалётамі і катэрамі. Кожны востраў можна перасекчы пехатою менш чым за 2 гадзіны.
Нацыянальная кухня
[правіць | правіць зыходнік]У складзе любой мальдыўскай стравы вы абавязкова знойдзеце або рыс, або какосавыя арэхі, або рыбу.
Зноскі
- ↑ а б https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/mv.html Архівавана 11 красавіка 2020.
- ↑ https://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2018/01/weodata/weorept.aspx?sy=2016&ey=2020&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&pr1.x=35&pr1.y=9&c=556&s=NGDP_RPCH%2CNGDPD%2CPPPGDP%2CNGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=
- ↑ https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/asia
- ↑ http://thecommonwealth.org/media/news/secretary-general-statement-maldives-decision-leave-commonwealth
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Мальдывы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.10: Малайзія — Мугараджы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 43-44. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0169-9 (Т. 10).