Чэрокі
(ᏣᎳᎩ) | |
Агульная колькасць | 819105 (2010 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | чэрокі |
Рэлігія | анімізм, монатэізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | іракезы, натавэй |
Чэро́кі (саманазва: ᏣᎳᎩ, літаральна «сапраўдныя людзі») — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША. Жывуць пераважна ў штатах Аклахома, Паўночная Караліна, Паўднёвая Караліна, Тэнесі, Джорджыя. Агульная колькасць (2010 г.) — 819 105 чал.[1]
Чэрокі — адзін з нешматлікіх паўночнаамерыканскіх карэнных народаў, які карыстаецца арыгінальнай пісьменнасцю, складзенай правадыром Секвоем каля 1821 г.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Чэрокі маюць агульнае паходжанне з іракезамі. Згодна іх паданням, яны перасяліліся ў рэгіён паўднёвых Апалачаў з іншых мясцін. Мяркуецца, што гэта перасяленне адбылося ў XIII ст. У нашы дні вылучаюць некалькі магчымых раёнаў фарміравання чэрокі — поўдзень ад Вялікіх азёр, рака Дэлавэр, паўночная плыня ракі Місісіпі. Некаторыя даследчыкі лічаць, што продкі чэрокі пражывалі ў Паўночнай Караліне здаўна і мелі дачыненне да стварэння мясцовай развітай культуры ручнога земляробства[2][3][4].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Кантакты і гандлёвыя зносіны паміж чэрокі і англійскімі каланістамі Паўднёвай Караліны пачаліся ў другой палове XVII ст. У 1693 г. дэлегацыя чэрокі наведала Чарлстан у пошуках ваеннага саюзу[5]. Адмоўным вынікам першых кантактаў стала эпідэмія воспы ў 1697 г.[6] У 1714—1715 гг. чырокі ваявалі на баку брытанцаў супраць тускарора, у 1716 г. — супраць маскогі. У сувязі са скарачэннем насельніцтва для падтрымкі саюзніцкіх адносін у 1721 г. чэрокі саступілі каланістам свае землі ў Паўднёвай Караліне.
Найбольш актыўнымі гандлярамі, місіянерамі, прадстаўнікамі калоніі і каралеўскіх улад, якія ўзаемадзейнічалі з чэрокі, былі шатландцы. Многія з іх уступалі ў шлюбы з мясцовымі жанчынамі і жылі сярод індзейцаў[7]. У 1730 г. шатландцы Людовік Грант і Аляксандр Камінг упэўнілі Майтоя, правадыра паселішча Тэліка ў Тэнесі, прыняць тытул караля або імператара ўсіх чэрокі і садзейнічалі канцэнтрацыі ўлады ў яго руках[8]. Яго прадстаўнік Атакулакула, па нараджэнню алганкін, наведаў Лондан і заключыў з Георгам II пагадненне аб брытанскім пратэктараце дзяржавы чэрокі. У далейшым чэрокі актыўна падтрымлівалі брытанцаў у Сямігадовай вайне супраць Францыі і ў задушэнні індзейскага паўстання Пантыяка. У сваю чаргу брытанцы дапамаглі ім выйграць вайну супраць маскогі. Пасля сутычак паміж пасяленцамі Вірджыніі і Паўднёвай Караліны з чэрокі ў 1758—1761 гг. Георг III у 1763 г. забараніў каланістам перасяляцца за Апалачы[9]. Пазней гэтая забарона стала адной з прычын Амерыканскай рэвалюцыі.
Пасля абвяшчэння незалежнасці ЗША амерыканскія перасяленцы пры падтрымцы рэвалюцыйных улад пачалі без усялякага кантролю захопліваць землі чэрокі, стваралі атрады добраахвотнікаў для абароны і атак на паселішчы індзейцаў. У 1776 г. злучэнні Кантынентальнай арміі на чале генерала Чарльза Лі арганізавалі ваенную экспедыцыю супраць чэрокі[10]. Вайна з амерыканцамі выклікала разлад паміж старымі правадырамі, што імкнуліся пагадзіцца на ўмовы перасяленцаў узамен на мір, і маладымі воінамі. Апошнія перасяляліся на захад і працягвалі ваяваць з захопнікамі. У 1791 г. правадыры чэрокі пагадзіліся на Холстанскае пагадненне з ЗША. Яно ўсталёўвала новыя межы на карысць перасяленцаў, абвяшчала пратэктарат амерыканцаў над народам чэрокі, ставіла ўзаемны гандаль пад кантроль амерыканскага ўрада[11].
У канцы XVIII — першай трэці XIX ст. адбываўся працэс «акультурвання» чэрокі па праграме амерыканскага асветніка Бенджаміна Хокінса. Быў створаны нацыянальны ўрад. У 1801 г. ён запрасіў пратэстанцкіх місіянераў. Ствараліся камерцыйныя баваўняныя плантацыі, на якіх выкарыстоўвалася праца чарнаскурых рабоў[12]. На амерыканскія грошы будаваліся сучасныя дарогі[13]. Правадыр Секвоя стварыў на аснове лацініцы складовае пісьмо чэрокі[14]. У 1827 г. была прынята Канстытуцыя нацыі чэрокі[15].
«Акультурванне» сустракала апазіцыю з боку прыхільнікаў традыцыйнага ладу. Стала распаўсюджанай міграцыя нязгодных на Захад, дзе паступова склалася група так званых заходніх чэрокі. Яны супрацьстаялі іншым мясцовым плямёнам. У 1817 г. заходнія чэрокі атакавалі племя осэйдж у Арканзасе, пры гэтым знішчылі іх вёску разам з мірнымі жыхарамі[16]. Ваенныя дзеянні працягваліся да 1825 г. З 1815 г. амерыканскія ўлады адкрыта заахвочвалі міграцыю.
28 мая 1830 г. у ЗША быў прыняты закон аб перамяшчэнні ўсіх індзейцаў, што не былі амерыканскімі грамадзянамі, на захад ад ракі Місісіпі. Чэрокі пры падтрымцы членаў Рэспубліканскай партыі і місіянера Сэмюэла Вустэра падалі іск у Вярхоўны суд, які ў 1832 г. прызнаў іх незалежнасць і права займаць свае тэрыторыі[17]. Аднак Прэзідэнт Эндру Джэксан і ўрад штата Джорджыя праігнаравалі гэта рашэнне.
29 снежня 1835 г. частка правадыроў падпісала дагавор у Новай Эчоце[18], у якім дала згоду на перасяленне ўзамен на новыя землі ў Аклахоме, 5 млн долараў у якасці кампенсацыі і 300 тысяч долараў для ўладкавання. У саміх ЗША існавала крытыка дагавора, сцвярджалася, што большасць чэрокі яго не падтрымлівае. Але ў 1836 г. Кангрэс ЗША прызнаў дагавор з перавесам у 1 голас. Гэта прывяло да масавага перасялення, што ўвайшло ў гісторыю пад назвай Дарога слёз. Разам з чэрокі перасяляліся і іх чарнаскурыя рабы. У 1842 г. у Аклахоме адбылося паўстанне рабоў[19]. Частка ўсходніх чэрокі-традыцыяналістаў яшчэ раней выйшла са складу нацыі чэрокі і прыняла грамадзянства Паўночнай Караліны. Яны захавалі свае землі.
У Грамадзянскую вайну ў ЗША большасць чэрокі падтрымала Канфедэратыўныя Штаты Амерыкі, актыўна ўдзельнічала ў ваенных дзеяннях на баку паўднёўцаў. 19 ліпеня 1866 г. федэральныя ўлады ЗША прымусілі прадстаўнікоў нацыі чэрокі ў Аклахоме падпісаць новы дагавор[20], паводле якога вызваляліся рабы. Стварэнне асобнага штата Аклахома прывяло да спрэчак аб магчымасці існавання нацыянальнага ўрада. Правадыры чэрокі адстойвалі ідэю стварэння асобнага індзейскага штата Секвоя[21]. У 1907 г. праблема была вырашана праз саюзны дагавор з штатам Аклахома.
Многія чэрокі прымалі ўдзел у I Сусветнай вайне і II Сусветнай вайне ў складзе арміі ЗША. Пасля II Сусветнай вайны сталі ўзнікаць грамадскія арганізацыі і аб’яднанні чэрокі, якія садзейнічалі адраджэнню культурнай спадчыны і змаганню за эканамічныя правы. Чэрокі Паўночнай Караліны ўдзельнічалі у грамадзянскім руху за правы цемнаскурых у ЗША.
У 2007 г. была прынята папраўка ў Канстытуцыю нацыі чэрокі[22], згодна якой яе грамадзянамі могуць быць толькі тыя, хто мае продкаў чэрокі. У выніку 2800 чалавек, пераважна нашчадкаў рабоў, былі пазбаўлены грамадзянскіх правоў і прывілегій нацыі чэрокі.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйныя заняткі
[правіць | правіць зыходнік]Асноўнымі заняткамі чэрокі здаўна былі ручное земляробства, паляванне і рыбалоўства. Земляробства адыгрывала значную ролю ў забеспячэнні ежай. Паселішчы чэрокі знаходзіліся ў атачэнні палеткаў. Апрацоўка зямлі і збор ураджая лічыліся жаночай справай. Вырошчвалі кукурузу, бабовыя, сланечнік, гарбузы. Пасля ўсталявання кантактаў з еўрапейцамі — яблыні, вігну, батат, пачалі трымаць свойскую жывёлу[23].
Паляванне было мужчынскім заняткам. У лясной горнай мясцовасці было шмат дзікіх жывёл. Палявалі спецыяльнай зброяй, не прызначанай для вайны, звычайна лукам і стрэламі, а таксама дзідамі[24]. Дзідамі таксама білі рыбу.
Да з’яўлення еўрапейцаў рамяство не вылучылася ў асобны занятак. Чэрокі славіліся керамічнымі вырабамі[25], плеценымі кошыкамі з падвойнымі сценкамі[26], мастацкім разьбярствам[27], пацеркамі[28].
Жытло
[правіць | правіць зыходнік]Чэрокі сяліліся каля водных крыніц на ўзвышшах. Звычайна стала жылі ў вялікіх, добра ўмацаваных вёсках. Каб прайсці ад адной да іншай, трэба было патраціць 1 дзень на шлях[29]. Некаторыя вёскі мелі гісторыю, якая налічвала сотні гадоў. Каля іх месціліся сакральныя цэнтры, накшталт прыродных пячор і штучных стадол. Вёскі мелі круглявую форму. Унутраная планіроўка рознілася, але ўсе складаліся з прыватных хацін, разлічаных на 1 нуклеарную сям’ю, і грамадскіх будынкаў, дзе праводзіліся супольныя зборы[30]. У некаторых выпадках сям’я мела летнюю і зімовую хаціну[31].
Традыцыйная хаціна звычайна будавалася круглявай. Каркас сплятаўся з галін дрэў, а потым тынкаваўся зямлёй. Пасярод жытла мясціўся агмень. Грамадскія і рэлігійныя будынкі паўтаралі форму жылых. Пасля ўсталявання кантактаў з еўрапейцамі, чэрокі часцяком узводзілі дамы ў еўрапейскім стылі. Захаваўся будынак прыватнага плантатара-чэрокі Джозефа Вана, узведзены ў 1804 г.[32] Ён уяўляе сабою тыповую плантатарскую сядзібу, каля якой калісьці мясціліся драўляныя хаціны для неграў-рабоў.
Вопратка
[правіць | правіць зыходнік]Раннія запісы сведчаць пра тое, што чэрокі рабілі вопратку са скур, драўнянай кары і нітак[33]. Знешні выгляд павінен быў адрозніваць іх ад прадстаўнікоў іншых народаў. Гэта дасягалася з дапамогай прычоскі. Мужчыны галілі галаву, пакідалі толькі жмут валасоў на верхавіне. Іх абразалі ў час жалобы.
Вопратка адрознівалася па стылю і часу. Найбольш стандартны народны строй захаваўся з перыяду дарогі слёз[34]. Жаночае адзенне ўключала спадніцу з кавалкаў тканін з кароткімі рукавамі. Наверсе рабілася выемка для таго, каб насіць з сабою малых немаўлят. Мужчынская летняя кашуля таксама шылася з кавалкаў тканін, была шырока распаўсюджана сярод суседніх плямён.
Жаночая і мужчынская вопратка ўпрыгожвалася бяззю і пацеркамі. Выраб пацерак узнік сярод чэрокі толькі пасля кантактаў з англійскімі каланістамі, якія карысталіся алганкінскімі вампумамі. З цягам часу чэрокі здолелі наладзіць вытворчасць сваіх арыгінальных пацерак. Росквіт гэтай вытворчасці адбыўся ў першай палове XIX ст.[35] Чэрокі не апраналі галаўных убораў. Мужчыны ўпрыгожваліся татуіроўкамі, у час вайны — кветкамі.
Кухня
[правіць | правіць зыходнік]Аснову традыцыйнай кухні чэрокі складалі стравы з кукурузы і бабовых. З кукурузы звычайна рабілі маленькія блінцы, а бабовыя смажылі, ужывалі ў супах і рагу. Смажаныя салодкія зярняты кукурузы лічыліся ласункам. Яны сталі правобразам сучаснага амерыканскага папкорна. Шырока ўжывалі дзікарослыя расліны — цыбулю, чарніцы, ажыну, жалуды, каштаны і інш[36]. Пераважна елі мяса, здабытае на паляванні, — аленяў, індыкоў, трусоў. Рыбаловы лавілі рыбу і чарапах. Зранку жанчыны збіралі вакол паселішчаў малюскаў, якіх смажылі, або дадавалі ў рагу. Алкагольны напой — брагу з дзікіх раслін, вядомую сярод каланістаў як «чорнае пітво»[37], — пілі выключна ў рытуальных мэтах.
Да прыходу еўрапейцаў чэрокі трымалі толькі адну свойскую жывёлу — маленькую сабаку. Яе мяса лічылася ядомым. З XVIII ст. з’явіліся і іншыя свойскія жывёлы — каровы, свінні, козы, куры. Чэрокі перанялі вырошчванне дынь, абрыкосаў, батата, арахіса[38], што зрабіла традыцыйныя стравы больш разнастайнымі.
У нашы дні нацыянальнымі стравамі чэрокі лічацца смажаны хлеб, мяса і рыба на грылі, бабовыя ляпёшкі, смажаныя арэхі[39].
Грамадства
[правіць | правіць зыходнік]Супольнасць чэрокі падзялялася на 7 буйных экзагамных матрылінейных родаў. Адлік сваяцтва вёўся толькі па маці. Пошук шлюбнага партнёра ў родзе маці і бацькі забараняўся. Роды складаліся з малых нуклеарных сямей. Пры заключэнні шлюбу мужчыны далучаліся да роду жонкі. Большая частка сямейнай маёмасці таксама належала жонцы. Шлюбы часцяком распадаліся. Пры гэтым мужчына пакідаў сям’ю і зноў далучаўся да роду сваёй маці, дзеці заставаліся з жанчынай[40]. Асаблівую ролю ў іх выхаванні адыгрывалі сваякі маці, асабліва дзядзькі. Становішча жанчыны ў грамадстве было высокім у параўнанні з тагачасным еўрапейскім. Яны ўзначальвалі сямейную гаспадарку, забяспечвалі яе прадуктамі земляробства, займаліся рамёствамі, удзельнічалі ў кіраванні вёскамі і нават у ваенных дзеяннях[41].
Да кантактаў з еўрапейцамі буйныя вёскі чэрокі былі незалежнымі адна ад іншай. Імі кіравалі старэйшыны, як мужчыны, так і жанчыны[42]. Жыхары вёскі складалі асобную абшчыну, якая валодала землямі і паляўнічымі тэрыторыямі. Заўважны ўплыў мелі правадыры — харызматычныя лідары, чыя улада не мела пастаяннага характару і не перадавалася па спадчыне. Да XIX ст. прыватная маёмасць на зямлю не была вядома, аднак у канцы XIX ст. была замацавана заканадаўствам.
У XVIII ст. пад уплывам брытанцаў адбылася першасная цэнтралізацыя грамадства, першапачаткова вакол манархіі правадыра Майтоя з паселішча Тэліка ў Тэнесі. Яна знаходзілася пад пратэктаратам брытанскага манарха. Але пасля смерці Мантоя адзінае дзяржаўнае кіраванне фактычна распалася. У другой палове XVIII ст. адбылося ўзвышэнне асобных правадыроў і метысаў, нашчадкаў сумесных шлюбаў еўрапейцаў і чэрокі. Са з’яўленнем камерцыйных плантацый развіваўся інстытут рабства. Пасля паражэння ад амерыканцаў у час рэвалюцыі чэрокі зноў пачалі інтэграцыю. Яна была замацавана прыняццем агульнай Канстытуцыі 1827 г., якая абвяшчала нацыю чэрокі і рэспубліканскую форму кіравання[43]. Аднак інтэграцыя не была поўнай, паколькі нацыі чэрокі фактычна не падпарадкоўваліся так званыя заходнія чэрокі і частка ўсходніх чэрокі Паўночнай Караліны. Нават у нашы дні яны складаюць дзве асобныя групы, прызнаныя федэральнымі ўладамі ЗША.
Ваенная справа
[правіць | правіць зыходнік]З канца XVII ст., калі пачалася пісьмовая гісторыя чэрокі, яны актыўна ўдзельнічалі ў ваенных канфліктах з іншымі індзейскімі народамі, выступалі на баку брытанцаў у войнах з Францыяй, пазней ваявалі з амерыканскімі пасяленцамі і арміяй ЗША. Чэрокі ўмела ўмацоўвалі свае паселішчы, мелі запасныя каноэ для хуткага перамяшчэння ў ваенных мэтах. Традыцыйная зброя выраблялася з каменю і цвёрдых парод дрэва. Чэрокі карысталіся дзідамі, дроцікамі з атручаным наканечнікам, сякерамі, тамагаўкамі, баявымі молатамі і г. д.[44] З другой паловы XVIII ст. была шырока распаўсюджана агнястрэльная зброя, але традыцыйную зброю шырока выкарыстоўвалі ў рытуальных мэтах.
Кожны дарослы мужчына лічыўся воінам. На чале ваенных атрадаў стаялі правадыры. Яны маглі аб’ядноўвацца і падначальвацца вярхоўнаму ваеннаму правадыру. Правадыр абіраўся па рэкамендацыі старога правадыра, у час рытуала ўзыходжання сведчыў пра тое, што не забіваў жанчын, немаўлят і тых, хто не мог абараніць сябе. У час вайны над вёскай паднімалі чырвоны сцяг. Вайне папярэднічалі зборы воінаў, што суправаджаліся танцамі з лепшай зброяй. Чэрокі вялі ваенныя кампаніі некалькімі эшалонамі. Першую галаўную групу воінаў узначальваў вярхоўны правадыр, другую — яго лепшы намеснік, трэцюю — галоўны аратар правадыра, чацвёртую — ваенны шаман з памагатымі. Апошняя група несла рытуальны агмень. Групы суправаджалі па 4 разведчыкі. У баі чэрокі імкнуліся ўступаць у рукапашную сутычку. Пасля вяртання з вайны воіны перадавалі трафеі сваім жонкам, а потым праходзілі рытуал ачышчэння[45].
Гульні
[правіць | правіць зыходнік]Дзеці чэрокі рыхтаваліся да будучага дарослага жыцця, таму хлопчыкаў прыцягвалі да палявання, а дзяўчат — да працы ў гаспадарцы. Меліся дзіцячыя лялькі[46].
Сярод дарослых былі распаўсюджаны дзве рытуальныя гульні. Першая талудза ўяўляла сабою кіданне шасці кубікаў у кошык, мела рызыкоўны характар і суправаджала рэлігійныя святы. Часцяком мужчыны гулялі супраць жанчын[47].
Другая гульня — форма лакроса, калі кіем перасоўвалі па полю шары[48]. Лічыцца, што гульня магла быць запазычана ў белых перасяленцаў. У XVIII ст. яна была вельмі папулярнай сярод мужчын рознага ўзросту. Шары выраблялі з мармуру, аднак, здаралася, гулялі мушкетамі са свінцовымі шарамі[49].
Фальклор
[правіць | правіць зыходнік]Вусная народная творчасць чэрокі багата на міфы, казкі, легенды, гістарычныя паданні, у якіх дзейнічаюць духі прыроды, гіганты, рагаты цмок Уктэна, вялізарныя драпежныя птушкі тлаівах, добразычлівыя чалавекападобныя духі юнві ўісты і г. д.[50] Адметны след у фальклорнай спадчыне пакінула дарога слёз.
Народная музыка звычайна суправаджалася вакальнымі спевамі. Распаўсюджаныя музычныя інструменты — трубы, флейты, барабаны, ляскоткі, свістулькі, бразготкі з гарбуза. Пад уплывам еўрапейцаў чэрокі ўпадабалі скрыпку і харавыя спевы[51]. У нашы дні сярод чэрокі маюцца прафесійныя оперныя выканаўцы. Старажытныя танцы практычна не захаваліся[52]. У нашы дні фальклорныя танцавальныя групы чэрокі выкарыстоўваюць агульныя традыцыі рытуальных танцаў паўночнаамерыканскіх індзейцаў.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Родная мова чэрокі адносіцца да іракезскай групы моў. Вылучылася як самастойная каля 4000 — 3500 гадоў назад[53].
Першыя запісы слоў на ёй з’явіліся ў XVIII ст. Каля 1821 г. правадыр Секвоя прапанаваў арыгінальнае складовае пісьмо, створанае ім на аснове лацініцы[54][55]. У 1828 г. пачала выдавацца першая газета амерыканскіх індзейцаў «Cherokee Phoenix»[56] на англійскай мове і мове чэрокі.
У 2000 г. у Аклахоме было выяўлена толькі 10 000 чалавек, якія размаўлялі на мове чэрокі[57]. З 2005 г. дзейнічае праграма адраджэння мовы чэрокі[58]. Яна ўключае пашырэнне магчымасцей вывучэння і выкарыстання мовы праз адукацыю, СМІ, сучасныя электронныя прылады.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыйная рэлігія чэрокі спалучае рысы монатэізму і анімізму. Чэрокі шануюць бога-творцу Унетланв’і[59], а таксама шматлікіх духаў, якія ўвасабляюць прыроду або фантастычных казачных істот. Міфалогія падзяляла сусвет на тры часткі, людзі і жывёлы памяшчаліся ў прамежкавы. Забойства жывёл не лічылася вялікім грахом, паколькі душы жывёл могуць адраджацца[60]. Чэрокі верылі ў магію і чараўнікоў. Звычайна чарадзеем была жанчына. Вылучаліся магутныя чарадзейкі і меней уплывовыя злыя чарадзейкі. Ім супрацьстаялі шаманы, асноўны занятак якіх, аднак, абмяжоўваўся лекарскай справай[61]. Арганізацыяй рытуалаў займаюцца старэйшыны і правадыры.
З XVIII ст. сярод чэрокі актыўна распаўсюджвалася хрысціянства, пераважна пратэстантызм. Місіянеры адыгралі значную ролю ў «акультурванні», абаранялі чэрокі ў канфліктах з ЗША. У 1823 г. сярод чэрокі ўзнік пратэстанцкі хіліялістычны рух[62]. У нашы дні многія чэрокі працягваюць прытрымлівацца старажытных вераванняў, аднак хрысціянства аказвае моцны ўплыў на вернікаў. Вылучаюцца некалькі хрысціянскіх кангрэгацый баптыстаў, аднаўленцаў, евангелістаў і інш.[63][64][65][66]
Выдатныя прадстаўнікі
[правіць | правіць зыходнік]Чэрокі вядуць адлік сваяцтва па матчынай лініі, таму далучаюць да сваіх прадстаўнікоў тых, хто мае продкаў сярод жанчын-чэрокі. Сярод іх:
- Секвоя — вынаходнік арыгінальнага пісьма чэрокі
- Кім Бейсінгер — амерыканскі актрыса, лаўрэат прэмій «Оскар» і «Залаты глобус»
- Аарон Норыс — амерыканскі кінаакцёр, прадзюсар, рэжысёр
- Вэл Кілмер — амерыканскі акцёр
- Кевін Костнер — амерыканскі акцёр, кінапрадзюсар, рэжысёр і музыкант
- Барт Рэйнальдс — амерыканскі акцёр і прадзюсар
- Элвіс Прэслі — амерыканскі спявак і акцёр
- Стывен Тайлер — амерыканскі спявак і паэт
- Джымі Хендрыкс — выдатны амерыканскі гітарыст, спявак і кампазітар
- Ціна Цёрнер — амерыканская спявачка, актрыса і танцоўшчыца
- Кармэн Электра — фотамадэль
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ The American Indian and Alaska Native Population: 2010
- ↑ The Moon-Eyed People
- ↑ The Cherokee Origins and Tradition(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 лістапада 2015. Праверана 1 красавіка 2017.
- ↑ Cherokee Origin and Religion
- ↑ William L. Anderson, CHEROKEE: THE EUROPEAN IMPACT ON THE CHEROKEE CULTURE(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 студзеня 2021. Праверана 2 красавіка 2017.
- ↑ CHEROKEE HISTORY TIMELINE
- ↑ William L. Anderson, Traders and Invaders, Assimilators and Destroyers: The Scots and Irish Among the Cherokee
- ↑ Lowell Kirk, MOYTOY, «EMPEROR» OF THE CHEROKEE
- ↑ The Royal Proclamation of 1763
- ↑ The Revolutionary War, Cherokee Defeat, and Additional Land Cessions
- ↑ Treaty of Holston, 1791 Архівавана 6 красавіка 2017.
- ↑ SLAVERY IN THE CHEROKEE NATION
- ↑ Old Federal Road Архівавана 3 ліпеня 2017.
- ↑ Sequoyah and the Cherokee Syllabary Архівавана 6 красавіка 2017.
- ↑ CONSTITUTION OF THE CHEROKEE NATION Архівавана 14 чэрвеня 2016.
- ↑ CLAREMORE MOUND, BATTLE OF
- ↑ Cherokee Indian Cases (1830s)
- ↑ TREATY WITH THE CHEROKEE, 1835 Архівавана 26 красавіка 2008.
- ↑ SLAVE REVOLT OF 1842
- ↑ TREATY WITH THE CHEROKEE, 1866 Архівавана 30 чэрвеня 2010.
- ↑ Sequoyah, the Stillborn State for Native Americans
- ↑ Citizenship Denied: The Latest in the Cherokee Freedmen Saga
- ↑ Cherokee Agriculture
- ↑ Cherokee Hunting Traditions
- ↑ Pottery
- ↑ Basket Weaving
- ↑ Carving
- ↑ Beadwork
- ↑ Cherokee Indians
- ↑ HRISTOPHER B. RODNING, CHEROKEE TOWNHOUSES: ARCHITECTURAL ADAPTATION TO EUROPEAN CONTACT IN THE SOUTHERN APPALACHIANS
- ↑ Cherokee Architecture
- ↑ Cherokee Towns
- ↑ Cherokee clothing
- ↑ Cherokee Clothing Архівавана 6 красавіка 2017.
- ↑ Tsalagi Clothing — Tsalagi Journey
- ↑ Cherokee Food
- ↑ Black drink Архівавана 10 верасня 2016.
- ↑ What Traditional and Modern Food Do the Cherokee Indians Eat?
- ↑ CookBook Архівавана 6 красавіка 2017.
- ↑ The Traditional Cherokee Family
- ↑ Cherokee women(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 лістапада 2016. Праверана 9 красавіка 2017.
- ↑ Cherokee — Sociopolitical Organization
- ↑ CONSTITUTION OF THE CHEROKEE NATION Архівавана 14 чэрвеня 2016.
- ↑ Cherokee Weapons Архівавана 6 красавіка 2017.
- ↑ Cherokee Indians: Weapons, War, and Warfare
- ↑ Cherokee Indians
- ↑ Formal Games in the Cherokee Ritual Cycle
- ↑ Cherokee Games Stickball Marbles
- ↑ Formal Games in the Cherokee Ritual Cycle
- ↑ Native Languages of the Americas: Tsalagi/Cherokee Legends, Myths, and Stories
- ↑ The Evolution of Cherokee Music
- ↑ Cherokees facts, information, pictures
- ↑ The Cherokee Nation and its Language
- ↑ 1821: Sequoyah’s syllabary makes written Cherokee possible
- ↑ The Cherokee language and syllabary(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 ліпеня 2017. Праверана 10 красавіка 2017.
- ↑ Cherokee Phoenix
- ↑ The Cherokee Language Revitalization Project Архівавана 18 мая 2017.
- ↑ Cherokee Language(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 сакавіка 2020. Праверана 10 красавіка 2017.
- ↑ Legendary Native American Figures: Unetlanvhi (Ouga)
- ↑ Cherokee Religion
- ↑ The Traditional Belief System Архівавана 6 красавіка 2017.
- ↑ The Truth About the Trail of Tears and Christianity
- ↑ Cherokee Church of Christ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2017. Праверана 11 красавіка 2017.
- ↑ First Baptist Chruch of Cherokee
- ↑ Cherokee Baptist Church Архівавана 10 верасня 2019.
- ↑ Cherokee Church of the Nazarene Архівавана 9 жніўня 2018.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Anderson, W.A. Cherokee Removal: Before and After / William L. Anderson. — Athens, London: University of Georgia Press, 1992. — ISBN 9780820314822
- Perdue, Th. Cherokee Women: Gender and Culture Change, 1700—1835 / Theda Perdue. — Lincoln, London: U of Nebraska Press, 1998. — ISBN 0803235860
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Чэрокі на Вікісховішчы |
- Нацыя чэрокі
- Чэрокі Паўночнай Караліны
- Усходнія чэрокі Джорджыі Архівавана 21 сакавіка 2017.
- Музей чэрокі
- Дакументальны цэнтр чэрокі
- Сайт газеты чэрокі
- Гісторыя і культура чэрокі
- Чэрокі: Краіны і культуры
- Чэрокі ў энцыклапедыі Паўночнай Караліны
- Чэрокі ў энцыклапедыі гісторыі і культуры Аклахомы
- Міфы чэрокі
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |