Перайсці да зместу

Абхазія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія для друку болей не падтрымліваецца і можа мець памылкі апрацоўкі. Калі ласка, абнавіце закладкі браўзеру і выкарыстоўвайце ўбудаваную функцыю друку браўзеру.

Абха́зія (абх.: Аҧсны [apʰsˈnɨ], груз. აფხაზეთი [ɑpʰxɑˈzɛtʰi]) — рэгіён у паўночна-заходняй частцы паўднёвага схілу Галоўнага Каўказскага хрыбта, на паўночна-ўсходнім узбярэжжы Чорнага мора. Уключае 7 гістарычных абласцей: Малую Абхазію, Бзыпын, Гуму, Абжуа, Самурзакан, Даў-Цабал, Псху-Аібга.

Гісторыя

Aбхазія

З паловы XVI ст. павялічваецца залежнасць Абхазскага княства ад Турцыі, што выявілася ў ісламізацыі значнай колькасці абхазцаў.

Гэтыя працэсы прыводзяць да супраціўленняў мясцовага насельніцтва, якія выражаліся ў антытурэцкіх паўстаннях, найбольш буйныя з якіх праходзілі ў 1725, 1733, 1771 і 1806 гадах. У той самы час, калі Турцыя імкнулася да поўнай асіміляцыі абхазцаў, Расія на сваім баку Каўказскага хрыбта праводзіла дэпартацыі ў Асманскую імперыю абхазаў, абазінаў і чэркесаў.

Аднак, знаходзячыся паміж дзвюма аднолькава варожымі бакамі — расійскім і турэцкім, Абхазскае Княства пасля чарговага антытурэцкага паўстання звярнулася да цара Аляксандра І з просьбай аб пратэктараце. 17 (19) лютага 1810 быў прыняты маніфест імператара аб далучэнні Абхазскага Княства да Расійскай Імперыі. Аднак пасля 54 гадоў знаходжання ў складзе Расіі княства ператварылася ў Сухумскую ваенную акругу, ліквідуючы такім чынам уладу і шырокія паўнамоцтвы мясцовых князёў.

Такі паварот падзей прывёў у 1866 годзе да антырасійскага паўстання, якое было звязана не толькі з ліквідацыяй княства, але і з прымусовым пераводам змусульманеных абхазаў у праваслаўе. Паўстанне было задушана, а неўзабаве пачалася расійска-турэцкая вайна 1877—1878 гг. Па яе заканчэнні абхазы-мусульмане, незадаволеныя палітыкай Расіі, былі змушаны эміграваць у Турцыю, што прывяло да памяншэння колькасці насельніцтва Абхазіі амаль удвая.

У XX ст. да двух асноўных бакоў канфлікту — расійскага і турэцкага — далучаецца трэці — грузінскі. Пасля кароткага часу існавання савецкай улады ў 1918 годзе ў Абхазіі, яе тэрыторыю занялі грузінскія войскі, што прывяло гэтым разам да антыгрузінскага паўстання ў лютым-сакавіку 1921 года. Стварылася асобная адміністрацыйная адзінка — Абхазская ССР, якая, згодна з Саюзным дагаворам паміж Абхазіяй і Грузіяй ад 16 снежня 1921, стварыла з Грузінскай ССР ваенны, палітычны і фінансава-эканамічны саюз. Пасля 10-ці гадоў знаходжання ў складзе гэтага саюза, Абхазія атрымала статус аўтаноміі ў складзе Грузінскай ССР[1].

Грузіна-абхазкая вайна 1992—1993 гадоў

У лютым 1992 года Ваенны Савет Грузіі, які прыйшоў да ўлады ў выніку ўзброенага перавароту, прыняў рашэнне аб адмене Канстытуцыі Грузінскай ССР 1978 года і аб аднаўленні дзеяння Канстытуцыі Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі 1921 года, у якой Абхазія як суб’ект дзяржаўна-прававых зносін не значыцца. Такім чынам, на думку абхазскага кіраўніцтва, аднаўленне Канстытуцыі Грузіі 1921 года аўтаматычна азначала незалежнасць Абхазіі[2].

У гэтай сувязі Вярхоўны Савет Абхазіі 23 ліпеня 1992 года вырашыў узнавіць на тэрыторыі Абхазіі дзеянне Канстытуцыі Абхазіі 1925 года, а таксама прыняць новыя сцяг і герб краіны[2].

14 жніўня 1992 года Грузія пачала ваенную аперацыю супраць Абхазіі, якую абхазскія афіцыйныя ўлады разглядаюць як «агрэсію». Грузінскія войскі перайшлі грузінска-абхазскую мяжу і захапілі частку абхазскай тэрыторыі, суправаджаючы свае дзеянні гвалтам над жыхарамі і знішчэннем гістарычных і культурных каштоўнасцей. Узброеныя фарміраванні Абхазіі пры дапамозе Расіі, розных рэгіёнаў Каўказу[крыніца?] здолелі прыпыніць наступленне грузінскай арміі, а затым поўнасцю яе разбіць і выціснуць з усёй тэрыторыі Абхазіі 30 верасня 1993 года.

З лістапада 1993 г. пры ўдзеле міжнародных пасярэднікаў праходзяць перамовы паміж Грузіяй і Рэспублікай Абхазіяй пра урэгуляванне канфлікта. Аднак напружанасць дагэтуль не спадае, таму што абодва бакі не змяняюць свайго прынцыповага бачання статусу Абхазіі.

Фізіка-геаграфічны агляд

Большую частку Абхазіі займаюць адгор’і Галоўнага Каўказскага хрыбта, размешчаныя ў паўночнай частцы краіны — Гагрскі, Бзыбскі, Абхазскі і Кадорскі хрыбты. Яны складаюць 75 % плошчы краіны. Вышэйшы пункт — гара Дамбай-Ульген (4046 м). Асноўныя перавалы праз Галоўны хрыбет — Клухорскі (2781 м), Марухскі (2739 м) і іншыя. Паўднёвы ўсход Абхазіі займае Калхідская нізіна, якая распасціраецца да Сухума. Паміж нізінай і гарамі размешчаны пояс перадгор’яў. Шырока распаўсюджаныя карстовые з’явы, маецца мноства карставых пячор — Анакапійская (Наваафонская), Варонья, Абрскіла, Крубера-Груганія (найглыбейшая ў свеце карставая пячора, 2080 м) і іншыя.

З карысных выкапняў вылучаюцца каменны вугаль (запасы больш за 5,3 млн.т.), торф, даламіт, мармур, граніт, вапняк, габбро-дыябазы, крэйда, туф, торф, барыт, свінец, разнастайныя будматэрыялы. На шэльфе і ў Ачамчырскім раёне маюцца невялікія запасы нафты, якія ў цяперашні час не распрацоўваюцца.

Клімат Абхазіі абумоўлены яе ўзбярэжным становішчам і наяўнасцю высакагорных хрыбтоў. На ўзбярэжжа клімат вільготны субтрапічны. Сярэднія тэмпературы студзеня на ўзбярэжжа ад +4°С да +7 °C, у гарах ад +2ОС да −2ОC, ліпеня, адпаведна, ад +22ОС да +24ОC і ад +16ОС да +18 °C. У горах выразна выяўленая вышынная пояснасць, што абумоўлівае вялікія адрозненні ў клімаце розных горных мясцовасцей. Субтрапічны клімат у гарах распасціраецца прыблізна да адзнакі ў 400 м. Вечныя снягі ляжаць на вышыні ад 2700-3000 м. Ападкаў выпадае 1300—2400 мм у год. Вільготнасць паветра 70 % і вышэй. Дажджы ў цёплы перыяд выпадаюць багатымі ліўнямі, адразу пасля іх усталёўваецца сонечнае і гарачае надвор’е. Часам надвор'е змяняецца некалькі раз у дзень. Снег на ўзбярэжжы выпадае не кожны год, зіма пачынаецца ў канцы снежня — студзені, а ўжо ў лютым часта заквітаюць алыча і мімоза. У сакавіку, як правіла, наступае разгар вясны. Мяккасць і вільготнасць клімату абумоўленая высокім хрыбтом, якія затуляюць Абхазію ад паўночна-усходніх вятроў, і ўплывам цёплых і вільготных паўднёва-заходніх вятроў.

Агульная даўжыня 120 рэк — больш за 5 тыс.км. У асноўным гэта імклівыя горныя струмені, што з’яўляецца патэнцыялам развіцця малой гадраэнергетыкі (патэнцыйныя гадраэнергетычныя рэсурсы звыш 3,5 млн кВт). Асноўнымі рэкамі з'яўляюцца Псоў (на расійска-абхазскай мяжы), Інгур (на грузіна-абхазскай мяжы), Кадор, Бзыб, Кяласур, Гуміста. Яны бяруць пачатак у горах Вялікага Каўказа і ўпадаюць у Чорнае мора. Жыўленне пераважна дажджавое і снеговое. Па водазабяспечанасці Абхазія займае адно з першых месцаў у свеце: на квадратны кіламетр тэрыторыі прыходзіцца больш за 1,7 млн м³ рачнога сцёку ў год. На рацэ Гега (прыток Бзыбі) размешчаны Гегскі вадаспад вышынёй па розных дадзеных ад 40 да 55 м. Найбольш вядомыя азёры — Рыца (плошча 1,49 км²), Амткел, Блакітнае возера, Інкіт, Бебяісір.

Глебы на нізінах і ў перадгор'ях спалучаюцца балотныя, субтрапічныя падзолістыя (у асноўным на высокіх тэрасах Інгуры, Бзыбі, Кадоры), красназёмныя і жоўтазёмныя глебы, шырока распаўсюджаныя на ніжніх тэрасах рэк Калхідскай нізіны. У гарах да вышыні 1700 м — перагнойна-карбанатныя і бурыя лясныя глебы, вышэй — дзярновыя і дзярнова-травяністыя горана-лугавыя.

Флора Абхазіі ўключае больш 2000 відаў раслін (з іх 149 відаў — дрэвы і хмызнякі, каля 400 — эндэмікі Каўказа, каля 100 — эндемікі Абхазіі). Лясамі пакрыта звыш 55 % плошчы рэспублікі. У прычарнаморскай паласе, найбольш засвоенай пад культурную расліннасць і ў цяснінах сустракаюцца асобныя масівы шыракалістых лясоў (граб, грабіннік, дуб, каштан і інш.) і алешнікаў. На мысе Піцунда захаваўся гай рэліктавай піцундскай хвоі. У гарах пераважаюць букавыя (месцамі з самшытам у другім ярусе), на верхняй частцы схілаў — піхтавыя і яловыя лясы. З 2000 м пачынаюцца субальпійскае крывалессе, альпійскія лугі і скальна-шчабністая расліннасць.

У лясах Абхазіі часта сустракаюцца мядзведзь, дзік, рысь, алень высакародны, казуля, тур. У гарах — сарна, каўказскі цецярук, на нізінах можна сустрэць шакалаў. У рэках і азёрах Абхазіі водзіцца фарэль, ласось, сазан, судак і інш. На тэрыторыі Абхазіі размешчаныя Рыцынскі, Гумісцкі, Піцундскі запаведнікі.

Зноскі

  1. Уладзімір Міхневіч. Абхазія — рэгіён канфліктаў// Польскае радыё для замежжа. 13 верасня 2008
  2. а б http://www.abhazia.com/book23-111.html Архівавана 4 красавіка 2018.

Спасылкі

pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy