У гэтай старонкі няма правераных версій, хутчэй за ўсё, яе якасць не ацэньвалася на адпаведнасць стандартам.

Раскаянне — складанае пачуццё, эмоцыя, якую адчувае чалавек праз шкадаванне пра свае мінулыя дзеянні, успрыманыя ім як ганебныя, крыўдныя ці няправільныя. Раскаянне цесна звязана з пачуццём віны. Дзеянне, якое вядзе да раскаяння, называецца каяннем.

«Алегорыя ганарыстасці і раскаяння»
(1616), Карнеліс ван Харлем, Страсбургскі музей.
«Раскаянне Орэста»
(1862), Адольф-Вільям Бугеро.

У сучасным разуменні раскаянне звычайна мае на ўвазе імкненне да асобасных змен і рашучасць весці больш адказнае і чалавечнае жыццё. У многіх грамадствах здольнасць да раскаяння шануецца як прыкмета сталасці і здольнасці да самааналізу. Людзі могуць выказваць раскаянне, просячы прабачэння, спрабуючы пакрыць прычыненую шкоду або караючы сябе, а праява раскаяння можа быць выклікана як шчырым шкадаваннем пра ўчыненае, так і эгаістычным жаданнем пазбегнуць негатыўных наступстваў.

Практыка раскаяння адыгрывае фундаментальнае значэнне ў сатэрыялагічных дактрынах іўдаізму, хрысціянства і ісламу. Падобныя практыкі існуюць і ў шмат якіх іншых сусветных рэлігіях. У рэлігійным кантэксце раскаянне больш вядома як пакаянне і часта ўключае споведзь напрамую перад Богам ці пасрэдніцка праз духавенства (напр., манах або святар). Гэтая споведзь можа ўключаць прызнанне віны, абяцанне або намер не паўтараць памылкі ці ліхадзействы, спробу пакрыць шкоду або якім-небудзь чынам выправіць негатыўныя наступствы здзейсненага, калі гэта магчыма.

У псіхалогіі з’ява раскаяння ўключаецца ў паняцце метаноі. З псіхалагічнага пункта гледжання, раскаянне выконвае задачу рэгулятара паводзін, дапамагаючы чалавеку вучыцца на сваіх памылках і не паўтараць іх у будучыні. На схільнасць да раскаяння ўплывае шэраг чыннікаў, у тым ліку асобасная спецыфіка, сацыяльны кантэкст і цяжар правіны. У чалавека, няздольнага адчуваць раскаянне, часта дыягнастуюць антысацыяльны разлад асобы, апісаны ў Амерыканскім кіраўніцтве па псіхічным разладам (DSM IV-TR).

У аўраамічных рэлігіях

правіць
 
Каянне ў карціне «Вяртанне блуднага сына», Рэмбрант.

Іўдаізм

правіць

У іўдаізме раскаянне (іўр.: תשובה [тшува́] або [тэшува́], літаральна «вяртанне») з’яўляецца адным са шляхоў адкуплення грахоў. Іўдаізм прызнае, што ўсе людзі час ад часу грашаць, але выправіць гэта можна пакаяўшыся за мінулыя грахі і ўнікаючы іхняе паўтарэнне надалей. Такім чынам, галоўная мэта раскаяння ў іўдаізме — этычнае самаўдасканаленне[1].

Раскаяны яўрэй традыцыйна вядомы як бааль-тэшува́ (בעל תשובה; «майстар пакаяння» або, даслоўна, «майстар вяртання»; жанчына — בעלת תשובה баалат-тэшува́; мноства — בעלי תשובה баалей-тэшува́). Існуе таксама больш сучасны тэрмін — хозер-бетшува (חוזר בתשובה; «той, хто вяртаецца ў раскаянні»). Паводле Галахі (яўрэйскаму збору законаў), «там, дзе стаяць баалей-тэшува, не стаяць нават дасканалыя праведнікі»[2]. Гэта падкрэслівае высокую каштоўнасць раскаяння ў іўдаізме.

Найважнейшым святам іўдаізму лічыцца Ём-Кіпур — дзень посту, пакаяння і адпушчэння грахоў. Адзначаецца ў дзясяты дзень месяца тышрэй, завяршаючы Дзесяць дзён пакаяння. Згодна з Талмудам, у гэты дзень Бог заканчвае выносіць свой вердыкт, пачаты ў Рош ха-Шана, ацэньваючы дзейнасць чалавека за ўвесь мінулы год.

Хрысціянства

правіць

У хрысціянстве раскаянне з’яўляецца адным з этапаў духоўнага выратавання. Аднак, парадак і паслядоўнасць гэтага этапу ў адносінах да веры (так званы «парадак выратавання»; лац.: ordo salutis) з’яўляюцца прадметам багаслоўскіх спрэчак. Некаторыя напрамкі лічаць, што раскаянне папярэднічае веры, у той час як рэфармацкая традыцыя настойвае, што яно ідзе за ёй[3]. У каталіцкім багаслоўі раскаянне ўваходзіць у шырэйшую канцэпцыю «сапраўднага пакаяння» — кантрыцыі[4].

У ісламе таўба (араб. توبة‎‎) азначае пакаянне перад Богам за любыя ўчыненыя грахі і парушэнні. Гэта асабістыя адносіны паміж чалавекам і Богам, без пасрэднікаў. У ісламе няма паняцця першароднага граху[5][6][7]. Таўба — гэта акт адмовы ад таго, што забаронена Богам, і вяртанне да таго, што Ён загадаў. Слова мае на ўвазе шкадаванне пра ўчыненыя ліхадзействы, іхняе адкупленне і цвёрды намер адмовіцца ад іх надалей (шкадаванне, выпраўленне і пакаянне). Калі грэх учынены супраць іншага чалавека, то патрабуецца пакрыццё шкоды[8].

Падчас ісламскага свята Ід аль-Фітр (або Ураза-Байрам) прынята раздаваць ахвяраванні бедным, дарыць падарункі і прасіць адзін у аднаго прабачэння.

У дхармічных рэлігіях

правіць

Індуізм

правіць

Індуісцкія дхармашастры і веды прапаведуюць самарэфлексію, пашчатапа (санскр.: पश्चात्ताप; «раскаянне») і праяшчыта[en] (प्रायश्चित्त; «адкупленне»). Такія гісторыі, як прытча пра грэшнага брахмана Аджамілу, распавядаюць пра прабачэнне з ласкі Бога нават самых заўзятых грэшнікаў.

Будызм

правіць

Гаўтама Буда лічыў сорам за ўчыненае зло і страх перад наступствамі злачынстваў найважнейшымі засцерагальнікамі ад падзення на благі шлях і надзвычай карысныя на шляху ачышчэння. Ён таксама надаваў вялікае значэнне рэгулярнай практыцы самааналізу або мудрага асэнсавання ўласных дзеянняў у адносінах да іншых людзей і ў цэлым. Менавіта пераасэнсаванне ляжыць у аснове будыйскага раскаяння, што збліжае яго з антычным грэчаскім уяўленнем метаноі (стар.-грэч.: μετάνοια), перакладаемае як «змена розуму».

У будызме Махаяны адным з самых распаўсюджаных вершаў для разважання і раскаяння з’яўляецца «Пакаянны верш Самантабхадры» з 40-й главы «Сутры кветкавай гірлянды»[9].

Згадка пра важнасць пакаяння сярод настаўленняў Буды ў «Сутры найвышэйшай аховы[en]» са зборніка палійскага канону «Сута-пітака»:

Раскаянне і цнота, увага да Высакародных Ісцін, чыстая любоў да несмяротнага, — вось найвышэйшая ахова.

З «Сутры брахмана Касібхарадваджы»:

Вера ёсць семя, раскаянне — дождж, мудрасць — мой плуг і маё ярмо, пакора — дышаль майго плуга, розум — гужы, глыбокае разважанне — мой сашнік.

У гавайскай культуры

правіць

На Гавайскіх астравах спрадвеку існуе асаблівы звычай прымірэння і прабачэння, званы hoʻoponopono («выпраўленне»), і звычайна суправаджаны малітвай, найчасцей супольнай. Тоесныя традыцыі ў дакаланіяльныя часы таксама існавалі на астравах усёй паўднёвай частцы Ціхага акіяна, уключаючы Самоа, Таіці і Новую Зеландыю.

Гэты звычай з’яўляецца часткай гавайскіх гаючых рытуалаў. Гавайцы вераць, што правіны чалавека («hara» або «hala») выклікаюць хваробы. Некаторыя мяркуюць, што правіны злуюць багоў, іншыя лічаць, што яны прыцягваюць злосных духаў, а трэція — што чалавека робіць хворым яго віна. Таксама гавайцы і жыхары астравоў Кука вераць, што грахі бацькі адаб’юцца на яго дзецях, а раўнавагу можна аднавіць толькі вялікім раскаяннем і выбачэннямі.

Псіхапаталогія

правіць

Псіхапаты найболей вядомыя сваёй абуральнай грэбаваннем да грамадскіх і маральных асноў. Асабістыя адносіны, уласціва псіхапатам, адрозніваюцца гвалтам, эксплуатацыяй і распустай. Псіхапаты няздольныя адчуваць віну ці спачуванне, ненармальна рэагуюць на страх і боль; іншыя эмоцыі таксама павярхоўны ў параўнанні з папуляцыйнымі нормамі[10]. На іх не ўплываюць такія эмоцыі як віна, раскаянне або страх адплаты, якія стрымліваюць іншых людзей[10].

Прафесар нейрабіялогіі Джын Дэсеці[en] правяраў рэакцыю псіхапатаў на прагляд кароткіх відэаролікаў прычынення болю людзям. Ва ўдзельнікаў групы з высокай псіхапатыяй назіралася значна меншая актывацыя ў вентрамедыяльнай перадлобнай кары, міндалепадобным целе і каляводаправодных шэрых частках мозгу, але вялікая актыўнасць у паласатым целе і астраўку ў параўнанні з кантрольнымі ўдзельнікамі[11].

Юрыдычны аспект

правіць

У юрыдычным кантэксце раскаянне правапарушальніка ацэньваецца заходнімі сістэмамі правасуддзя пры вынясенні прыгавору, слуханняў пра умоўна-датэрміновае вызваленне[12].

У дзеючым КК Рэспублікі Беларусь выкарыстоўваецца паняцце «дзейнае раскаянне»; галоўным чынам яно тычыцца асоб, якія ўпершыню ўчынілі менш цяжкае злачынства альбо злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі.

Крыніцы

правіць
  1. Telushkin, Joseph. A Code of Jewish Ethics: Volume 1 — You Shall Be Holy. New York: Bell Tower, 2006. p. 152—173.
  2. Koren Talmud Bavli: Berakhot / Tzvi Hersh Weinreb. — Koren Publishers Jerusalem, 2012. Гл. каментар Адына Эвана-Ісраэля Штайнзальца (Adin Evan-Israel Steinsaltz) на стар. 230.

  3. Bruce Demarest, The Cross and Salvation: The Doctrine of Salvation (Wheaton: Crossway, 1997): 38-39.
  4. Demarest, The Cross and Salvation, 37.
  5. Tawbah - Oxford Islamic Studies Online (англ.)(недаступная спасылка). www.oxfordislamicstudies.com. — «See Repentance»  Архівавана з першакрыніцы August 25, 2018. Праверана 25 жніўня 2018.
  6. Repentance - Oxford Islamic Studies Online (англ.)(недаступная спасылка). www.oxfordislamicstudies.com. Архівавана з першакрыніцы March 25, 2013. Праверана 25 жніўня 2018.
  7. "Islam | religion". Encyclopedia Britannica(англ.). Праверана 2018-08-25.
  8. D. Beaulieu, Peter (2012). Beyond Secularism and Jihad?: A Triangular Inquiry Into the Mosque, the Manger, and Modernity. University Press of America. p. 88. ISBN 978-0-7618-5837-9.
  9. City of 10,000 Buddhas - Sutra Texts - The Avatamsaka Sutra 40. Cttbusa.org. Праверана 15 August 2018.
  10. а б Maibom, Heidi The Mindreader and the Scientist(англ.) // Mind & Language : academic journal. — Wiley-Blackwell, 2003. — June — В. 3. — Т. 18. — С. 296–315. — ISSN 0268-1064. — DOI:10.1111/1468-0017.00229
  11. Decety, Jean; Skelly, Laurie R.; Kiehl, Kent A. Brain response to empathy-eliciting scenarios involving pain in incarcerated individuals with psychopathy(англ.) // JAMA Psychiatry : academic journal. — American Medical Association, 2013. — June — В. 6. — Т. 70. — С. 638–45. — ISSN 2168-622X. — DOI:10.1001/jamapsychiatry.2013.27PMID 23615636.
  12. Remorse, Cooperation, and “Acceptance of Responsibility”: The Structure, Implementation, and Reform of Section 3E1.1 of the Federal Sentencing Guidelines, Архівавана з арыгінала 18 снежня 2013, Праверана 29 чэрвеня 2024

Літаратура

правіць
  • Lawrence Howells. Understanding Your 7 Emotions: CBT for Everyday Emotions and Common Mental Health Problems. — London: Routledge, 2021. — 250 с. — ISBN 9781003138112.

Спасылкі

правіць
pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy