Перайсьці да зьместу

Архіў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (2012 г.)

Архіў (грэц. άρχεϊον) — установа або структурнае падразьдзяленьне арганізацыі, якая ажыцьцяўляе захоўваньне, камплектаваньне, улік і выкарыстаньне архіўных дакумэнтаў.

Як збор крыніц, архіў служыць для навуковых дасьледаваньняў, практычных патрэбаў гаспадаркі і дзяржаўнага кіраваньня[1].

Сховішча Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (2016 г.)

Архівы існуюць са Старажытнасьці ў сувязі з вынаходзтвам пісьменства. У Міжрэччы (цяпер Ірак) і Анатоліі (цяпер Турэччына) археалягічныя раскопкі выявілі ў палацах валадароў, іх намесьнікаў, прыватных асобаў і храмах архівы адміністратыўна-гаспадарчых запісаў на гліняных таблічках. Таксама знайшлі дыпляматычныя сховішчы эгіпецкіх фараонаў. Прыстасаваныя для захоўваньня пастановаў архівы існавалі ў Старажытных Грэцыі і Рыме. У 12—13 стагодзьдзях у Францыі, Гішпаніі і Ангельшчыне ўзьніклі каронныя архівы пры дварах валадароў. Значную частку крыніц у Сярэднявеччы захоўвалі цэрквы. З 16-га стагодзьдзя дзяржаўныя ўстановы займелі ўласныя архівы. У выніку калянізаваньня эўрапейцамі іншых частак сьвету ўзьніклі каляніяльныя архівы (Галоўны архіў Індыі ў Гішпаніі). З 19-га стагодзьдзя архівы зрабілі даступнымі дасьледнікам і склалася міжнародная архіўная супраца. У 1950 годзе на 1-м Міжнародным зьезьдзе архіваў зацьвердзілі статут Міжнароднай рады архіваў. На 1994 год зь ёй супрацоўнічалі архівісты каля 120 краінаў і выдаваўся міжнародны часопіс «Архівум» (лац. Archivum). На 1996 год найбольшымі архівамі замежжа былі: Нацыянальныя архівы Францыі ў Парыжы, заснаваныя ў 1794 годзе; Публічны архіў Вялікабрытаніі ў Лёндане, заснаваны ў 1838 годзе; Нацыянальныя архівы ЗША ў Вашынгтоне, створаны ў 1934 годзе; Саюзны архіў Нямеччыны ў Кобленцы (зямля Райнлянд-Пфальц), заснаваны ў 1952 годзе; Архіў новых актаў Польшчы ў Варшаве, створаны ў 1930 годзе, і Галоўны архіў старажытных актаў Польшчы ў Варшаве, заснаваны ў 1867 годзе; Дзяржаўны архіў Расейскай Фэдэрацыі і Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў[1].

Першыя ў Беларусі архівы стварылі пры княжацкіх замках, манастырах і цэрквах. Пры канцылярыі вялікага князя літоўскага працавала Мэтрыка Вялікага Княства Літоўскага. Свае архівы мелі гаспадарскія аканоміі і месты, магнаты (Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы), шляхта і заможныя мяшчане. З 1850-х гадоў дакумэнты ВКЛ зьберагалі ў Віленскім і Віцебскім цэнтральных архівах старажытных актаў. З 1872 году ў Менску існаваў архіў скасаваных судовых месцаў Менскай губэрні. 4 жніўня 1922 году старшыня Прэзыдыюму Цэнтральнага выканаўчага камітэту БССР Зьміцер Жылуновіч падпісаў Пастанову «Аб архіве», паводле якой стварылі Цэнтральны архіў БССР для кіраваньня архіўнай справай. У 1924 і 1927 гадах у Менску правялі Ўсебеларускія канфэрэнцыі архіўных работнікаў. У 1926 годзе ў Менску адбыўся 1-ы зьезд дасьледнікаў беларускай археалёгіі і археаграфіі. У 1938—1960 гадах архівы ўваходзілі ў Народны камісарыят унутраных справаў БССР (з 1946 г. Міністэрства ўнутраных справаў БССР). Пазьней навуковае і мэтадычнае кіраваньне архівамі ажыцьцяўляла Галоўнае архіўнае кіраўніцтва пры Савеце міністраў БССР, якое ў 1992 годзе пераўтварылі ў Камітэт па архівах і справаводзтве Рэспублікі Беларусь. У 1994 годзе зацьвердзілі Закон «Аб нацыянальным архіўным фондзе і архівах у Рэспубліцы Беларусь». На 1995 годы ў Беларусі працавала 6 галоўных дзяржаўных архіваў: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальныя гістарычныя архівы Рэспублікі Беларусь у Менску і Горадні, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакумэнтаў (Койданаў, Менская вобласьць), Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва і Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі. Абласныя архівы і іх аддзяленьні захоўвалі дакумэнты мясцовых установаў, прадпрыемстваў і калгаспаў (Дзяржаўны архіў Берасьцейскай вобласьці). Існуюць таксама архівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Камітэта дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь. Рукапісы і гістарычныя дакумэнты таксама захоўваюццца ў бібліятэках, музэях і навуковых установах. За мяжой буйныя зборы дакумэнтаў па гісторыі Беларусі знаходзяцца ў Польшчы, Расеі, Летуве, Украіне, Нямеччыне, Швэцыі і ЗША[1].

На 1 чэрвеня 2012 году ў дзяржаўных архівах Беларусі налічвалася 50 145 фондаў, 12 295 267 папяровых дакумэнтаў (97,5% усіх дакумэнтаў), 37 733 кінадакумэнтаў; 258 134 фотадакумэнтаў, 15 602 фонадакумэнтаў, 2193 відэадакументаў, 13 электронных фондаў, 502 электронных дакумэнтаў і 569 музэйных прадметаў. За 2011 год на пастаяннае захаваньне ў дзяржаўныя архівы краіны прынялі звыш 100 000 дакумэнтаў. Найбольш старажытнымі былі арыгінальныя пэргамэнтныя граматы 14-га стагодзьдзя, у тым ліку «Пацьвярджальны прывілей князёў Фёдара і Канстанціна Карыятавічаў пану Грынько на горад Сакалец. За верную службу» ад 20 чэрвеня 1391 году[2].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy