Рэнэ Дэкарт
Рэнэ Дэкарт | |
па-француску: René Descartes | |
Дата нараджэньня | 31 сакавіка 1596[1][2][3][…] |
---|---|
Месца нараджэньня | Лае, Францыя |
Дата сьмерці | 11 лютага 1650[1][2][3][…] (53 гады) |
Месца сьмерці | Стакгольм, Швэцыя |
Прычына сьмерці | пнэўманія[3] |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | філёзаф, матэматык, музыказнаўца, фізык, астраном, тэарэтык музыкі, аўтар перапіскі, стваральнік аўтаматаў, вайсковец, пісьменьнік |
Навуковая сфэра | мэтафізыка, эпістэмалёгія, матэматыка |
Вядомы як | стваральнік дэкартавай сыстэмы каардынат, картазіанскага дуалізму, новаэўрапейскай філязофіі |
Сябра ў | Француская акадэмія навук |
Навуковы кіраўнік | Ісаак Бэекман[d][5] і Якабус Голіюс[d][5] |
Вучні | Бэнэдыкт Сьпіноза, Джон Лок, Нікаля Мальбранш, Готфрыд Ляйбніц, Імануіл Кант |
Бацька | Жаакім Дэкарт[d] |
Маці | Camilo Davies Leimdorfer[d][6] |
Дзеці | Франсін Дэкарт[d] |
Подпіс | |
Рэнэ́ Дэка́рт (па-француску: René Descartes; па-лацінску: Renatus Cartesius; 31 сакавіка 1596, Лае, Францыя — 11 лютага 1650, Стакгольм, Швэцыя) — францускі філёзаф, матэматык і фізык, славуты перадусім дзякуючы стварэньню сыстэмы каардынат. Прыхільнік аналітычнага мэтаду ў матэматыцы, мэтаду радыкальнага сумневу ў філязофіі, мэханіцызму ў фізыцы.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэкарт паходзіў са старажытнага, але зьбяднелага шляхетнага роду й быў трэцім малодшым сынам у сям’і. Ён нарадзіўся 31 сакавіка 1596 году ў горадзе Лае, які цяпер носіць прозьвішча навукоўца, у Францыі. Ягоная маці памерла, калі яму быў толькі год. Бацька Дэкарта быў судзьдзём у горадзе Рэн і ў Лае зьяўляўся вельмі рэдка, таму выхаваньнем хлопчыка займалася бабуля па маці. У дзяцінстве Рэнэ адрозьніваўся кволым здароўем і неверагоднай дапытлівасьцю. Пачатковую адукацыю Дэкарт атрымаў у езуіцкім калегіюме Ля Флеш, дзе пазнаёміўся з Марэнам Мэрсэнам, які пазьней стаў сьвятаром, будучым каардынатарам навуковага жыцьця Францыі. Рэлігійная адукацая, як ні дзіўна, толькі ўмацавала ў маладым Дэкарце скептычны недавер да тагачасных філязофскіх аўтарытэтаў. Пазьней ён сфармуляваў свой мэтад пазнаньня: дэдуктыўныя (матэматычныя) развагі над вынікамі атрыманых досьведаў.
У 1612 годзе Дэкарт скончыў калегіюм, некаторы час вывучаў права ў Пуат'е, затым зьехаў у Парыж, дзе некалькі гадоў чаргаваў паўсядзённае жыцьцё з матэматычнымі дасьледаваньнямі. Затым ён паступіў на вайсковую службу ў 1617 годзе — спачатку ў рэвалюцыйную Галяндыю, якая ў тыя гады была хаўрусьнікам Францыі, а затым у Нямеччыну, дзе ўдзельнічаў у нядоўгай бітве за Прагу падчас Трыццацігадовай вайны. Некалькі гадоў Дэкарт правёў у Парыжы, аддаючыся навуковай працы. Акрамя іншага, ён адкрыў прынцып віртуальных хуткасьцяў, які ў той час ніхто яшчэ ня быў гатовы ацаніць па вартасьці. Затым яшчэ некалькі гадоў удзельнічаў у вайне. Па вяртаньні ў Францыю аказалася, што ягонае вольнадумства стала вядома езуітам, і тыя абвінавацілі яго ў ерасі. Таму Дэкарт у 1628 годзе зьехаў у Нідэрлянды, дзе правёў 20 гадоў. Ён вёў шырокую перапіску зь лепшымі навукоўцамі Эўропы, дзякуючы сябру Мэрсэну, а таксама вывучаў самыя розныя навукі ад мэдыцыны да мэтэаралёгіі. Нарэшце, у 1634 годзе ён скончыў сваю першую кнігу пад назвай «Сьвет» (Le Monde), якая складалася зь дзьвюх частак: «Трактат пра сьвятло» й «Трактат пра чалавека». Але момант для выданьня быў няўдалым, бо годам раней інквізыцыя ледзь не замучыла Галілео Галілея. Таму Дэкарт вырашыў пры жыцьці не друкаваць гэтую працу.
Неўзабаве, аднак, адна за адной, зьяўляюцца іншыя кнігі Дэкарта:
- «Развага пра мэтад…» (1637)
- «Роздум пра першую філязофію…» (1641)
- «Пачатак філязофіі» (1644)
Кардынал Рышэльё добразычліва паставіўся да працаў Дэкарта й дазволіў іхняе выданьне ў Францыі, аднак вось пратэстанцкія тэолягі Нідэрляндаў наклалі на іх праклён у 1642 годзе, і без падтрымкі прынца Аранскага навукоўцу прыйшлося б нялёгка. У 1635 годзе ў Дэкарта нарадзілася незаконная дачка Франсіна ад служанкі. Пражыла яна ўсяго 5 гадоў, бо памерла ад шкарлятыны, і сьмерць дачкі Дэкарт расцаніў як найвялікшае гора ў сваім жыцьці.
У 1649 годзе Дэкарт, змучаны шматгадовым цкаваньнем за вальнадумства, паддаўся ўгаворам швэдзкай каралевы Крыстыны, зь якой шмат гадоў актыўна перапісваўся, і пераехаў у Стакгольм. Амаль адразу пасьля пераезду ён сур'ёзна прастудзіўся й неўзабаве памёр. Меркаванай прычынай сьмерці зьявілася пнэўманія. Існуе таксама гіпотэза аб ягоным атручваньні, паколькі сымптомы хваробы Дэкарта падобныя з сымптомамі пры вострым атручэньні мыш'яком. Гэтую гіпотэзу высунуў Айкі Піз, нямецкі навуковец[7], а затым падтрымаў Тэадор Эбэрт[8][9]. Падставай для атручваньня, па гэтай вэрсіі, паслужыла асьцярога каталіцкіх агентаў, што вальнадумства Дэкарта можа перашкодзіць іхным высілкам па звароту каралевы Крыстыны ў каталіцтва, які сапраўды адбыўся пазьней у 1654 годзе. У канцы жыцьця Дэкарта стаўленьне царквы да ягонага вучэньня стала рэзка варожым. Неўзабаве пасьля ягонай сьмерці асноўныя працы Дэкарта былі ўнесены ў вядомы «Індэкс забароненых кнігаў», а Людовік XIV спэцыяльнай пастановай забараніў выкладаньне філязофіі Дэкарта («картэзіянства») ува ўсіх навучальных установах Францыі. Праз 17 гадоў пасьля сьмерці навукоўца ягоныя астанкі былі перавезены ў Парыж, дзе пазьней ён быў пахаваны ў Пантэоне. У 1819 годзе шматпакутны прах Дэкарта быў ізноў патурбаваны, і цяпер спачывае ў царкве Сэн-Жэрмэн дэ Прэ. У гонар навукоўца названы кратэр на Месяцы.
Навуковая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Матэматыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1637 годзе выйшла ў сьвет галоўная матэматычная праца Дэкарта «Развага пра мэтад». У гэтай кнізе выкладалася аналітычная геамэтрыя, а ў прыкладаньнях — шматлікія вынікі ў альгебры, геамэтрыі, оптыцы (у тым ліку — слушная фармулёўка закона праламленьня сьвятла) і многае іншае. Асобна варта адзначыць перапрацаваную ім матэматычную сымболіку Віета, якая ёсьць больш бліжэйшай да сучаснай. Каэфіцыенты ён абазначаў лацінскімі літарамі a, b, c ..., а невядомыя празь літары x, y, z. Натуральны паказчык ступені прыняў сучасны выгляд (дробавыя й адмоўныя зацьвердзіліся дзякуючы Ньютану). Зьявілася рыса над падкорневым выразам. Раўнаньні прыводзіліся да кананічнай формы, дзе ў правай частцы стаіць нуль. Сымбалічную альгебру Дэкарт называў «Усеагульнай матэматыкай», і пісаў, што яна павінна растлумачыць «усё, што адносіцца да парадку й меры».
Стварэньне аналітычнай геамэтрыі дазволіла перавесьці дасьледаваньне геамэтрычных уласьцівасьцяў крывых і целаў на альгебраічную мову, гэта значыць аналізаваць раўнаньне крывой у некаторай сыстэме каардынат. Гэты пераклад меў толькі адзіны недахоп, што цяпер трэба было акуратна вызначаць сапраўдныя геамэтрычныя ўласьцівасьці, якія не будуць залежыць ад сыстэмы каардынат (інварыянтаў). Аднак вартасьці новага мэтаду былі выключна вялікімі, і Дэкарт прадэманстраваў іх у той жа кнізе, адкрыўшы мноства палажэньняў, невядомых старажытным і сучасным яму матэматыкам.
У дадатку «Геамэтрыя» былі дадзены мэтады вырашэньня альгебраічных раўнаньняў (у тым ліку геамэтрычных і мэханічных), клясыфікацыя альгебраічных крывых. Новы спосаб заданьня крывой — з дапамогай раўнаньняў — быў вырашальным крокам да панятка функцыі. Дэкарт сфармуляваў дакладнае «правіла знакаў» для вызначэньня колькасьці станоўчых каранёў раўнаньня, хоць і не даказаўшы яго. Дэкарт, акрамя таго, дасьледаваў альгебраічныя функцыі (мнагасклады), а таксама шэраг «мэханічных» фунцыяў, як то сьпіралі, цыклёйды. Для трансцэндэнтных функцыяў, на думку Дэкарта, агульнага мэтаду дасьледаваньня не існуе.
Камплексныя лікі яшчэ не разглядаліся Дэкартам на роўных правах з станоўчымі, аднак ён сфармуляваў, аднак не даказаў, асноўную тэарэму альгебры: агульная колькасьць рэчаісных і камплексных каранёў раўнаньня роўная ягонай ступені. Адмоўныя карані Дэкарт па традыцыі назваў ілжывымі, аднак аб’яднаў іх са станоўчымі сапраўднымі лікамі, адлучаючы ад уяўных (камплексных). Гэты тэрмін увайшоў у матэматыку. Зрэшты, Дэкарт праявіў некаторую непасьлядоўнасьць: каэфіцыенты a, b, c ... у яго лічыліся станоўчымі, а выпадак невядомага знака спэцыяльна адзначаўся шматкроп’ем зьлева.
Усе неадмоўныя рэчаісныя лікі, не выключаючы ірацыянальныя, разглядаліся Дэкартам як раўнапраўныя; яны вызначаюцца як адносіны даўжыні некаторага адрэзка да эталёну даўжыні. Пазьней аналягічнае вызначэньне ліку прынялі Ньютан і Ойлер. Дэкарт пакуль яшчэ не аддзяляў альгебру ад геамэтрыі, аднак і зьмяніў іхныя прыярытэты; рашэньне раўнаньня ён разумеў як пабудову адрэзка з даўжынёй, роўнай кораню раўнаньня. Гэты анахранізм быў неўзабаве адкінуты ягонымі пасьлядоўнікамі, перш за ўсё — ангельскімі, для якіх геамэтрычныя пабудовы ёсьць толькі дапаможны прыём.
Кніга «Мэтад» адразу зрабіла Дэкарта прызнаным аўтарытэтам у матэматыцы й оптыцы. Характэрна, што выдадзеная яна была на францускай, а не на лацінскай мове. Дадатак «Геамэтрыя» быў, аднак, тут жа перакладзены на лацінскую мову й неаднаразова выдаваўся асобна, разрастаючыся каментарамі, і стаўшы, у рэшце рэшт, настольнай кнігай эўрапейскіх навукоўцаў. Працы матэматыкаў другой паловы XVII стагодзьдзя адлюстроўваюць наймоцны ўплыў Дэкарта.
Мэханіка й фізыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фізычныя дасьледаваньні Дэкарта ставяцца галоўным чынам да мэханіцы, оптыцы й агульнай будынове Сусьвету. Фізыка Дэкарта, у адрозьненьне ад ягонай мэтафізыцы, была матэрыялістычнай: Сусьвет цалкам запоўнены матэрыяй, якая рухаецца, і ў сваіх праявах самадастатковая. Непадзельных атамаў і пустэчаў Дэкарт не прызнаваў і ў сваіх працах рэзка крытыкаваў атамістаў, як антычных, гэтак і сучасных да яго. Акрамя звычайнай матэрыі, Дэкарт вылучыў шырокую клясу нябачных тонкіх матэрыяў, з дапамогай якіх спрабаваў растлумачыць дзеяньне цеплыні, прыцягненьня, электрычнасьці й магнэтызму.
Асноўнымі відамі руху Дэкарт лічыў рух па інэрцыі, які сфармуляваў у 1644 годзе, што пазьней таксама зрабіў Ньютан, і матэрыяльныя віхуры, якія ўзьнікаюць пры ўзаемадзеяньні адной матэрыі зь іншай[10]. Узаемадзеяньне ён разглядаў як мэханічную праяву, як сутыкненьне. Дэкарт ўвёў панятак колькасьці руху, сфармуляваў у 1664 годзе у нестрогой фармулёўцы закон захаваньня руху (колькасьці руху), аднак тлумачыў яго недакладна, не ўлічваючы, што колькасьць руху зьяўляецца вэктарнай велічынёй.
У 1637 годзе выйшла ў сьвет «Дыёптрыка», дзе ўтрымліваліся законы распаўсюджваньня сьвятла, адбіцьця й прыламленьня, ідэя этэру як пераносчыка сьвятла, тлумачэньне вясёлкі. Дэкарт першы матэматычна вывеў закон прыламленьня сьвятла на мяжы двух розных асяродзьдзяў. Дакладная фармулёўка гэтага закона дазволіла ўдасканаліць аптычныя прыборы, якія тады сталі гуляць велізарную ролю ў астраноміі й навігацыі, а празь нейкі час і ў мікраскапіі. Акрамя таго, дэкарт дасьледаваў законы ўдару. Выказаў здагадку, што атмасфэрны ціск з павелічэньнем вышыні памяншаецца. Цеплыню й цеплаперадачу Дэкарт зусім правільна разглядаў як эфэкт, які адбываецца з-за руху дробных часцінак рэчыва.
Іншыя навуковыя дасягненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Найбуйнейшым вынаходзтвам Дэкарта, якое стала фундамэнтальным для псыхалёгіі, можна лічыць панятак аб рэфлексе й прынцыпу рэфлекторнай дзейнасьці. Схема рэфлексу зводзілася да наступнага. Дэкарт прадставіў мадэль арганізма як працуючы мэханізм. Пры такім разуменьні жывое цела не патрабуе ўмяшаньня душы, бо функцыі «машыны цела», да якіх ставяцца «ўспрыманьне, захаваньне ідэяў, утрыманьне ідэяў у памяці, унутраныя імкненьні й іншыя зьдзяйсьняюцца ў гэтай машыне як рухі гадзіньніка».
- Нараўне з вучэньнямі пра мэханізмы цела Дэкартам распрацоўвалася праблема афэктаў як цялесных станаў, якія зьяўляюцца рэгулятарамі псыхічнага жыцьця. Тэрмін «запал», альбо «афэкт», у сучаснай псыхалёгіі паказвае на пэўныя эмацыйныя станы.
Філязофія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Філязофія Дэкарта была дуалістычнай. Ён прызнаваў наяўнасьць у сьвеце двух аб’ектыўных сутнасьцяў: працяглай (лац. res extensa) і думаючай (лац. res cogitans), пры гэтым праблема іхняга ўзаемадзеяньня разьвязвалася ўвядзеньнем агульнай крыніцы (Бога), які, выступаючы стваральнікам, фармуе абодве субстанцыі па адным і тым жа законам. Галоўным унёскам Дэкарта ў філязофію стала клясычная пабудова філязофіі рацыяналізму як унівэрсальнага мэтаду пазнаньня. Розум, паводле меркаваньнях Дэкарта, крытычна ацэньвае дасьведчаныя дадзеныя й выводзіць зь іх схаваныя ў прыродзе праўдзівыя законы, якія фармуліруюцца на матэматычнай мове. Пры ўмелым ужываньні няма межаў магутнасьці розуму.
Іншай найважнейшай рысай падыходу Дэкарта быў мэханіцызм. Матэрыя, уключаючы тонкую, складаецца з элемэнтарных часьцінак, лякальнае мэханічнае ўзаемадзеяньне якіх і вырабляе ўсе прыродныя зьявы. Для філязофскага сьветапогляду Дэкарта характэрны таксама скептыцызм, крытыка папярэдняй схалястычнай філязофскай традыцыі. Самадакладнасьць сьвядомасьці (лац. cogito), роўна як і тэорыя прыроджаных ідэяў, зьяўляецца зыходным пунктам картэзіянскай гнасэалёгіі. Картэзіянская фізыка, у супрацьлегласьць да ньютанаўскай, лічыла ўсё працяглае цялесным, адмаўляючы пустую прастору, і апісвала рух з дапамогай панятка «віхура». Фізыка картэзіянства пасьля знайшла сваё адлюстраваньне ў тэорыі блізкадзеяньня.
Мэтад радыкальнага сумневу
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скептыцызм быў заўсёды выбітнай рысай францускага розуму, роўна як і імкненьне да матэматычнай дакладнасьці ведаў. У эпоху Адраджэньня французы Мантэнь і Шарон таленавіта далучылі да францускай літаратуры скептыцызм грэцкай школы Пірона. Матэматычныя навукі квітнелі ў Францыі ў XVII стагодзьдзі. Скептыцызм і пошукі ідэальнай матэматычнай дакладнасьці ёсьць два розных выраза адной і той жа рысы чалавечага розуму: напружанага імкненьня дасягнуць абсалютна дакладнай і лягічна непахіснай ісьціны. Ім зусім процілеглыя эмпірызм, які здавольваецца ісьцінай прыблізнай і адноснай, і містыцызм, які знаходзіць асаблівае зачараваньне ў непасрэдным звышпачуцьцёвым, надрацыянальным веданьні.
Нічога агульнага ні з эмпірызмам, ні зь містыцызмам Дэкарт ня меў. Калі ён шукаў вышэйшы абсалютны прынцып ведаў у непасрэднай самасьвядомасьці чалавека, то гаворка ішла не аб якім-небудзь містычным аб’яўленьні невядомай асновы рэчаў, а пра яснае, аналітычнае раскрыцьцё самай агульнай, лягічна неабвержнай ісьціны. Ейнае адкрыцьцё зьяўлялася для Дэкарта умовай пераадоленьня сумневаў, зь якімі змагаўся ягоны розум.
Перш за ўсё, разьбіраючы сэнс палажэньне «cogito, ergo sum», Дэкарт усталёўвае крытэр дакладнасьці. Ніякага іншага крытэра, акрамя псыхалягічнага, унутранага крытэру яснасьці й падзельнасьці, не вядома. У быцьці думаючай істоты, як то чалавек, яго пераконвае ня досьвед, а толькі выразнае раскладаньне непасрэднага факту самасьвядомасьці на два аднолькавыя непазбежныя й ясныя прадстаўленьні ці ідэі, — мысьленьня й быцьця. Супраць сылягізму як крыніцы новых ведаў Дэкарт узбройваецца амаль гэтак жа энэргічна, як раней гэта рабіў Бэкан, лічачы яго не прыладай набыцьця новых фактаў, а толькі сродкам выкладу ісьцінаў ужо вядомых, здабытых іншымі шляхамі. Злучэньне згаданых ідэяў у сьвядомасьці ёсьць, такім чынам, не выснова, а сынтэз, ёьсць акт творчасьці, гэтак жа як меркаваньне велічыні сумы кутоў трыкутніка ў геамэтрыі. Дэкарт першы намякнуў на значэньне пытаньня, які гуляў затым галоўную ролю ў філязофіі Канта, — менавіта пытаньня пра значэньне апрыёрных сынтэтычных меркаваньняў.
Доказ існасьці Бога
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Знайшоўшы крытэр дакладнасьці ў выразных, ясных ідэях (лац. ideae clarae et distinctae), Дэкарт бярэцца затым даказаць існаваньне Бога й высьветліць асноўную прыроду рэчавага сьвету. У згоднасьці з тым, што перакананьне ў існаваньні цялеснага сьвету грунтуецца на дадзеных нашага пачуцьцёвага ўспрыманьня, то трэба перш за ўсё знайсьці гарантыю хоць бы адноснай пэўнасьці пачуцьцёвых успрыманьняў. Такой гарантыяй можа быць толькі тое, што стварыла чалавека, зь ягонымі пачуцьцямі, дасканалая істота, ідэя пра якую была бы несумяшчальнай зь ідэяй падману. Яснай й выразнай ідэяй такой істоты зьяўляецца Бог. Чалавек сам усьведамляем сябе недасканалым толькі таму, што вымярае сваю існасьць ідэяй звышдасканалай істоты. Гэта азначае, што такая істота ня ёсьць прыдумка, ня ёсьць і вывад з вопыту. Яна магла быць унушана чалавеку, укладзена ў яго толькі самой звышдасканалай істотай. Зь іншага боку, гэтая ідэя настолькі рэальная, што яе можна разьдзяліць на лягічна ясныя элемэнты: поўная дасканаласьць мажліва толькі пад умовай валоданьня ўсімі ўласьцівасьцямі ў вышэйшай ступені, а такім чынам і поўнай рэальнасьцю, бясконца перазыходнай за ўласна чалавечую рэальнасьць.
Такім чынам зь яснай ідэі звышдасканалай істоты дваякім шляхам выводзіцца рэальнасьць быцьця Бога. Па-першае, як крыніцы самой ідэі пра яго — доказ псыхалягічны, па-другое, як аб’екта, у ўласьцівасьці якога неабходна ўваходзіць рэальнасьць, гэты доказ анталягічны, гэта значыць пераходзячае ад ідэі быцьця да зацьвярджэньня самога быцьця істоты. Усё ж разам Дэкартавы доказ Божага існаваньня павінны быць прызнаны, па выразе Віндэльбанда, «злучэньнем антрапалягічнага (псыхалягічнага) і анталягічнага пунктаў гледжаньня».
Усталяваўшы быцьцё звышдасканалага Творцы, Дэкарт прыходзіць да прызнаньня адноснай дакладнасьці чалавечых адчуваньняў цялеснага сьвету, прычым будуе ідэю матэрыі як субстанцыі ці сутнасьці, процілеглай духу. Чалавечыя адчуваньні матэрыяльных зьяваў далёка не ва ўсім сваім складзе прыдатныя для вызначэньня прыроды рэчываў. Адчуваньні ад кветак, гукаў і іншых прадметаў ёсьць суб’ектыўнымі, але праўдзівы, аб’ектыўны атрыбут цялесных субстанцыяў заключаецца толькі ў іхняй працягласьці, бо толькі сьвядомасьць працягласьці целаў суправаджае ўсе разнастайныя пачуцьцёвыя чалавечыя ўспрыманьні й толькі гэтая адна ўласьцівасьць можа быць прадметам яснай, выразнай думкі.
Такім чынам, у Дэкартавым разуменьні ўласьцівасьцяў матэрыяльнасьці адбіваецца ўсё той жа матэматычны альбо геамэтрычны лад уяўленьняў: цела ёсьць працяглая велічыня. Геамэтрычная аднабаковасьць Дэкартавага вызначэньня матэрыі сама сабой кідаецца ў вочы і досыць высьветлена найноўшай крытыкай, але нельга адмаўляць, што Дэкарт дакладна паказаў на самую істотную й асноўную прыкмету ідэі «матэрыяльнасьці». Высьвятляючы супрацьлеглыя ўласьцівасьці той рэальнасьці, якую можна знайсьці ў чалавечай самасьвядомасьці, у сьвядомасьці думаючага суб’екта, Дэкарт, як можна бачыць, прызнае мысленьне галоўным атрыбутам духоўнай субстанцыі.
Экзістэнцыяльная парадыгма
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэкарт вылучаў два модусы існаваньня, у ягонай тэрміналёгіі — прамы й крывалінейны. Апошні вызначаецца адсутнасьцю якой-небудзь базавай арыентацыі, паколькі вэктар ягонага распаўсюду зьмяняецца ў залежнасьці ад сутыкненьняў ідэнтычнасьцяў, з соцыюмам, яккі яго парадзіў. Прамы модус быцьця утылізуе мэханізм валявога акту ўва ўмовах сусьветнай абыякавасьці духу, што дае чалавеку магчымасьць дзейнічаць у кантэксьце свабоднай неабходнасьці. Нягледзячы на ўяўны парадокс, гэта найбольш экалягічная форма жыцьцядзейнасьці, паколькі празь неабходнасьць яна вызначае аптымальны аўтэнтычны стан тут-і-цяпер. Роўна як Бог у працэсе тварэньня ня меў над сабой ніякіх законаў, тлумачыць Дэкарт, гэтак і чалавек трансцэндыруе тое, што ня можа ў гэты момант і на гэтым кроку быць іншым.
Пераход ад аднаго стану да іншага адбываецца праз знаходжаньне ў фіксаваных кропках надмернасьці — зьмяшчэньне ў сваё жыцьцё паняткаў, як то дабрачыннасьць, любоў і іншыя, якія ня маюць чыньнікаў да свайго існаваньня акрамя той, якая здабываецца з чалавечай душы. Непазбежнасьць існаваньня ў соцыюме мяркуе наяўнасьць «маскі», якая прадухіляе нівэліраваньне мэдытатыўнага вопыту ў працэсе працяглай сацыялізацыі. Акрамя апісаньня мадэлі чалавечага быцьця, Дэкарт таксама дае магчымасьць ягонай інтэрыярызацыі, адказваючы на пытаньне «ці мог Бог стварыць сьвет, недаступны чалавечаму разуменьню» у кантэксьце апастэрыорнага вопыту — зараз, калі чалавек усьведамляе сябе думаючай істотай, не.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б W. W.; X. Descartes, René (анг.) // Encyclopædia Britannica: a dictionary of arts, sciences, literature and general information / H. Chisholm — 11 — New York, Cambridge, England: University Press, 1911. — Vol. 8. — P. 79—90.
- ^ а б MacTutor History of Mathematics archive — 1994.
- ^ а б в г д Renatus Cartesius (шв.) — 1917.
- ^ https://www.lexpress.fr/culture/art/mais-ou-etait-passee-la-tete-de-descartes_1726031.html
- ^ а б Матэматычная генеалогія (анг.) — 1997.
- ^ Pas L. v. Genealogics (анг.) — 2003.
- ^ Шаров А. Покушение на мысль? Наука и жизнь, № 4, 1994.
- ^ Рене Декарта отравили причастной облаткой. Lenta.ru
- ^ Церкви мешали координаты Декарта. Gazeta.ru
- ^ Кузнецов Б. Г. Эволюция картины мира. Указ. соч., стр. 146, 151—152.
Беларускія пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Развагі аб метадзе як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках / Рэнэ Дэкарт; пер. з фр. Зм. Коласа. — Мінск : Зміцер Колас, 2007. — 91 с. — (Галерэя чалавечай думкі) ISBN 978-985-6783-32-9
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рэнэ Дэкарт — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Артыкул «Декарт, Рене» ў энцыкляпэдыі «Кругасьвет».
- «Разважаньні пра мэтад» на ангельскай мове. «Праект Гутэнбэрг».