Гарадзельская унія
Гарадзе́льская унія (2 кастрычніка 1413, Гародла) — дамова вялікага князя літоўскага Вітаўта са сваім стрыечным братам, польскім каралём Уладзіславам Ягайлам.
Перадумовы
[правіць | правіць зыходнік]Перамога ў Вялікай вайне з Тэўтонскім ордэнам, што скончылася падпісаннем Торунскага мірнага дагавору (1411), не стала канчатковым вырашэннем пагрозы для ВКЛ і Польшчы з боку крыжакоў. Торунскі дагавор быў кампрамісам, які не задавальняў ні адзін з бакоў, а новы Вялікі магістр Ордэна Генрых Плаўэн энергічна ўзяўся за адбудову былое велічы рыцарскай дзяржавы. Гэта азначала магчымасць новай вайны. У дадзенай сітуацыі Вітаўт і Ягайла палічылі неабходным падпісаць новую унію. Да таго ж, вялікі гаспадар літоўскі Вітаўт імкнуўся замацаваць незалежнасць ВКЛ і пазбавіцца залежнасці ад Польскага каралеўства.
Час і месца
[правіць | правіць зыходнік]Заключана 2 кастрычніка 1413 (праз тры гады пасля Грунвальдскай бітвы) у вёсцы Гародлі на Заходнім Бугу (цяпер Польшча).
Асноўныя палажэнні уніі
[правіць | правіць зыходнік]Паводле артыкулаў уніі, Вітаўт прызнаваў вярхоўную ўладу Ягайла; частка вотчынных правоў Ягайлы на землі ВКЛ пераходзіла польскай Кароне, а тытул вярхоўнага князя літоўскага рабіўся часткай польскага каралеўскага тытулу. Адначасова ўводзіўся інстытут спадчыннасці стальца і тытула вялікага князя літоўскага, што скасоўвала вызначанае Віленска-Радамскім актам аднаўлення простага ўладарання польскім каралём ВКЛ пасля смерці Вітаўта. Польскія магнаты абвясцілі Вітаўта апекуном малалетняй дачкі Ягайла. Вітаўт заняў першае месца ў кароннай радзе і другой па значнасці асобай ва ўладнай сістэме злучанай дзяржавы.
Акрамя таго, у Літве ўводзілася аднолькавае з Польшчай адміністрацыйнае дзяленне на ваяводствы і кашталяніі (уводзіліся і адпаведныя пасады - віленскіх і троцкіх ваявод і кашталянаў); літоўскія баяры-каталікі атрымлівалі правы польскай шляхты, а таксама польскія гербы. Гэтыя змены закранулі 47 родаў. Агульныя шляхетныя соймы вырашалася склікаць у Любліне, або ў Парчаве.
Прыняцце гербаў
[правіць | правіць зыходнік]Няпоўны спіс гербаў, прынятых літоўскімі родамі ў Гародле.
Герб | Назва | Польскі бок | Літоўскі бок |
---|---|---|---|
Абданк | Пётр з Відавы, Якуб з Рагозна |
Ян Гаштаўт | |
Багорыя | Марэк з Накола | Станіслаў Вышыгін | |
Геральт | Мікалай з Гажкова, біскуп віленскі | Сургут з Рэчынак | |
Грыф | ? | Бутаўт | |
Даліва | Мацей Кот, Януш Фурман, Пётр з Фалькова |
Начка Гінвілавіч | |
Дэмбна | Дабеслаў з Алясніцы | Альбрэхт Карэйва | |
Дзялоша | ? | Воўчка Ракутовіч | |
Задора | Збігнеў з Бжэзя | Яўнут Валімонтавіч | |
Зарэмба | Ян з Кролікава, Марцін з Каліновы |
Гінет Кончавіч | |
Лебедзь | Дзерслаў (са Скжына?) | Андрэй Галігунт | |
Ліс | Крысцін, кашталян сандэцкі | Ян Сунігайла | |
Ляліва | Ян з Тарнова, Ядвіга з Ляжэніц |
Войцех Манівід | |
Памян | Ян Пэля, біскуп уроцлаўскі | Станіслаў Сак | |
Порай | Міхал з Міхалова, Яка |
Мікалай Былімін | |
Равіч | Крыстын з Астрова, кашталян кракаўскі, Грот з Янковіч |
Мінігайла Гедыгольдавіч | |
Трубы | Мікалай Тромба, архібіскуп Гнезненскі | Крысцін Осцік | |
Цёлак | Станіслаў з Бжэжа (?) | Ян Эвілд | |
Ястрабец | Войцех, біскуп кракаўскі, Марцін з Любніцы |
Ян Няміра |
Значэнне
[правіць | правіць зыходнік]Падпісаныя акты рэгулявалі адносіны Літвы і Польскага каралеўства.
У параўнанні з невыразным тэрмінам «злучэнне (прымыканне)», якім аперыраваў Крэўскі акт, «далучэнне» азначала відавочнае прыгнятанне літоўскай дзяржаўнасці, а для вышэйшай літоўскай арыстакратыі, што толькі пачала палітычна сябе выяўляць, гэта азначала ўключэнне яго ў польскія саслоўныя інстытуты.[1]
Права займаць важныя пасады ў Віленскім і Троцкім ваяводствах, а таксама прывілеі, гарантаваныя Гарадзельскай уніяю, датычылі толькі каталіцкай магнатэрыі і шляхты, якая прыхільна паставілася да уніі. Выразны пракаталіцкі характар уніі вынікаў з імкнення Вітаўта здабыць падтрымку Свяшчэннай Рымскай імперыі і тым самым пазбавіць Тэўтонскі ордэн т.зв. хрысціянска-асветніцкай місіі - галоўнага аргументу, што абгрунтоўваў экспансію на ўсход. Праваслаўныя князі і магнаты з Полацкага, Віцебскага, Смаленскага княстваў не ўдзельнічалі ў з'ездзе ў Гародлі, таму акты уніі іх не датычылі, а згаданыя княствы ў межах ВКЛ захоўвалі шырокую аўтаномію.
Гарадзельская унія зрабіла каталіцтва прывілеяваным веравызнаннем, што значна абвастрыла ўнутраную сітуацыю ў ВКЛ. Нягледзячы на тое, што забарона праваслаўным займаць дзяржаўныя пасады выконвалася далёка не заўсёды, гэта стала нагодаю для ўзнікнення падстаў для дыскрымінацыі большасці насельніцтва.
Зноскі
- ↑ Гудавичюс Э. История Литвы... С. 226.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гудавичюс Э. История Литвы с древнейших времен до 1569 года. Том I. Перевод Г. И. Ефромова. Москва: Фонд имени И. Д. Сытина, Batrus, 2005. ISBN 5-94953-029-2. С. 225—229.