Перайсці да зместу

Каляндар

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каляндар
Звесткі аб календары
Тып
календара

Сонечны, Месяцавы, Месяцава-сонечны

Каляндарная
эра
Устаўка
высакосных

Іншыя календары
Армеліна · Армянскі: паганскі, хрысціянскі · Асірыйскі · Ацтэкскі · Бахаі · Бенгальскі · Будысцкі · Вавілонскі · Візантыйскі · В'етнамскі · Гільбурда · Галацэнскі · Грыгарыянскі · Грузінскі · Старажытнагрэчаскі · Старажытнаегіпецкі · Старажытнаіндыйскі · Старажытнакітайскі · Старажытнаперсідскі · Старажытнаславянскі · Зараастрыйскі · Індыйскі · Інкі · Іранскі · Ірландскі · Ісламскі · Кітайскі · Конта · Копцкі · Малайскі · Мая · Непальскі · Новаюліянскі · Рымскі · Сіметрычны · Савецкі · Стабільны · Тамільскі · Тайскі: месяцавы, сонечны · Тыбецкі · Трохсезонны · Туркменскі · Французскі · Ханаанейскі · Хараппскі · Чучхэ · Шведскі · Шумерскі · Эфіопскі · Юліянскі · Яванскі · Японскі · Яўрэйскі

Каляндар (ад лац.: calendarium, літар.: пазыковая кніжка) — сістэма злічэння працяглых прамежкаў часу, якая выкарыстоўвае перыядычныя з'явы прыроды: вярчэнне Зямлі вакол Сонца і вакол уласнай восі, рух Месяца вакол Зямлі. Спробы ўзгадніць між сабою гэтыя з'явы прывялі да стварэння трох тыпаў календара: месячнага, месячна-сонечнага і сонечнага, найбольш распаўсюджанага. У аснову сонечнага календара пакладзены сонечны трапічны год.

З прыняццем хрысціянства ў многіх краінах рабіліся спробы суаднесці біблейскую храналогію з існуючымі каляндарнымі сістэмамі і вызначыць дакладную дату нараджэння Ісуса Хрыста. У 525 г. рымскі манах Дыянісій Малы вызначыў, што Хрыстос нарадзіўся ў 753 г. ад заснавання Рыма, або ў 284 г. эры Дыяклетыяна. З цягам часу гэта сістэма летазлічэння («наша эра») зацвердзілася ў краінах Заходняй і Цэнтральнай Еўропы.

У Візантыйскай імперыі распрацавана летазлічэнне «ад стварэння свету» (пачатак — 5508 г. да н.э.), год пачынаўся 1 верасня (т.зв. канстанцінопальская эра). 3 хрышчэннем Русі ў канцы X ст. ва ўсходніх славян распаўсюдзіўся візантыйскі каляндар, аднак за пачатак года браўся дзень 1 сакавіка. Розніца ў паўгода паміж старажытнарускім і візантыйскім каляндарамі выклікала існаванне на Русі 2 асноўных сістэм летазлічэння: сакавіцкай (рускі год адстае ад візантыйскага на паўгода) і ультрасакавіцкай (рускі год абганяе візантыйскі на паўгода). Вераснёўская сістэма (канстанцінопальская эра) спачатку на Русі ўжывалася мала. Зберагліся сляды знаёмства ўсходніх славян з іншымі сістэмамі летазлічэння: антыяхійскай эрай (пункт адліку — 1.9.5968 г. да н.э.), александрыйскай эрай (25.3.5493 г. да н.э.), балгарскай эрай (5504 г. да н.э.) і інш. Маскоўскі царкоўны сабор 1492 г. пастанавіў лічыць пачаткам года 1 верасня.

Сучасны сонечны каляндар (грыгарыянскі) быў створаны ў 1582 і прыняты рымскім папай Рыгорам XIII, і ў розных краінах уводзіўся ў розны час. Даўжыня года ў ім складае 365, 2425 сутак. Пры гэтым дні 5— 14.10.1582 былі выкінуты з календара. Розніца паміж грыгарыянскім і юліянскім календарамі ў XVI — XVII стст. складала 10, у XVIII ст. — 11, у XIX ст. — 12, у XX — XXI ст. — 13 сутак. У Беларусі грыгарыянскі каляндар дзейнічаў да 1796 г., і дзейнічае пасля 1 лютага (14 лютага) 1918 г. (таксама ўводзіўся на акупаваных германскімі войскамі тэрыторыях).

Вялікае Княства Літоўскае

[правіць | правіць зыходнік]

3 пашырэннем каталіцтва ў ВКЛ з XIII ст. пачало распаўсюджвацца летазлічэнне ад «нараджэння Хрыста». Пачатак года пры гэтым адлічваўся з 1 студзеня (відаць, такі адлік быў запазычаны са Свяшчэннай Рымскай імперыі; у розных краінах Заходняй Еўропы існавалі і іншыя сістэмы адліку). Летазлічэнне ад «нараджэння Хрыста» ўжывалася каталіцкай царквой і было прынята ў канцылярыі ВКЛ і канцылярыях мясцовых устаноў. Разам з гэтым у дакументах канцылярыі ВКЛ да сярэдзіны XVI ст. пазначаліся індыкты (парадкавы нумар года ўнутры 15-гадовых цыклаў). 3 XVI ст. летазлічэнне ад «нараджэння Хрыста» пачало выкарыстоўвацца ў беларуска-літоўскіх летапісах, у кірылічных друкаваных выданнях (у т.л. ў Ф. Скарыны) і прыватных дакументах. На думку О. Галецкага, у канцылярыі вялікага князя Свідрыгайлы на Валыні ў 14401452 гг. ужывалася своеасаблівая сістэма пазначэння гадоў: першыя дзве лічбы ставіліся паводле дыянісійскай эры, а 2 астатнія — паводле візантыйскай эры (такім чынам, розніца паміж пазначаным на дакуменце і рэальным годам складала 8—9 гадоў у бок павелічэння). Шырокае распаўсюджанне ў ВКЛ атрымала практычная храналогія з мэтай перакладу дат ад «стварэння свету» на даты ад «нараджэння Хрыста», для вызначэння дзён царкоўных свят, найперш Вялікадня. У сярэдзіне XVI ст. створаны энцыклапедычны зборнік (зберагаўся ў бібліятэцы Жыровіцкага манастыра), дзе змешчаны два 3-таблічныя комплексы «вруцэлет», табліцы велікоднай поўні, для вызначэння дня тыдня кожнага месяца, індэкса дня тыдня велікоднай поўні і інш.

Пасля прыняцця грыгарыянскага календара, ён быў адразу прыняты ў Рэчы Паспалітай. Аднак праваслаўная і пратэстанцкія цэрквы дзяржавы ўбачылі ў грыгарыянскім календары спробу падначаліць іх духоўнай уладзе рымскага папы і адмовіліся прымаць новаўвядзенне. Праваслаўныя абвясцілі, што прымуць новы каляндар толькі з дазволу канстанцінопальскага патрыярха. Патрыярх Іерамія II 20 сакавіка 1583 г. забараніў змену каляндара.

У 1582 г. лютэранскі магістрат Рыгі адхіліў увядзенне грыгарыянскага каляндара ў горадзе. У 1584 г. кароль Стафан Баторый паўтарыў загад увесці новы каляндар пад пагрозай вялікага штрафу. Магістрат саступіў, але апазіцыя палічыла гэта за парушэнне свабоды веравызнання, якое было гарантавана дагаворам аб падпарадкаванні польскаму каралю. Калі на Каляды 1584 г. рыжскія езуіты пачалі набажэнства паводле новага каляндар, іх касцёл, як і дамы некаторых членаў магістрата, былі разгромлены натоўпам. 23 студзеня 1585 г. заключана пагадненне паміж магістратам і бюргерскай апазіцыяй, паводле якога ўжыванне новага каляндара было забаронена ў Рызе. Аднак Стафан Баторый адмяніў пагадненне, а ўлада магістрата была адноўлена.

Значны канфлікт адбыўся ў Львове. У 1583 г. львоўскі бурмістр атрымаў загад Стафана Баторыя ўвесці ў горадзе новы каляндар. Былі апячатаны цэрквы, што выклікала масавыя пратэсты праваслаўных. Пры пасрэдніцтве канцлера ВКЛ А. Валовіча, ваявод кіеўскага К. Астрожскага і белзскага С. Жалкеўскага, кашталяна менскага Я. Глябовіча паміж львоўскім каталіцкім архібіскуам Д. Сулікоўскім і львоўскім праваслаўным епіскапам Гедэонам Балабанам 15 лютага 1585 г. заключана мірнае пагадненне. Стафан Баторый гарантаваў праваслаўным Рэчы Паспалітай свабодна ўжываць стары каляндар прывілеямі ад 21 студзеня 1584, 18 мая 1585 і 8 верасня 1586 г. (праваслаўным Вільні).

3 сярэдзіны 1580-х г. пачалася літаратурная палеміка адносна каляндара паміж праваслаўнымі і католікамі, якая цягнулася да 1650-х г. Памфлет «Каляндар рымскі новы» змясціў Г. Д. Сматрыцкі ў сваім творы «Ключ царства нябеснага» (Львоў, 1587 г.). Яго падтрымаў В. Суражскі ў «Кніжыцы» (Астрог, 1588 г.) і «Псалтыры» (Астрог, 1598 г.), С. Зізаній у творы «Казанне святога Кірылы» (Вільня, 1596 г.), М. Бранеўскі (Хрыстафор Філалет) у «Апокрысісе» (Вільня, 1597 г.). У XVII ст. пераважалі кнігі каталіцкіх аўтараў супраць ужывання старога каляндара. У абарону новага каляндара выступілі Ф. Скуміновіч (Тышкевіч), езуіты М. Сміглецкі, В. Расцішэўскі, С. Градзіцкі і іншыя. Рэктар Кіеўскай брацкай школы Касіян Саковіч, калі прыняў унію, выступіў за прыняцце новага каляндара ў кнізе «Стары каляндар» (Вільня, 1640 г.; 2-е выданне выйшла пад назвай «Акуляры старому календару», Кракаў, 1644 г.). Аналагічныя погляды выказаў уніят І. Дубовіч у кнізе «Каляндар сапраўдны веры Хрыстовай» (Вільня, 1644 г.).

Каляндарнае пытанне было закранута і пры падрыхтоўцы уніі паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі Рэчы Паспалітай. Ініцыятары уніі епіскапы Іпацій Пацей і Кірыла Цярлецкі выражалі згоду на прыняцце грыгарыянскага каляндара. У час іх візіту ў Рым там у 1596 г. выдадзена па-беларуску кірылічная пасхалія паводле новага каляндара на 1409 — 3004 гг.. Аднак царкоўная унія была заключана на ўмовах захавання старой абраднасці праваслаўнай царквы, у т.л. выкарыстання юліянскага каляндара. У 1598 г. на з'ездзе ў Луцку многія праваслаўныя князі і шляхта падпісалі акт аб прыняцці уніі і новага каляндара; аналагічны акт у 1603 г. прыняты ў Валынскім ваяводстве. За пераход на грыгарыянскі каляндар выступалі і некаторыя уніяцкія духоўныя асобы, аднак афіцыйна уніяцкая царква Рэчы Паспалітай захавала стары каляндар.

Прыняцце новага каляндара пры адначасовым захаванні старога праваслаўнымі, а пасля уніятамі, выклікала шматлікія «каляндарныя» канфлікты. Каталіцкія духоўныя асобы часта скардзіліся ўладам, што праваслаўныя і уніяты працуюць у каталіцкія святы (напрыклад, у Полацку ў 1599 г.). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай юліянскі каляндар быў зноў уведзены ў свецкае жыццё ў Беларусі і Літве ў 1800 г.

Глядзіце таксама

[правіць | правіць зыходнік]
pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy