Перайсці да зместу
Канстанцый I Хлор
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Флавій Валерый Канстанцый
лац.: Flavius Valerius Constantius
Скульптурны партрэт Канстанцыя Хлора
Скульптурны партрэт Канстанцыя Хлора
Цэзар 293305
Аўгуст 305306
Папярэднік Дыяклетыян і Максіміян
Пераемнік Галерый і Флавій Север
Нараджэнне 31 сакавіка 250(0250-03-31)
Верхняя Мёзія
Смерць 25 ліпеня 306(0306-07-25) (56 гадоў)
Род Дынастыя Канстанціна
Імя пры нараджэнні лац.: Flavius Constantius
Бацька Flavius Eutropius[d] або Максіміян
Маці Claudia Crispina[d]
Жонка Святая Алена і Флавія Максіміяна Феадора[d]
Дзеці Канстанцін I Вялікі[1][2], Флавія Юлія Канстанцыя[d], Anastasia[d], Eutropia[d], Юлій Канстанцый[d], Далмацый Старэйшы[3] і Flavius Hannibalianus[d]
Веравызнанне Старажытнарымская рэлігія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Фла́вій Вале́рый Канста́нцый (лац.: Flavius Valerius Constantius), больш вядомы ў рымскай гістарыяграфіі як Канстанцый I Хлор — рымскі імператар як Цэзар у 293—305 гадах, як Аўгуст у 305—306 гадах. Бацька Канстанціна Вялікага і заснавальнік дынастыі Канстанцінаў. Мянушку Хлор (грэч. χλωρός, што азначае «бледны») атрымаў пазней ад візантыйскіх гісторыкаў[4].
Паходзіў з прыдунайскіх правінцый. У 293 годзе Дыяклетыян абвясціў Канстанцыя цэзарам. На гэтай пасадзе ён праводзіў кампаніі супраць узурпатара Алекта ў Брытаніі, на Рэйне супраць алеманаў і франкаў. Стаўшы аўгустам у 305 годзе, Канстанцый пачаў паспяховую карную кампанію супраць піктаў і скотаў. Аднак у наступным годзе ён сканаў у Эбаракуме. Яго смерць выклікала пачатак крызісу тэтрархіі[5].
Канстанцый насіў наступныя пераможныя тытулы: «Германскі Найвялікшы» — з 294 года, «Брытанскі Найвялікшы» — з 296 года, «Карпійскі Найвялікшы», «Армянскі Найвялікшы», «Мідыйскі Найвялікшы», «Адыябенскі Найвялікшы», «Персідскі Найвялікшы» — з 297 года, «Сармацкі Найвялікшы» — магчыма, з 299 года, «Сармацкі Найвялікшы» (другі раз) і «Германскі Найвялікшы» (другі раз) — з 301 года, «Брытанскі Найвялікшы» (другі раз) — з 306 года[5].
Жыццё да прыняцця ўлады
[правіць | правіць зыходнік]
Флавій Валерый Канстанцый Хлор нарадзіўся ў Ілірыку 31 сакавіка меркавана ў 250 годзе[6]. Паводле кнігі «Гісторыя Аўгустаў», ён быў сынам знатнага выхадца з Дарданіі  (ням.) Еўтропія і Клаўдзіі, пляменніцы імператараў Клаўдзія II і Квінтыла[7]. Панегірыст Еўменій называе яго нават незаконнанароджаным сынам Клаўдзія[4]. Сучасныя гісторыкі, такія як Пат Сазерн  (англ.) і аўтары PLRE, падазраюць, што гэты радавод быў прыдуманы Канстанцінам I Вялікім ужо пасля смерці Канстанцыя для ўмацавання сваёй улады, і што яго сям’я былі нязнатнага паходжання[4][8][8][9].
Канстанцый быў членам корпуса пратэктараў імператара пры Аўрэліяне і ўдзельнічаў у паходзе супраць Пальмірскага царства[10]. Паводле зборніка біяграфій імператараў «Гісторыя Аўгустаў», у часы ўладарання Проба Канстанцый быў дуксам[заўв 1], але гэта, хутчэй за ўсё, выдумка аўтара[9]. Паводле «Ананіма Валезія», Канстанцый быў яшчэ і ваенным трыбунам[11]. Адзіная дакументальна пацверджаная пасада Канстанцыя — гэта прызначэнне яго прэзідам Далмацыі ў кіраванне Кара[10][12]. Была выказана здагадка, што пасля паўстання Дыяклетыяна Канстанцый перайшоў на яго бок і ўзяў удзел у бітве пры Маргусе ў 285 годзе[13].
У 286 годзе Дыяклетыян прызначае свайго сябра Максіміяна суправіцелем і дае яму ў валоданне заходнія правінцыі, у той час як сам забірае ўвесь Усход, пачынаючы працэс, які ў канчатковым выніку прывядзе да падзелу Рымскай імперыі на дзве часткі — Заходнюю і Усходнюю[14]. У 288 годзе, калі тэрмін яго знаходжання на пасадзе прэзіда Далмацыі скончыўся, Канстанцый быў прызначаны прэфектам прэторыя пры заходнім імператары Максіміяне[15]. З тых часоў ён, як відаць, заняў значнае становішча пры імператарскім двары[4]. На працягу перыяду 288—289 гадоў Канстанцый пад камандаваннем Максіміяна прымаў актыўны ўдзел у вайне супраць алеманаў, правядзення кампаній на тэрыторыі варварскіх плямёнаў за Рэйнам і Дунаем[15]. Для ўмацавання сувязей паміж імператарам і яго ўплывовым военачальнікам у 289 годзе Канстанцый адмовіўся ад сваёй жонкі (або наложніцы) Алены і ажаніўся з дачкой імператара Максіміяна Феадорай[15].
Абвяшчэнне цэзарам
[правіць | правіць зыходнік]
Аргентыус з партрэтам Канстанцыя Хлора
У 293 годзе Дыяклетыян, усведамляючы амбіцыі свайго суправіцеля, дазволіў Максіміяну садзейнічаць Канстанцыю ў атрыманні тытула імператара падчас новага падзелу імперыі[16]. Дыяклетыян падзяляе адміністрацыю Рымскай імперыі на дзве паловы, якія адносяцца да заходняй і ўсходняй часткам. Кожнай паловай будзе кіраваць аўгуст пры падтрымцы цэзара. Абодва цэзары мелі права спадчыны пасля смерці аўгуста.
У Медыялане 1 сакавіка 293 года Канстанцый быў афіцыйна прызначаны цэзарам Максіміяна[16]. Ён прыняў імя Флавія Валерыя і атрымаў у кіраванне Галію, Брытанію і, магчыма, Іспанію[16]. Дыяклетыян, усходні Аўгуст, у імкненні захаваць баланс сіл у імперыі прызначае 21 мая 293 года ў Філіпопалі военачальніка Галерыя сваім цэзарам[16]. Канстанцый быў старэйшым з двух цэзараў, і таму ў афіцыйных дакументах ён заўсёды меў прыярытэт, быўшы згаданым перад Галерыем[17]. Сталіцай Канстанцыя была Аўгуста Трэвераў, размешчаная на рацэ Мазела[18][5]. У гэтым горадзе імператар пачаў будаўніцтва грандыёзнага палацавага комплексу, які быў завершаны яго сынам[5]. Комплекс займаў усю паўночна-заходнюю частку горада[5].
Першай задачай Канстанцыя пасля абвяшчэння цэзарам было задушыць паўстанне рымскага ўзурпатара Караўзія, які абвясціў сябе імператарам у Брытаніі і паўночнай Галіі ў 286 годзе[10]. Пасля паражэння, нанесенага ім Максіміяну, той быў вымушаны прызнаць уладу мяцежніка[13]. У канцы 293 года Канстанцый аблажыў і ўзяў штурмам галоўную базу і гавань Караўзія на кантыненце — Банонію[19]. Вялікая дамба, якая стаяла на ўваходзе ў бухту, не дазволіла Караўзію паслаць да горад падмацаванне, і таму ўзурпатар быў вымушаны здаць горад[19]. Неўзабаве пасля гэтага Караўзій быў забіты сваім скарбнікам Алектам, які абвясціў сябе імператарам[19].
Канстанцый правёў наступныя два гады ў нейтралізацыі пагрозы нападзення франкаў, якія былі саюзнікамі Алекта[20], бо паўночная Галія заставалася пад кантролем брытанскага ўзурпатара прынамсі да 295 года[21]. Ён таксама ваяваў супраць алеманаў і дабіўся некаторых перамог у вусці Рэйна ў тым жа годзе[22]. Адміністрацыйныя праблемы азначалі, што ён здзейсніў прынамсі адну паездку ў Італію ў той час[20]. Нарэшце, у 296 годзе Канстанцый палічыў, што дастаткова ўмацаваўся на кантыненце, і здаў камандаванне войскамі на Рэйне Максіміяну[23]. Ён арганізаваў дзве флатыліі. Адна, пад камандваннем самога Канстанцыя, выйшла з Баноніі, а другая пад камандаваннем прэфекта прэторыя Юлія Асклепіядота адплыла з вусця Сены[24]. Дзякуючы моцнай смузе прэфект здолеў удачна пазбегнуць сустрэчы з галоўным флотам Алекта і высадзіўся з арміяй на востраве Уайт[25]. Алект з усімі сіламі накіраваўся насустрач войску Асклепіядота, і гэта дало Канстанцыю магчымасць без перашкод высадзіцца ў Кенце[26]. Аднак спроба не ўвянчалася поспехам, таму што з-за моцнай смугі частка караблёў не змагла далучыцца да асноўнага флоту, і цячэннем яе аднесла да вусця Тэмзы[5]. Праз некаторы час імператар адправіўся на паўднёвы бераг Ла-Манша, а прэфекту ўдалося канчаткова разбіць Алекта дзесьці на поўначы Хэмпшыра або Беркшыра, у выніку чаго ўзурпатар загінуў[26]. Аднак частка яго наймітаў з племені франкаў выратавалася і драпежнічала аж да Ландыніума, дзе іх перабілі легіянеры Канстанцыя, якія размінуліся з ім пры высадцы ля кенцкага ўзбярэжжа і абыходнай дарогай дабраліся да правінцыйнай сталіцы[26]. Жыхары горада сустракалі імператара як вызваліцеля[23].
Залаты медальён, выпушчаны ў гонар перамогі над Алектам
У гонар гэтых перамог Канстанцый выпусціў серыю вялікіх залатых памятных медальёнаў. На адным з іх з надпісам «Міласэрнасць імператараў» намаляваны сам імператар у львінай накідцы, які працягвае руку ўкленчанай Брытаніі, а Перамога кладзе яму на галаву карону[5]. На іншым медальёне, буйнейшым, знаходзіцца надпіс «Аднаўляльнік вечнага міру» і намаляваны Канстанцый, які скача на кані да гарадской сцяны[5]. Указана, што гэта горад Ландыніум.
Канстанцый заставаўся ў Брытаніі на працягу некалькіх месяцаў, падчас чаго замяніў большую частку адміністрацыі ўзурпатара і правёў рэформы падзелу правінцыі. У выніку падзелу Верхняя Брытанія  (англ.) была ператворана ў Максіму Цэзарэйскую і Брытанію Першую, а Ніжняя Брытанія  (англ.) у Флавію Цэзарэйскую і Брытанію Другую[27]. Па яго загадзе былі адноўлены вал Адрыяна і прыгранічныя крэпасці, а ў Ландыніуме пабудаваны манетны двор[28]. З Галіі ў Брытанію быў адпраўлены шэраг майстроў для аднаўлення разбураных падчас баявых дзеянняў гарадоў[29]. Летам 297 года імператар адправіўся ў Італію, каб сачыць за ёй у той час як Максіміян ваяваў з маўрамі ў Афрыцы, але неўзабаве вярнуўся назад у Галію[4].
Пасля вяртання ў Галію ў 297 годзе Канстанцый засяліў там мноства пустэльных зямель франкамі, каб кампенсаваць значныя страты, выкліканыя яго папярэднімі паходамі на саюзнікаў Алекта і Караўзія[30]. У наступным годзе Канстанцый ваяваў у бітве пры Лінгоне супраць алеманаў, але яго атрад быў вымушаны бегчы[4]. Канстанцый сам быў паранены і ў сувязі з блізкасцю ворага загадаў не адкрываць гарадскія вароты, а падняць яго на канатах на сцяну. Ён быў закрыты ў горадзе, але быў вызвалены сваёй арміяй праз шэсць гадзін і перамог ворага, які страціў 60 тысяч салдат[31]. Імператар ізноў перамог варвараў, якія пераправіліся цераз заледзянелы Рэйн, каля Вінданісы, тым самым умацаваўшы абарону германскай мяжы[32]. У 300 годзе Канстанцый правёў кампанію супраць франкаў на Рэйне[30]. Аднак наступныя тры гады рэйнская мяжа працягвала займаць увагу Канстанцыя[32]. У час свайго кіравання Канстанцый стварыў тры новыя легіёны: I Надзейны Флавіеў Гальскі, I Флавіеў Марсаў і XII Пераможны[33].
У 303 годзе Канстанцый сутыкнуўся з указам Дыяклетыяна, якія азначаў пачатак Вялікага ганення на хрысціян[6]. З усіх чатырох тэтрархаў Канстанцый, які быў язычнікам, прыклаў мінімум намаганняў для рэалізацыі ўказу Дыяклетыяна ў заходніх правінцыях, якія былі пад яго непасрэдным кіраўніцтвам[6]. Ён толькі абмежаваўся зачыненнем некалькіх цэркваў[6]. Еўсевій Кесарыйскі сцвярджаў, што Канстанцый быў хрысціянінам[34].
Прызначэнне аўгустам і смерць
[правіць | правіць зыходнік]
Паміж 303 і 305 годам Галерый пачаў дабівацца права ўзяць уладу Канстанцыя пасля сыходу Дыяклетыяна[35]. У 304 годзе Максіміян Геркулій сустрэўся з Галерыем, верагодна, для абмеркавання гэтага пытання пераемнасці, і Канстанцый або не быў запрошаны, або не змог прыехаць на сустрэчу з-за напружанага становішча на Рэйне[32]. Да 303 года, відаць, існавала сакрэтнае пагадненне паміж тэтрархамі, што сын Канстанцыя Канстанцін і сына Максіміяна Максенцый павінны былі быць прызначаны цэзарамі пасля адрачэння Дыяклетыяна і Максіміяна[36]. Да канца 304 года Галерый пераканаў Дыяклетыяна (які ў сваю чаргу пераканаў Максіміяна) прызначыць цэзарамі сваіх стаўленікаў Флавія Севера і Максіміна Дазу[32].
Дыяклетыян і Максіміян сышлі ў адстаўку 1 мая 305 года, магчыма, з-за дрэннага здароўя Дыяклетыяна[6]. Флавій Север і Максімін Даза былі прызначаны цэзарамі. Перад войскамі, якія сабраліся ў Медыялане, Максіміян Геркулій зняў свой пурпурны плашч і перадаў яго новаму цэзару Северу і абвясціў Канстанцыя аўгустам[37]. Тая ж самая сцэна разыгралася ў Нікамедыі, дзе Дыяклетыян абвясціў цэзарам Максіміна Дазу, а аўгустам Галерыя[36]. Канстанцый, які быў умоўна старэйшым імператарам, кіраваў заходнімі правінцыямі, адмовіўшыся ад Італіі і Афрыкі, у той час як Галерый прыняў пад сваё начальства ўсходнія правінцыі. Канстанцін, расчараваўшыся ў сваіх надзеях стаць цэзарам, збег з-пад нагляду Галерыя пасля таго, як Канстанцый прасіў усходняга аўгуста вызваліць яго сына па прычыне сваёй хваробы[38]. Канстанцін далучыўся да двара свайго бацькі на ўзбярэжжы Галіі падчас падрыхтоўкі да кампаніі ў Брытаніі[39].
У 305 годзе Канстанцый пераправіўся ў Брытанію і накіраваўся на крайнюю поўнач вострава, пачаўшы ваенную экспедыцыю супраць піктаў, і, відаць, атрымаў перамогу, пра што сведчыць пераможны тытул «imperator II», атрыманы ім 7 студзеня 306 года[40]. Пасля вяртання ў Эбаракум на зімоўку Канстанцый планаваў працягнуць кампанію, але 25 ліпеня 306 года ён сканаў[41]. Калі Канстанцый паміраў, ён рэкамендаваў свайго сына салдатам у якасці пераемніка, і пасля гэтага Канстанцін быў абвешчаны імператарам легіёнамі ў Эбаракуме[41][42]. З Брытаніі цела Канстанцыя было перавезена ў Галію, дзе і было пахавана, як відаць, у Аўгусце Трэвераў[4].
У антычнай літаратуры Канстанцый Хлор паўстае выключна ў добрым святле. Відаць, ён сапраўды карыстаўся павагай у сваіх уладаннях дзякуючы ўмеламу кіраванню, а яго ваенныя дасягненні былі вельмі значнымі, нават калі і прымаць да ўвагі, што Брытанія была вернута намаганнямі прэфекта прэторыя. Канстанцый атрымлівае хвалу за тое, што ён не ўступіў у адкрытае супрацьстаянне з Галерыем і тым самым не ўвёў дзяржаву ў новую грамадзянскую вайну. Аднак з-за таго, што Галерый валодаў моцнай арміяй і буйнымі сродкамі, Канстанцый проста не меў іншага выхаду. Але цалкам магчыма, што раптоўная смерць утрымала яго ад спробы перавароту[5].
У антычнай літаратуры Канстанцый I атрымлівае станоўчыя водгукі. Язычніцкія і хрысціянскія аўтары былі добрай думкі пра яго, як, напрыклад, Еўтропій:
«Быў ён мужам вялікім і зычлівасці найвялікшай, намагаўся ўзбагаціць правінцыялаў і прыватных асоб, не імкнучыся да такога ж павелічэння дзяржаўнай казны, і казаў, што лепш грамадскае багацце трымаць у прыватных асоб, чым захоўваць яго ў адным куфры. Жыў ён так сціпла, што ў святочныя дні, калі жадаў зладзіць баль для сваіх шматлікіх сяброў, браў у пазыку ў прыватных асоб сярэбраны посуд для ўпрыгожвання стала свайго. Ён быў не толькі любімы, але ў Галіі нават шанаваўся нароўні з багамі і асабліва за тое, што ў яго кіраванне пазбавіліся нарэшце ад дыяклетыянавай небяспечнай разважлівасці і ад максіміянавай крыважэрнай безразважнасці[43]».
Еўсевій Кесарыйскі ў сваёй «Царкоўнай гісторыі» таксама станоўча гаворыць пра Канстанцыя:
«Быў ён самым добрым і рахманым з усіх імператараў. Ён адзіны з сучаснікаў годна правёў увесь час свайго кіравання, праявіўшы сябе і ў іншым для ўсіх даступным і да ўсіх міласцівым. Ён зусім не ўдзельнічаў у вайне супраць нас, ахоўваў сваіх падданых хрысціян ад шкоды і крыўд, не руйнаваў цэркваў і нічога іншага супраць нас не прыдумляў»[44].
Хрысціянскія аўтары хваляць яго за мяккае стаўленне да іх рэлігіі і невыкананне ўказу Дыяклетыяна аб ганенні[5]. Да таго ж сваім умелым кіраваннем ён мог набыць пашану ў сваіх падданых[5].
Канстанцый Хлор з’яўляецца адным з галоўных герояў аповесці Іўліна Во «Алена».
Імя Канстанцыя засталося ў легендах брытаў — так, Гальфрыд Монмуцкі ў сваёй «Гісторыі каралёў брытаў» прысвячае яму некалькі раздзелаў. Паводле гэтага твора, Канстанцый быў пасланы ў Брытанію рымскім сенатам пасля таго, як брытанскі кароль Асклепіядот быў зрынуты Коелем. Коель пагадзіўся плаціць даніну Рыму, але памёр праз восем дзён. Канстанцый ажаніўся з дачкой Коеля Аленай і стаў каралём Англіі. Алена нарадзіла яму сына Канстанціна, які ўзыйшоў на прастол Брытаніі, калі яго бацька памёр у Ёрку праз адзінаццаць гадоў[45]. Аднак Генрых Хантынгданскі развянчаў легенду пра тое, што Алена была дачкой брытанскага караля, бо Канстанцый развёўся з ёй яшчэ да брытанскага паходу[46].
1. Гэта рымская ваенная пасада.
1. А. Ловягин Константин Великий // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1895. — Т. XVI. — С. 63–67.
2. Константин Великий (Гай Флавий Валерий) // Военная энциклопедияСПб.: Иван Дмитриевич Сытин, 1913. — Т. 13. — С. 131–132.
3. Любкер Ф. Dalmatius // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 370.
4. а б в г д е ё Otto Seeck. Paulys Realencyclopädie der classischen Altertumswissenschaft (RE). Band IV (ням.). Constantius 1). Архівавана з першакрыніцы 27 мая 2012. Праверана 27 мая 2012.
5. а б в г д е ё ж з і к Грант 1998.
6. а б в г д Michael DiMaio, Jr 1996.
7. Трэбелій Паліён. Гісторыя Аўгустаў. Боскі Клаўдзій. XIII. 2.
8. а б Southern 2001, p. 172.
9. а б PLRE. Fl. Val. Constantius 12.
10. а б в Potter 2004, p. 288.
11. Ананім Валезія. Паходжанне імператара Канстанціна. I. 2.
12. Corpus Inscriptionum Latinarum 3, 9860
13. а б Potter 2004, p. 280.
14. Southern 2001, p. 142.
15. а б в Canduci 2010, p. 119.
16. а б в г Southern 2001, p. 145.
17. Southern 2001, p. 147.
18. Сучасная назва — Мозель.
19. а б в Birley 2005, p. 385.
20. а б Southern 2001, p. 149.
21. Birley 2005, p. 387.
22. Birley 2005, pp. 385–386.
23. а б Southern 2001, p. 150.
24. Birley 2005, p. 388.
25. Аўрэлій Віктар. Пра цэзараў. XXXIX. 42.
26. а б в Potter 2004, p. 292.
27. Birley 2005, p. 393.
28. Birley 2005, p. 403.
29. Лацінскія панегірыкі. V. 21.
30. а б Birley 2005, p. 373.
31. Еўтропій. Брэвіярый ад заснавання Горада. IX. 23.
32. а б в г Southern 2001, p. 152.
33. Jona Lendering.. Constantius I Chlorus (англ.). Архівавана з першакрыніцы 21 чэрвеня 2012. Праверана 20 чэрвеня 2012.
34. Еўсевій Кесарыйскі. Жыццё блажэннага васілеўса Канстанціна. I. 11-13.
35. Potter 2004, p. 344.
36. а б Potter 2004, p. 340.
37. Potter 2004, p. 342.
38. Southern 2001, p. 169.
39. Southern 2001, p. 170.
40. Birley 2005, p. 406.
41. а б Potter 2004, p. 346.
42. Canduci 2010, p. 126.
43. Еўтропій. Брэвіярый ад заснавання Горада. X. 2-3.
44. Еўсевій Кесарыйскі. Царкоўная гісторыя. VIII. 13. 12.
45. Гальфрыд Монмуцкі. Гісторыя каралёў Брытаніі. 78.
46. Генрых Хантынгданскі. Гісторыя англійскага народа. I. 37.
Першасная літаратура
[правіць | правіць зыходнік]
pFad - Phonifier reborn
Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.
Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.
Alternative Proxies:
Alternative Proxy
pFad Proxy
pFad v3 Proxy
pFad v4 Proxy