Каронныя землі
Каронныя землі, або каронныя ўладанні (англ.: Crown Dependencies) — уладанні брытанскай кароны, якія не ўваходзяць у склад Злучанага Каралеўства, але не з’яўляюцца пры гэтым заморскімі тэрыторыямі. Каронныя землі ніколі не мелі статусу калоній. У іх лік уваходзяць: бейлівікі Джэрсі і Гернсі (Нармандскія астравы), а таксама востраў Мэн у Ірландскім моры. Агульная плошча — 766 км², насельніцтва — 245 269 чал. (2011).
Кожная каронная тэрыторыя мае ўласныя нумарныя знакі (GBG — Гернсі, GBA — Олдэрні, GBJ — Джэрсі, GBM — Мэн), даменнае імя (.gg — Гернсі, .je — Джэрсі, .im — Мэн), а таксама код Alpha3 па ISO 3166-1 (GGY — Гернсі, JEY — Джэрсі, IMN — Мэн), зарэзерваваныя спачатку для Сусветнага паштовага саюза, а затым афіцыйна прызнаныя Міжнароднай арганізацыяй па стандартызацыі 29 сакавіка 2006 года.
Пошта вострава Мэн выпускае ўласныя паштовыя маркі, атрымліваючы істотны даход ад продажу спецыяльных выпускаў калекцыянерам.
Гернсі, Джэрсі і Мэн выпускаюць банкноты і чаканяць манету. Гэтыя банкноты звяртаюцца на тэрыторыі абодвух бейлівікаў нароўні з англійскімі фунтамі і шатландскімі банкнотамі. Яны не з’яўляюцца афіцыйным плацёжным сродкам у Вялікабрытаніі, аднак часта іх усё адно прымаюць.
Палітычны статус
[правіць | правіць зыходнік]Ніводная з каронных земляў не ўваходзіць у склад Злучанага Каралеўства — кожная з іх з’яўляецца самастойна кіраванай тэрыторыяй. Не ўваходзяць каронныя землі і ў Еўрапейскі саюз. Усе тры каронныя землі з’яўляюцца членамі Брытанска-Ірландскага Савета. З 2005 года на чале ўрада кожнай з каронных земляў стаіць галоўны міністр. Каронныя землі не з’яўляюцца незалежнымі дзяржавамі, заканадаўчая ўлада на гэтых тэрыторыях належыць выключна брытанскаму парламенту. Брытанскі манарх у кожным з уладанняў прадстаўлены лейтэнант-губернатарам (цяпер гэта галоўным чынам цырыманіяльная пасада).
Каронныя землі разам са Злучаным Каралеўствам складаюць Брытанскія астравы. З пункту гледжання брытанскага заканадаўства пра грамадзянства іх разглядаюць як частку Злучанага Каралеўства. Аднак яны маюць права самастойна вырашаць пытанні забеспячэння жыллём і працаўладкавання (у гэтым дачыненні жыхары Вялікабрытаніі разглядаюцца тут нароўні з замежнымі грамадзянамі).
У каронных землях ёсць некалькі палітычных партый, аднак большасць кандыдатаў балатуюцца як незалежныя.
№ | Назва | Адміністрацыйны падзел | Назва парламента | Афіцыйная мова | Сталіца | Рэгіён | Насельніцтва, чал. (2011) |
Плошча, км² |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|
1 | Бейлівік Гернсі | Прыходы | Штаты Гернсі | Англійская, французская | Сент-Пітэр-Порт | Праліў Ла-Манш | 62 915[1] | 78 |
2 | Бейлівік Джэрсі | Прыходы | Штаты Джэрсі | Англійская, французская | Сент-Хельер | Праліў Ла-Манш | 97 857[2] | 116 |
3 | Востраў Мэн | Раёны | Тынвальд | Англійская, мэнская | Дуглас | Ірландскае мора | 84 497[3] | 572 |
Усяго | 245 269 | 766 |
Гернсі
[правіць | правіць зыходнік]Бейлівік (тэрыторыя пад юрысдыкцыяй бейліфа) Гернсі (англ.: The Bailiwick of Guernsey) уключае астравы Гернсі, Сарк, Олдэрні і Херм. Мясцовы парламент завецца Штаты Гернсі (англ.: States Guernsey ці States of Deliberation).
Некаторыя з астравоў надзелены адноснай аўтаноміяй. Востраў Сарк уяўляе сабой рэшткі феадальнага ўладання, ён кіруецца Кіраўніком (англ.: Seigneur of Sark), мае парламент (Галоўныя палаты, англ.: Chief Pleas). На востраве Олдэрні таксама ёсць парламент (Штаты) і выбарны прэзідэнт.
Джэрсі
[правіць | правіць зыходнік]Бейлівік Джэрсі складаецца з вострава Джэрсі і малых незаселеных астраўкоў вакол яго.
Мясцовы парламент называецца Штаты Джэрсі (англ.: States of Jersey). Паводле Закона аб штатах 2005 года ў Джэрсі з’явілася пасада галоўнага міністра, скасаваны паўнамоцтвы бейліфа заяўляць асобую думку з нагоды пастаноў штатаў, а таксама права вета лейтэнант-губернатара (які прадстаўляе каралеву). Акрамя таго, новы закон прадугледжвае, што ніводны акт брытанскага Парламента ці каралеўскі ўказ, які тычыцца Джэрсі, не будзе ўжывацца без абмеркавання штатамі.
Востраў Мэн
[правіць | правіць зыходнік]Парламент вострава Мэн — Тынвальд (англ.: Tynwald) прэтэндуе на званне найстарэйшага з цяпер дзеючых — першы раз ён быў скліканы ў 979 годзе (ісландскі Альтынг з’явіўся ў 930 годзе, аднак не склікаўся ў 1799—1844 гадах). Тынвальд складаецца з Палаты каманераў (англ.: The House of Keys), якая абіраецца ўсенародна, і Заканадаўчага савета (англ.: Legislative Council), які абіраецца шляхам ускоснага галасавання; палаты могуць засядаць паасобку ці сумесна. Законы, якія выдаюцца парламентам, называюцца актамі тынвальда. На востраве фарміруецца савет міністраў, які ўзначальваецца галоўным міністрам.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Насельніцтва Гернсі (2011 год)
- ↑ Jersey Census 2011 Bulletin no 1(недаступная спасылка). States of Jersey (1 снежня 2011). Архівавана з першакрыніцы 18 верасня 2012. Праверана 27 чэрвеня 2014.
- ↑ Насельніцтва вострава Мэн (2011 год)