Перайсці да зместу

Паліталогія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Паліталогія
Звязаная асоба Maurice Duverger[d] і Элінар Острам
Папярэдні ў спісе cameralism[d]
Прадмет вывучэння палітыка
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паліталогія (грэч. πολιτικός — дзяржаўныя, грамадскія справы) — навука аб палітыцы, аб заканамернасцях развіцця палітычнага працэсу, палітычнай сістэмы і ўлады; аб сутнасці, формах і метадах дзейнасці ўсіх суб'ектаў палітыкі. Вывучае палітычнае жыццё грамадства, палітычныя працэсы, сістэмы і з'явы, дзейнасць людзей, якая накіравана на заваяванне, утрыманне і выкарыстанне ўлады. Як навука склалася да сярэдіны XX ст.

Аб'ект і прадмет

[правіць | правіць зыходнік]

Аб'ект паліталогіі — палітычнае жыццё грамадства ў яго розных праяўленнях, усталяванне і функцыянаванне палітычнай улады.

Прадмет паліталогіі — заканамернасці палітычнага жыцця вялікіх сацыяльных супольнасцей і малых груп людзей, узнікнення, развіцця і функцыянавання механізмаў улады, палітычных поглядаў і інтарэсаў, палітычнай дзейнасці, развіцця палітычных працэсаў у цэлым.

Асновай паліталогіі як тэорыі і практыкі з'яўляюцца адносіны паміж палітычнымі суб'ектамі адносна ўлады з мэтай рэалізацыі сваіх карэнных інтарэсаў. Уводныя фактары — сілы, якія ў дэмакратыях складаюць важную частку ўдзелу людзей у палітычным працэсе; выводныя фактары — заканадаўчая сістэма, выканаўчая і судовая галіны ўлады.

Паліталогія складаецца з раздзелаў:[1]

  • тэорыя і метадалогія палітыкі — раскрывае асновы палітыкі і палітычных адносін, сутнасць і змест палітыкі і ўлады, іх прыкметы, функцыі і заканамернасці развіцця;
  • тэорыя палітычных сістэм — даследуе сутнасць, структуру і функцыі палітычных сістэм, дае іх параўнальны аналіз, характарыстыку палітычных інстытутаў (дзяржавы, партый, аб’яднанняў, рухаў і г.д.);
  • тэорыя кіравання сацыяльна-палітычнымі працэсамі — вызначае мэты, задачы і формы палітычнага кіраўніцтва грамадствам, механізмы прыняцця і рэалізацыі рашэння;
  • гісторыя палітычных вучэнняў і палітычная ідэалогія — раскрываюць змест дактрын сучаснасці, ролю і функцыі палітычнай ідэалогіі і свядомасці;
  • тэорыя міжнародных адносін — разглядае праблемы знешняй і сусветнай палітыкі, глабальныя праблемы.

Паліталогія як самастойная навуковая дысцыпліна ў сучасным яе разуменні склалася ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. Гэта стала магчымым у выніку развіцця публічнай палітыкі, як адносна аўтаномнай сферы жыцця грамадства, умацавання дзяржаўных і палітычных інстытутаў, якія склалі сучасную палітычную сістэму (парламентарызм, падзел уладаў, выбарчыя сістэмы, узнікненне партый) і развіцця метадалогіі даследаванняў (з’яўленне біхевіярысцкіх, эмпірычных метадаў).

У 1857 годзе ў Калумбійскім каледжы ЗША ствараецца кафедра «Гісторыя і палітычная навука», а ў 1880 — першая школа палітычнай навукі. У 1903 была ўтворана Амерыканская асацыяцыя палітычных навук. У 1871 у Францыі была створана свабодная школа палітычнай навукі — сёння Інстытут палітычных даследаванняў Парыжскага ўніверсітэта. У 1895 заснавана Лонданская школа эканамічнай і палітычнай навукі.

У ХХ ст. працэс вылучэння паліталогіі ў самастойную навучальную і вучэбную дысцыпліну завяршыўся, вылучыліся яе галоўныя нацыянальныя школы і кірункі. Яшчэ ў 1948 годзе ЮНЭСКА рэкамендавала ўсім краінам курс паліталогіі для вывучэння ў ВНУ. Пад эгідай ЮНЭСКА у 1949 годзе была створана Міжнародная асацыяцыя палітычнай навукі (МАПН). У СССР паліталогія як навука вывучаецца толькі з 1989 года, да гэтага часу яна як самастойная навука не прызнавалася і трактавалася як антымарксісцкая, буржуазная ілжэнавука.

За апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі створаны Інстытут сацыялогіі (працуе аддзел паліталогіі), Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў і іншыя паліталагічныя цэнтры. У 1993 годзе заснаваны Беларуская асацыяцыя палітычных навук (прэзідэнт У. Бабкоў) і Асацыяцыя палітолагаў Беларусі, пазней створана Беларуская акадэмія палітычных навук (прэзідэнт С. Рашэтнікаў). У 1992 годзе ў БДУ было адчынена аддзяленне паліталогіі, на якім вядзецца падрыхтоўка прафесійных палітолагаў, паліталогія выкладаецца ва ўсіх ВНУ Беларусі.

Сумежныя прадметы

[правіць | правіць зыходнік]

Сумежныя прадметы паліталогіі — палітычная філасофія і публічная адміністрацыя. Палітфіласофія шукае ўнутраныя прычыны палітыкі і этыку публічных паводзінаў. З іншага боку, публічная адміністрацыя аналізуе практыку кіравання.[2]

Зноскі

  1. mgup.by Архівавана 10 ліпеня 2019.
  2. А. П. Угроватов. Политология: словарь-справочник. — Новосибирск: ЮКЭА, 2006. — 486 с.
  • Бубнаў Ю. М., Пушкін І. А. Паліталогія: Курс лекцый. — Магілёў: УА МДУХ, 2006. — 176 с.
  • Катляроў І. Р. Паліталогія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).
  • Ўінтэр Г. Р. Канфлікт і кампраміс: Уводзіны ў палітычную навуку / Г. Р. Ўінтэр, Т. Д. Бэлоўз; Навук. рэд. В. Маруцік; Пер. з анг. В. Маруціка. — Мн.: Тэхналогія, 2002. — 507 с. ISBN 985-458-074-1
pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy