Русіфікацыя
Русіфіка́цыя (руск.: русский «рускі» + лац.: -ficātiō «раблю») — сукупнасць захадаў уладаў Расійскай імперыяй, СССР і Расійскай Федэрацыі, скіраваных на насаджэнне[1] рускай нацыянальна-палітычнай перавагі на землях, якія заселеныя іншымі народамі, з мэтай іх наступнай асіміляцыі і дасягнення перавагі рускай мовы, культуры, традыцыі і звычаяў на гэтай тэрыторыі.
Русіфікацыя Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]У Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]28 мая 1772 года адразу па першым падзеле Рэчы Паспалітай расійская імператрыца Кацярына II падпісала ўказ, паводле якога ўсе губернатары «былых польскіх» (гэта значыць — беларускіх) губерняў абавязваліся складаць усе выракі, пастановы і загады толькі на рускай мове. Жыхарам дазвалялася карыстацца сваёй мовай і сваімі законамі толькі калі гэта не датычыла сферы ўлады. 8 мая 1773 года Кацярына II падпісала чарговы Указ «Аб заснаванні ў Беларускіх губернях губернскіх і правінцыйных земскіх судоў», дзе было яшчэ раз пазначана пра абавязковае выкарыстанне ў справаводстве толькі рускай мовы[2].
Кацярына II імкнулася да аб’яднання далучаных зямель з іншымі часткамі імперыі, але рабіла гэта асцярожна і паступова. Пасля задушэння паўстання 1794 года гэтая палітыка праводзілася больш упарта і настойліва з ужываннем карных захадаў[3]. Расія афіцыйна адмаўляла беларускую нацыю і беларускую мову; чыноўнікі беларускага паходжання звальняліся з дзяржаўных устаноў і замяняліся расійскімі[4].
Павел I і Аляксандр I не прымалі значных захадаў супраць распаўсюджвання польскай культуры і мовы, таму польскі ўплыў на беларускіх землях па яго вынішчэнні ў часы Кацярыны II дастаткова хутка аднавіўся і да канца першай чвэрці XIX ст. перавышаў рускі.
Па прыходзе да ўлады ў снежні 1825 года Мікалая I наступ на беларускую і польскую культуру аднавіўся і асабліва ўзмацніўся пасля паражэння паўстання 1830—1831 гадоў. Палітыка Мікалая I была накіраваная на вяртанне больш узмоцненай русіфікацыі і ўніфікацыі зямель Беларусі[3]. 16 верасня 1831 года ўтварыўся адмысловы «Заходні камітэт», які ставіў сабе за мэту «зраўняць Заходні край ува ўсіх адносінах з унутранымі велікарускімі губернямі»[3]. Міністр унутраных спраў Расійскай імперыі Пётр Валуеў падрыхтаваў для Камітэту спецыяльны «Нарыс пра сродкі абрусення Заходняга краю»[5].
25 чэрвеня 1840 года Мікалай I выдаў указ, паводле якога ўсе справы як ва ўрадавай, так і ў судовай частцы, не вылучаючы спраў дваранскіх і дэпутацкіх сходаў, а таксама ўвогуле ўсе акты, якога б узору і наймення яны ні былі, трэба было пісаць толькі рускай мовай. У афіцыйнай дакументацыі забаранялася карыстацца словамі «Беларусь» і «беларусы». Беларусь атрымала назву «Паўночна-Заходні край», адначасова скасоўваўся Статут Вялікага Княства Літоўскага[4].
Апроч таго, Мікалай I зацвердзіў пастанову пра перасяленне ў Беларусь «выхадцаў з унутраных губерняў, якія прынясуць з сабой у гэты край, які цураецца Расіі, нашу мову, звычай, прыхільнасць рускіх да трона»[6].
За Аляксандрам II назіраліся пэўныя паслабленні ў русіфікацыйных працэсах, але палітыка ўніфікацыі і інтэграцыі заходніх губерняў з іншымі тэрыторыямі Расійскай імперыі ўсё яшчэ трывала[3].
Па задушэнні паўстання 1863—1864 гадоў працэс русіфікацыі ўзначаліў генерал-губернатар М. Мураўёў, названы сучаснікамі Вешальнікам і Людаедам[7]. Асаблівую ўвагу начальнік «Паўночна-заходняга краю» надаваў русіфікацыі адукацыі, шырока вядомым з’яўляецца яго дэвіз:
Чаго не дарабіў рускі штык — даробіць рускія школа і царква
Арыгінальны тэкст (руск.)Что не доделал русский штык — доделает русская школа и церковь
Мураўёў запрасіў у Вільню прадстаўніка кансерватыўнага кірунку ў «заходне-русізме» Ксенафонта Гаворскага і спрыяў пераносу яго кіеўскага выдання «Веснік Паўднёва-Заходняй і Заходняй Расіі» пад новай назвай «Веснік Заходняй Расіі». Аднак, нягледзячы нават на ўвядзенне абавязковай падпіскі для духавенства і службоўцаў, часопіс не карыстаўся папулярнасцю, і ў 1871 годзе яго закрылі[8].
Звяртаючыся да беларускай шляхты Мураўёў казаў:
|
Апроч таго, істотнымі фактарамі русіфікацыі ў «Паўночна-заходнім краі» з’яўляліся падвышаныя (параўнальна з метраполіяй) аклады і разнастайныя прывілеі для чыноўнікаў-выхадцаў з цэнтральнай Расіі, а таксама расійскае войска, шматлікія гарнізоны якога стала размяшчаліся ў беларускіх гарадах і мястэчках[9].
У СССР
[правіць | правіць зыходнік]У адпаведнасці з савецкай камуністычнай тэорыяй працэс зліцця ўсіх народаў Савецкага Саюза ў адну нацыю мусіў адбывацца на падставе ўзаемнага скрыжавання нацыянальных элементаў усіх народаў, у тым ліку мовы. Насамрэч гэты працэс праводзіўся толькі на глебе рускай нацыянальнай базы — рускіх гісторыі, культуры, мовы і патрыятызму[10].
Кампанія супраць беларускай мовы была ўзнятая ў СССР на пачатку 1930-х гадоў. Палітыка русіфікацыі беларускай мовы знайшла сваё канкрэтнае адлюстраванне ў выдадзенай у 1931 годзе пад рэдакцыяй дырэктара Інстытуту Філасофіі Беларускай Акадэміі Навук акадэміка С. Я. Вальфсона «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі». Практычным завяршэннем першага этапу кампаніі русіфікацыі беларускай мовы зрабілася ўрадавая пастанова Савету народных камісараў БССР за 28 жніўня 1933 года «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу», якая датычыла не толькі правапісу, але і фанетычных і марфалагічных асаблівасцяў беларускай мовы.
У 1950 годзе Сталін пісаў[11]:
|
Адна з прадбачаных Сталіным занальных моў мелася паўстаць на базе рускай мовы.
Цягам усёй русіфікацыйнай кампаніі, якая пачалася ў 1930-х гадах ува ўсіх нярускіх мовах Савецкага Саюза адбываўся прыблізна адначасова працэс з аднолькавай рэакцыяй на яго з боку асобных народаў. Калі разгледзіць славянскія нярускія мовы СССР — беларускую і ўкраінскую — то ў звязку са сваяцтвам гэтых моў русіфікацыйны працэс у кожнай з іх з’яўляўся ідэнтычным ува ўсіх дэталях. У працэсе русіфікацыі неславянскіх моў — цюрскіх, моў народаў Каўказу, мовы балцкіх народаў — існавалі пэўныя фармальныя і колькасныя розніцы ад русіфікацыйнага працэсу ў беларускай альбо ўкраінскай мовах, але асноўныя мэты, на якія быў скіраваны гэты працэс, заставаліся аднолькавымі.
Рэалізацыя моўнай палітыкі ў БССР праводзілася ў двух кірунках, якія ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго, але паслядоўна вялі да поўнай нівеліравання беларускай мовы:
- Звужэнне сферы ўжытку беларускай мовы ў публічным жыцці і замена яе рускай;
- Усебаковая русіфікацыя дапушчанай да публічнага ўжывання беларускай мовы.
Кепская сітуацыя склалася з выданнем беларускамоўных кніг. Беларускамоўныя кнігі трымаліся на складах, не пушчаліся ў продаж, а потым спісваліся ў якасці затаваранай нехадавой прадукцыі, якую ніхто не хоча чытаць. Разам са змяншэннем накладаў і колькасці беларускамоўнай друкаванай прадукцыі, павялічвалася колькасць і ўдзельная вага рускамоўнай. У 1946 годзе наклад часопісаў на рускай мове ў БССР складаў 1 %, 1955 годзе ён дасягнуў 31 %. У 1970 годзе агульны наклад беларускамоўных кніг складаў 9 мільёнаў асобнікаў, рускамоўных — 16 мільёнаў[12].
26 мая 1983 была прынятая пастанова ЦК КПСС і Савету Міністраў СССР, аб павелічэнні на 15 % заробку настаўнікаў рускай мовы ў беларускамоўных школах. Пастанова прадугледжвала са студзеня 1984 года павелічэнне на 15 % стаўкі настаўнікаў падрыхтоўчых і другіх-трэціх класаў, якія ведалі рускую мову, і настаўнікаў рускай мовы і літаратуры ў 4—11 класах агульнаадукацыйных школ усіх тыпаў[12].
Русіфікацыя Фінляндыі
[правіць | правіць зыходнік]Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Лыч Л. Русіфікацыя // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 630. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- ↑ Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Т. 2. — Мн., 1940.
- ↑ а б в г Вячаслаў Швед. Эвалюцыя расійскай урадавай палітыкі адносна земляў Беларусі (1772—1863 г.) Архівавана 20 кастрычніка 2015. // «Гістарычны Альманах». Том 7, 2002.
- ↑ а б Мікалай Крыжаноўскі. Жывая крыніца ты, родная мова Архівавана 15 жніўня 2009. // «Народная Воля» № 65—66, 1 мая 2008.
- ↑ Миллер А. И. Планы властей по усилению русского ассимиляторского потенциала в Западном крае // «Украинский вопрос» в политике властей и русском общественном мнении (вторая половина XIX века). — СПб: Алетейя, 2000.
- ↑ Арлоў У. 1831. Нацыянальна-вызвольнае паўстанне супроць царызму // Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Мн., 1997.
- ↑ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 257.
- ↑ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я. Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7. С. 133.
- ↑ 86. Калі ў Беларусі пасяліліся рускія? Архівавана 16 верасня 2011. // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ Русіфікацыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. С. 136.
- ↑ И. Сталин. Марксизм и вопросы языкознания. — Москва, 1950.
- ↑ а б Беларуская Атлантыда: без бар’ераў. Русіфікацыя // «Радыё Свабода», 13 снежня 2007.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Станіслаў Станкевіч. Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу. — Мн.: Навука і тэхніка, 1994. — 79 с.
- Генадзь Лыч, Леанід Лыч. Паміж двух агнёў: Урокі гісторыі Архівавана 15 жніўня 2009..
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Ніна Баршчэўская. Русіфікацыя беларускай мовы ў асвятленні газеты «Беларус» Архівавана 20 кастрычніка 2015.
- Білінгвізм Архівавана 26 мая 2006. — плакат Уладзіміра Крукоўскага, 1988 г.
- Язык раздора // Om TV (руск.)