Перайсці да зместу

Сомерсет

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сомерсет
англ.: Somerset

Калі ласка, загрузіце выяву

Афіцыйныя сімвалы

Герб
Герб

Сцяг
Сцяг
Дэвіз: стар.-англ.: «Sumorsaete ealle» (Народ Сомерсета)
Сомерсет на карце Англіі
Гл. таксама Іншыя графствы Англіі
Статус Цырыманіяльнае неметрапольнае графства
Краіна Вялікабрытанія
Рэгіён Паўднёва-Заходняя Англія
Уключае 7 раёнаў
Адм. цэнтр Тонтан
Найбуйнейшы горад Бат
Інш. гарады Гластанберы, Брыджуотэр, Уэстан-сьюпер-Мэр, Уэлс, спіс месцаў у Сомерсеце  (англ.)
Дата ўтварэння гістарычнае  (англ.)
Плошча, усяго 4 170 км² (7-е месца)
Плошча, адм. 3 451 км² (12-е месца)
Код ISO 3166-2 GB-SOM
Код ONS 40
Код NUTS UKK23
Дэмаграфія (2011)
Насельніцтва, усяго 908 554 (22-е месца)
Шчыльнасць 218/км²
Насельніцтва, адм. 529 972 (23-е месца)
Палітыка
Афіцыйны сайт
Адміністрацыйны падзел
Сомерсет, адміністрацыйны падзел
  1. Паўднёвы Сомерсет  (англ.)
  2. Тонтан-Дзін  (англ.)
  3. Заходні Сомерсет  (англ.)
  4. Седжмур  (англ.)
  5. Мендып  (англ.)
  6. Бат і Паўночна-Усходні Сомерсет
  7. Паўночны Сомерсет
 Катэгорыя на Вікісховішчы: Somerset

Со́мерсет, або Со́мерсетшыр (англ.: Somerset, /ˈsʌmɚsɨt/ або /ˈsʌmɚsɛt/; паслухаць, корнск.: Gwlas an Hav) — цырыманіяльнае[en] і неметрапольнае[en] графства Англіі, размешчанае ў паўднёва-заходняй частцы краіны. Займаючы тэрыторыю ў 4171 квадратны кіламетр, Сомерсет мяжуе з Брысталем і Глостэршырам на поўначы, Уілтшырам на ўсходзе, Дорсетам на паўднёвым усходзе і Дэванам на паўднёвым захадзе. На поўначы і захадзе тэрыторыя графства часткова абмежавана Брыстальскім залівам і вусцем ракі Северн. Сталіцай графства з'яўляецца горад Тонтан, размешчаны ў яго паўднёвай частцы. Насельніцтва Сомерсета — 910 тысяч жыхароў (паводле даных перапісу насельніцтва 2011 года).

Тэрыторыя графства ўяўляе сабой галоўным чынам сельскую моцна пагорыстую мясцовасць. Існуюць доказы таго, што пачынаючы з эпохі палеаліту ў данай мясцовасці існавалі паселішчы людзей, якія захоўваліся і ў першым стагоддзі нашай эры падчас рымскага ўварвання, і ў наступнае ранняе Сярэднявечча падчас панавання англасаксаў. Сомерсет адыграў значную ролю падчас збору сіл супраць вікінгаў Альфрэдам Вялікім, а таксама ў пазнейшай рэвалюцыі і паўстанні Монмута.

Сельская гаспадарка з'яўляецца асновай эканомікі графства. Гадоўля авечак і буйной рагатай жывёлы, у тым ліку для воўны і сыра (перш за ўсё чэдэр), адначасова з'яўляецца як традыцыйным, так і сучасным заняткам для рэгіёна, гэтак жа як і больш незвычайная дзейнасць па вырошчванні вярбы для пляцення кошыкаў. Калісьці ў Сомерсеце было мноства яблыневых садоў, і графства дагэтуль славіцца сваім моцным сідрам. Узровень беспрацоўя ніжэйшы, чым у сярэднім па краіне. Найбуйнейшымі сектарамі занятасці з'яўляюцца рознічны гандаль, прамысловасць, турызм, ахова здароўя і сацыяльнае забеспячэнне. Рост насельніцтва вышэйшы, чым у сярэднім па краіне.

Назва паходзіць ад старажытнаанглійскага слова Sumorsǣte, якое ў сваю чаргу з'яўляецца скарачэннем ад Sumortūnsǣte, якое азначае «людзі, якія жывуць у Сомертане[en] або якія залежаць ад яго»[1]. Першае вядомае выкарыстанне назвы Somersæte адносіцца да 845 года, пасля захопу тэрыторыі саксамі[2]. Sumortūn, а таксама яго сучасны аналаг Somerton, можа азначаць «летняе паселішча», фермерскі дом, які выкарыстоўваецца толькі ў летні перыяд[3]. Паводле іншай версіі назва паходзіць ад Seo-mere-saetan, што азначае «пасяленцы на беразе мора-возера»[4]. Жыхары Сомерсета ўпершыню згадваюцца ў англасаксонскіх хроніках ад 845 года, у змененай форме слова: Sumursætum, аднак першыя згадкі графства, якія адносяцца да 1015 годзе, выкарыстоўваюць правільны варыянт. Архаічная назва графства — Somersetshire — упершыню згадваецца ў хроніках за 878 год.

Першыя паселішчы

[правіць | правіць зыходнік]

Пячоры ўзгоркаў Мендып-Хілс[en] былі заселены ў эпоху палеаліту[5] і на гэты момант з'яўляюцца археалагічнымі помнікамі. Косці з пячоры Гоф[en], напрыклад, адносяцца да перыяду 12 000 гадоў да н.э., а цэлы шкілет, вядомы як Чалавек з Чэдара датуецца 7150 годам да н.э. Таксама ў пячорах Сомерсета было знойдзена мноства малюнкаў таго часу.

Засяленне прыбярэжных тэрыторый графства, у прыватнасці старажытнага горада Гластанберы і мясцовасці каля 137-мятровага ўзгорка Брэнт-Кнол[en], таксама мае доўгую гісторыю, якая бярэ пачатак з першых паселішчаў паляўнічых эпохі мезаліту[6][7]. Частыя перамяшчэнні спрыялі будаўніцтву Світ-Трэка — адной з найстаражытных дарог у Паўночнай Еўропе, якая датуецца 3807-3806 г. да н.э.[8][9][10]

Дакладны ўзрост хенджа недалёка ад вёскі Стантан-Дру[en] невядомы, але лічыцца, што збудаванне належыць да эпохі неаліту[11]. Таксама вядома мноства паселішчаў жалезныя вякі, некаторыя з якіх з'явіліся паўторна ў раннім сярэднявеччы.

Рымскае ўварванне

[правіць | правіць зыходнік]

У дарымскі час тэрыторыю Сомерсета насялялі брыцкія плямёны дуратрыгаў, якія карысталіся некаторай аўтаноміяй і ў рымскі час (племянной сталіцай дуратрыгаў лічыцца горад, што знаходзіўся на месцы цяперашняга Ільчэстэра). Эканамічнаму развіццю тэрыторыі і яе частковай раманізацыі ў тыя гады спрыялі здабыча солі, распрацоўка свінцовых руд і крыніцы, якія лічыліся свяшчэннымі і дзякуючы якім горад Бат, цэнтр тэрыторыі, стаў у тыя гады досыць буйным паселішчам.

У канцы IV стагоддзя рымская адміністрацыя ў Брытаніі саслабла, эканамічныя сувязі з мацерыком спыніліся і ў Сомерсеце і на прылеглым да яго паўвостраве Корнуал аднавілася племянное кіраванне — гэтыя тэрыторыі ўвайшлі ў склад каралеўства Думнонія, пра якое вядома вельмі мала. Сомерсет быў перыферыяй каралеўства і ў канцы VI стагоддзя (традыцыйная дата — 577 год) быў захоплены Уэсэксам. У далейшым тэрыторыя, дзякуючы сваім рэсурсам, была аб'ектам барацьбы паміж Уэсэксам і Мерсіяй, пакуль да пачатку X стагоддзя не ператварылася ў апору супраціўлення англасаксаў скандынавам. У 973 у Баце быў каранаваны кароль Англіі Эдгар.

Сомерсет у перыяд Сярэднявечча

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля нарманскага заваявання ў Сомерсеце была пабудавана вялікая колькасць умацаваных замкаў, якія служылі ў якасці рэзідэнцый мясцовым баронам. Дзякуючы мяккаму клімату і доўгай гісторыі аграрнага асваення, Сомерсет з'яўляўся важным сельскагаспадарчым рэгіёнам у Англіі. Пра яго адноснае багацце сведчыць вялікая колькасць цэркваў і манастыроў.

Пасля эпідэміі чумы ў XIV стагоддзі (гл. Чорная смерць) насельніцтва графства скарацілася прыкладна ўдвая, а земляробства з-за недахопу рабочых рук было заменена на авечкагадоўлю і ў XV—XVI стагоддзя Сомерсет стаў цэнтрам вытворчасці воўны. У гэты ж час пачалася здабыча вуглю.

Новы і найноўшы час

[правіць | правіць зыходнік]

У XVII стагоддзі тэрыторыя графства была спустошана падчас Англійскай рэвалюцыі і паўстанняў супраць Якава II, многія ўдзельнікі якіх былі пакараны смерцю ці сасланы. У той жа час Бат і наваколлі становяцца папулярным месцам правядзення адпачынку арыстакратыі. Падчас Прамысловай рэвалюцыі ў Англіі эканамічнае значэнне Сомерсета паступова памяншаецца і ўжо да канца XIX стагоддзя ён ператварыўся ў сельскую глыбінку.

Цяпер важную ролю ў эканоміцы графства адыгрывае турызм.

Большую частку тэрыторыі Сомерсета можна падзяліць на некалькі тыпаў, вызначаных геалогіяй мясцовасці. Гэта карставыя вапнякі на поўначы, гліністыя даліны і забалочаныя ўчасткі ў цэнтры, ааліты на ўсходзе і поўдні рэгіёна, а таксама пясчанік дэвонскага перыяду на захадзе[12].

На паўночны ўсход ад маланаселеных прыбярэжных раўнін і балот размяшчаецца Мендып-Хілс[en] — шэраг умерана высокіх вапняковых узгоркаў. Цэнтральная і заходняя часткі Мендып-Хілс уваходзяць у спецыяльны спіс значных прыродных аб'ектаў[en] з 1972 года і займаюць 198 кв.км. Галоўным чынам гэтыя ўзгоркі з'яўляюцца пашамі, толькі невялікая колькасць выкарыстоўваецца ў якасці ворных земляў[13].

На паўднёвым захадзе размяшчаюцца ўзгоркі Квантак-Хілс[en], якія атрымалі ў 1956 годзе першымі ў Англіі статус выключна прыгожага прыроднага аб'екта[en]. Сярод узгоркаў можна выявіць верасовыя пустэчы, дубовыя лясы, старажытныя паркі з іглічнымі дрэвамі. Увесь аб'ект займае плошчу ў 99 квадратных кіламетраў[14].

На тэрыторыі Сомерсета знаходзіцца вялікая сетка пячор, уключаючы напрыклад Вукі-Хол[en] і знакамітую пячору Гофа — помнік археалогіі каменнага веку; працякае мноства падземных рэк; адзначана вялікая колькасць разнастайных цяснін, такіх як Эбар[en] і Чэдэр[en][15]. Апроч падземных рэк, у Сомерсеце значная колькасць звычайных рэк, сярод якіх Акс, Бру[en], Кэры[en], Парэт[en], Шэпі[en], Тон[en], Еа  (англ.). Менавіта значная колькасць рэк з'яўляецца галоўнай прычынай забалочанасці заходняга Сомерсета[16]. На поўначы графства рака Ч'ю[en] упадае ў буйнейшую раку Эйван. Рака Парэт[en] цягнецца амаль да горада Лэнгпарт[en], на яе берагах захаваліся сляды двух прычалаў часоў рымскага ўварвання[17].

Паўночная мяжа Сомерсета складаецца з 64 кіламетраў берагавой лініі Брыстальскага заліва і вусця ракі Северн. Па вышыні прыліваў Брыстальскі заліў займае другое месца ў свеце. Вышыня прыліваў увесну ў асобных месцах дасягае 12 метраў[18]. У графстве распрацаваны праект па будаўніцтве плаціны для выкарыстання гэтай энергіі[19]. Асноўныя прыбярэжныя гарады з захаду на паўночны ўсход: Уэстан-сьюпер-Мэр, Майнхед[en], Уотчэт[en], Барнем-он-Сі[en], Клеведан[en], Портысхед. Прыбярэжная зона паміж Майнхедам і самым усходнім пунктам у Брын-Даўн[en] з'яўляецца нацыянальным прыродным запаведнікам Англіі[en][20].

Таксама як і ў астатняй паўднёва-заходняй Англіі клімат Сомерсета мякчэйшы і больш вільготны, чым на тэрыторыі астатняй часткі Англіі[21]. Сярэднегадавая тэмпература графства — 10 °C. Ліпень і жнівень з'яўляюцца самымі цёплымі месяцамі ў годзе з сярэднясутачнымі максімумамі каля 21 °C. Узімку сярэдняя мінімальная тэмпература каля 1°[21]. Сярэднегадавая колькасць сонечных гадзін — 1600, што трохі менш, чым у сярэднім па рэгіёне. Сярэдняя колькасць ападкаў складае каля 700 мм. Звычайна ў год бывае 8-15 дзён снегапада. З лістапада па сакавік хуткасць ветру максімальная, а з чэрвеня па жнівень мінімальная. Пераважным ветрам з'яўляецца паўднёва-заходні.

Клімат
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Абсалютны максімум, °C 8,1 8,3 10,6 12,9 16,5 19,3 21,7 21,5 18,6 14,8 11,1 9,0 14,4
Абсалютны мінімум, °C 1,4 1,3 2,7 3,7 6,8 9,7 11,9 11,7 9,6 6,9 3,6 2,4 6,0
Норма ападкаў, мм 72,0 55,6 56,5 47,3 48,9 57,2 48,9 56,6 64,5 67,9 65,8 83,3 724,5
Крыніца: [22]

Згадванні ў культуры

[правіць | правіць зыходнік]

Рэжысёр Эдгар Райт зняў фільм «A Fistful of Fingers», у якім дзеянне адбываецца ў горадзе Уэлсе, графства Сомерсет, а тэглайн гучыць наступным чынам: «Найвялікшы вестэрн з калі-небудзь зробленых у… Сомерсеце». Таксама ў Сомерсеце адбываецца дзеянне іншага фільма рэжысёра «Dead Right».

  1. Watts, Victor (Ed.) (2004). The Cambridge Dictionary of English Place-Names. Cambridge University Press. ISBN 0-521-36209-1.
  2. Somersetshire. 1911 Encyclopaedia Britannica. Архівавана з першакрыніцы 21 сакавіка 2013. Праверана 21 October 2007.
  3. Mesolithic hunters and fishermen(недаступная спасылка). Somerset History. Архівавана з першакрыніцы 21 сакавіка 2013. Праверана 29 красавіка 2015.
  4. Whitlock, Ralph (1975). Somerset. London: B.T. Batsford Ltd. ISBN 978-0-7134-2905-3.
  5. Introduction. Somerset Government. Архівавана з першакрыніцы 21 сакавіка 2013. Праверана 29 красавіка 2015.
  6. Dunning, Robert (1983). A History of Somerset. Chichester: Phillimore & Co. ISBN 0-85033-461-6.
  7. Somerset. Camelot Village: Britain's Heritage and History. Архівавана з першакрыніцы 21 сакавіка 2013. Праверана 29 красавіка 2015.
  8. Anon. London's earliest timber structure found during Belmarsh prison dig. physorg.com News. PhysOrg.com (12 жніўня 2009). Архівавана з першакрыніцы 21 сакавіка 2013. Праверана 29 красавіка 2015.
  9. The day the Sweet Track was built. New Scientist, 16 June 1990. Архівавана з першакрыніцы 21 сакавіка 2013. Праверана 29 красавіка 2015.
  10. Brunning, Richard (2001). «The Somerset Levels.» In: Current Archaeology, Vol. XV, (No. 4), Issue Number 172 (Wetlands Special Issue), (February 2001), Pp 139—143. ISSN 0011-3212.
  11. Stanton Drew Stone Circles. English Heritage. Архівавана з першакрыніцы 21 сакавіка 2013. Праверана 29 красавіка 2015.
  12. Somerset Geology (PDF)(недаступная спасылка). Good Rock Guide. Архівавана з першакрыніцы 4 красавіка 2013. Праверана 29 красавіка 2015.
  13. Frequently Asked Questions. Mendip Hills AONB. Архівавана з першакрыніцы 4 красавіка 2013. Праверана 10 July 2011.
  14. Quantock Hills AONB Service Website. Quantock Hills AONB. Somerset County Council. Архівавана з першакрыніцы 4 красавіка 2013. Праверана 20 студзеня 2022.
  15. Somerset. English Nature, Special Sites, Somerset Geology. Архівавана з першакрыніцы 4 красавіка 2013. Праверана 13 November 2010.
  16. Somerset Rivers. Somerset Rivers. Архівавана з першакрыніцы 4 красавіка 2013. Праверана 29 красавіка 2015.
  17. Hadfield, Charles (1999). Canals of Southern England. London: Phoenix House Ltd.
  18. Coast: Bristol Channel. BBC. Архівавана з першакрыніцы 6 чэрвеня 2013. Праверана 6 чэрвеня 2013.
  19. Fifth periodical report – Volume 4 Mapping for the Non-Metropolitan Counties and the Unitary Authorities (PDF). The Boundary Commission for England. Архівавана з першакрыніцы 7 чэрвеня 2013. Праверана 29 красавіка 2015.
  20. Bridgwater Bay NNR. National Nature Reserves. Natural England. Архівавана з першакрыніцы 6 чэрвеня 2013. Праверана 29 красавіка 2015.
  21. а б South West England: climate(недаступная спасылка). Met Office. Архівавана з першакрыніцы 6 чэрвеня 2013. Праверана 29 красавіка 2015.
  22. Yeovilton 1971–2000 averages(недаступная спасылка). Met office. Архівавана з першакрыніцы 6 чэрвеня 2013. Праверана 29 красавіка 2015.
pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy