Трактар (стадыён, Мінск)
«Трактар» | |
---|---|
Месцазнаходжанне | Беларусь, Мінск, вуліца Ванеева, 3 |
Пабудаваны | 1950-я |
Рэканструяваны | 1997—2000 |
Архітэктар | Валерый Багавеевіч Садыкаў |
Хатняя каманда |
«Іслач», «Мінск» |
Умяшчальнасць | 17 600[1] |
Памеры поля | 105×68 м |
Пакрыццё | натуральнае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
«Трактар» — футбольны стадыён у Мінску, Беларусь. У сезоне 2020 года з’яўляецца хатняй арэнай для футбольных клубаў «Іслач» і «Мінск», якія выступаюць у Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Умяшчальнасць стадыёна складае 17 600 месцаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Будаўніцтва спартыўнай арэны пачалося ў 50-я гады XX стагоддзя. Пасля ўзвядзення драўляных трыбун на стадыёне пачалі праводзіць спаборніцтвы сярод работнікаў Мінскага трактарнага завода. Пад канец 1950-х гадоў быў пабудаваны першы ярус арэны. У 1976 абласны савет «Чырвоны Сцяг» перадаў спартыўны аб’ект на баланс МТЗ. У тым жа годзе пачалася рэканструкцыя стадыёна. Над заходняй трыбунай быў надбудаваны другі ярус, па перыметры арэны былі ўзведзены земляныя трыбуны. З’явіліся асвятляльныя мачты і дрэнаж футбольнага поля.
У 1978 годзе пасля закрыцця стадыёна «Дынама» на капітальны рамонт матчы чэмпіянату СССР па футболе пачалі праводзіць на «Трактары», у тым ліку і спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. Падчас летніх Алімпійскіх гульняў 1980 «Трактар» стаў алімпійскай рэзервовай арэнай.
З 1992 года стадыён стаў прымаць матчы чэмпіянату Беларусі па футболе. Новая рэканструкцыя спартыўнага аб’екта пачалася ў 1997 годзе і скончылася ў маі 2000, калі арэна набыла сучасны выгляд. Былі ўсталяваныя індывідуальныя пластыкавыя сядзенні, замест земляных трыбун былі ўзведзены жалезабетонныя, падтрыбунныя памяшканні сталі адпавядаць еўрапейскім стандартам. Газон на стадыёне натуральны, усталявана электроннае табло. Памеры поля — 105×68 метраў. Падагрэў і штучнае асвятленне футбольнага поля адсутнічаюць.
29 мая 2011 года на стадыёне адбыўся фінал Кубка Беларусі 2010/2011, у якім футбольны клуб «Гомель» перамог гродзенскі «Нёман». З 2013 па 2018 год спартыўная арэна з’яўлялася хатняй для мінскага «Дынама». У студзені 2019 побач з «Трактарам» пачалася падрыхтоўка тэрыторыі да будаўніцтва Нацыянальнага футбольнага стадыёна Беларусі. У сувязі з гэтым разглядаецца пытанне аб чарговай рэканструкцыі састарэлага спартыўнага аб’екта.