Перайсьці да зьместу

Манэта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Манэта літоўскага паўгроша 1548 году

Манэ́та (па-лацінску: moneta) — грашовы мэталічны (шкляны, парцалянавы, кардонны ці інш. ) знак дыскападобнай формы з нанесенымі на ім клеймамі — штэмпелямі. Большасьць манэтаў б’ецца з двух бакоў. Адпаведна кожны бок мае свой назоў — авэрс і рэверс. Бакавое поле манэты называецца рантам. Вырабляецца на адмысловым прадпрыемстве — мынцы.

Асноўнымі мэталамі манэты зьяўляюцца золата, срэбра, білон, медзь, бронза, нікель, алюмін, жалеза. Сучасныя манэты выбіваюцца са сплаваў.

Кожная манэта мае сваю вартасьць — намінал. У старыя часы намінал раўняўся вазе і вартасьці каштоўнага мэталу.

Назва традыцыйна зьвязаная з эпітэтам рымскай багіні Юноны Манэты (лац. Yuno Moneta) ад лацінскага moneo — раіць, уладжваць. Згодна паданьня Юнона дала рымлянам грошы на вайну з эпірскім царом Пірам і дапамагла перамагчы. У 275 годзе да н. э. Пір быў канчаткова пераможаны. У гонар Юноны ў ейны храм была перанесена мынца (манэтны двор).

Згодна Герадоту, радзімаю манэты зьяўляецца азіяцкая дзяржава Лідыя. Сучаснымі археолягамі знойдзеныя ў тых мясьцінах манэты канца VII стагодзьдзі да н. э. Гэта на некалькі дзесяцігодзьдзяў раней за вядомыя грэцкія манэты.

Манэты якасьці «пруф» (анг. proof, ням. Polierte Platte, радзей Spiegelglanz) — гэта манэты найвышэйшае якасьці. Пры іхняй вытворчасьці выкарыстоўваюцца адмысловыя станкі і асаблівыя спосабы апрацоўкі нарыхтовак і чаканнага інструманту. Манэты якасьці пруф маюць цалкам роўную люстравую паверхню. Выява рэльефу — выразная, з добра бачнымі драбнюткімі дэталямі. Манэты дастаюцца са станка рукамі і адразу ж запайваюцца ў празрыстыя плястыкавыя аркушы або зьмяшчаюцца ў адмысловыя капсулы, каб засьцерагчы іх ад кантакту зь цьвёрдымі прадметамі і рукамі.

Манэты палепшанае якасьці «анцыркулэйтэд» (анг. brilliant uncirculated, ням. Stempelfrich) выгатоўліваюцца на звычайных станках з выкарыстаньнем звычайных, але болей дбайна апрацаваных нарыхтовак і інструмантаў. Манэты маюць роўную бліскучую паверхню поля і рэльефу, выразныя, ясныя рысы малюнку. Манэты пакуюцца ў мяккі ці цьвёрды празрысты мастык, што засьцерагае іх ад кантакту зь цьвёрдымі прадметамі і рукамі.

«Курсавыя манэты» прызначаныя для рэальнага грашовага звароту, б’юцца значнымі накладамі і не патрабуюць пакаваньня. Для іх вытворчасьці ўжываюцца высокапрадукцыйныя аўтаматызаваныя тэхналёгіі, так званае традыцыйнае біцьцё (чаканка). Для іх характэрныя мэханічныя пашкоджаньні: пацёртасьці, драпіны, увагнутасьці, задзірыны, насяканьні і да т. п.[1]

  1. Асадная — надзвычайных абставінаў, што чаканілася ў абложаных гарадах;
  2. Белая — срэбраная паўнавартасная XIV—XVIII ст.;
  3. Бітая — паўнавартасная XVII—XVIII ст.;
  4. Бракаваная — сьцёртая, абрэзаная або папсаваная XVII—XVIII ст., што страціла частку першапачатковай вартасьці;
  5. Важная — паўнавартасная, што захавала пры абарачэньні ад пашкоджаньняў першапачатковую вагу;
  6. Гладкая — са сьцёртымі адбіткамі і стратай першапачатковай вагі ў выніку працяглага абарачэньня;
  7. Грубая — буйная срэбраная XVII—XVIII ст.;
  8. Данатыва — выпушчаная абмежаваным накладам для дараваньня выдаўцом прывілеяваным асобам;
  9. Добрая — паўнавартасная высокай пробы;
  10. Дробная — разьменная XV—XVII ст.;
  11. Злая — непаўнавартасная XVI—XVIII ст.;
  12. Зубчастая — з зубчастым гуртам дзеля ўскладненьня падробкі;
  13. Канстытуцыйная — паўнавартасная XVIII ст., што пераводзілася ў медныя;
  14. Крэдытная — надзвычайных абставінаў, заяўная вартасьць якой перавышае сапраўдную;
  15. Навадзел — вырабленая для зьбіраньня і прадстаўленьня на выставах;
  16. Надзвычайных абставінаў — выпушчаная для дзяржаўных плацяжоў за мяжой;
  17. Новая — першы выпуск якой суправаджаўся выключэньнем з абарачэньня састарэлай;
  18. Нямая — пазбаўленая надпісаў;
  19. Падробка — фальшывая высокай вартасьці, вырабленая для збыту зьбіральнікам;
  20. Памятная — выбітая ў гонар знамянальнай падзеі;
  21. Паўнавартасная — заяўная вартасьць якой супадае з сапраўднай;
  22. Перайманьне — якая ўдае зьнешні выгляд замежнай;
  23. Плятынавая — з ачышчанай плятыны XIX ст.;
  24. Подлая — нізкапробная XVII—XVIII ст., заяўная вартасьць якой перавышае сапраўдную;
  25. Пробная — досьледна адбітая новым штэпмелем для зацьвярджэньня ў шырокі выпуск;
  26. Разьменная — заяўная вартасьць якой перавышае сапраўдную, што ёсьць не грашыма, але толькі іх знакам;
  27. Старая — разьменная XVI—XVIII ст.;
  28. Субэратная — фальшывая, адчаканеная зь невысакароднага мэталу з далейшым залачэньнем або срэбраньнем;
  29. Фальшывая — якая незаконна ўдае дзяржаўны выпуск грошай у мэтале;
  30. Цалковая — сапраўдная срэбраная або залатая паўнавартасная;
  31. Цьвёрдая — паўнавартасная XVII—XVIII ст[2].
  1. ^ Ровдо Яна (5 кастрычніка 2009) Памятные монеты. Изготовление и распространение монет в Беларуси (рас.) Финансовая грамотность. InfoBank.by. Праверана 14 верасьня 2010 г.
  2. ^ Археалёгія і нумізматыка Беларусі / В. Гетаў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 1993. — С. 394-403. — 702 с. — 15 000 ас. — ISBN 5-85700-077-7

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Манэтасховішча мультымэдыйных матэрыялаў

pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy