Перайсьці да зьместу

Скалістыя горы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Скалістыя горы
Найвышэйшы пункт
Элбэрт[d]
Вышыня 4401 м н. у. м.
Памеры
Даўжыня
  • 3000 км
Шырыня 650 км
Геаграфія
Месцазнаходжаньне Брытанская Калумбія, Албэрта, Айдага, Мантана, Ваёмінг, Юта, Каларада і Нью-Мэксыка
Кантынэнт Паўночная Амэрыка
Краіна
Горная сыстэма Кардыльеры

Скалі́стыя го́ры (па-ангельску: Rocky Mountains) — усходні ланцуг Кардыльераў, які расьцягнуўся на 4800 км, ад ракі Ліярд у Брытанскай Калюмбіі (Канада) да ракі Рыё Грандэ ў штаце Нью-Мэксыка (ЗША).

Горы збудаваныя з асадкавых і вульканічных пародаў. На поўнач ад Скалістых гор разьмяшчаецца ўзвышша Елаўстоўн, на ўсходзе — Вялікія раўніны. Найвышэйшая гара — гэта Элбэрт (4401 м) у штаце Каларада. Найвышэйшая гара ў канадзкай частцы гор — Робсан (3954 м).

Геаграфія і геалёгія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мапа разьмяшчэньня Скалістых гор.

Некаторыя горы паўднёвай часткі ланцугу гор фармаваліся пад час дакембру (3980 млн — 600 млн гадоў таму), а больш маладыя ланцугі Скалістых гор сфармаваліся ў крэйдавым пэрыядзе (140 млн — 60 млн гадоў таму). Скалістыя горы складаюцца з вульканічных і тэраморфных парод; больш маладая частка год (паўднёвая частка) — з асадкавых парод, вульканічныя горы, якія фарміраваліся ў трэцічны пэрыяд (65 млн — 1,8 млн гадоў таму), разьмешчаныя ў ланцугу гор Сан-Хуан.

Лёдавы пэрыяд у Скалістых гарах цягнуўся ад эпохі плейстацэну (1,8 млн — 70 000 гадоў таму), да эпохі галацэну (11 000 гадоў таму). Мяжа аблядненьня ў апошні лёдавы пэрыяд праходзіла праз возера Бул, якое ўзьнікла 150 000 гадоў таму, і раёну Пінедал, які хутчэй за ўсё быў пакрыты лёдам да 15 000 — 20 000 гадоў таму. 90% Нацыянальнага парку Елаўстоўн было пакрыта лёдам пад час «малага аблядненьня», якое доўжылася некалькі стагодзьдзяў ад 1560 да 1860 году.

Вада і лёд утварылі сёньняшні выгляд Скалістых гор. Ледавікі і сьнег сілкуюць рэкі і азёры Скалістых гор, забяспечваючы вадой ¼ паверхні ЗША. Рэкі, якія выплываюць са Скалістых гор, упадаюць у тры акіяны: Атлянтычны, Ціхі і Арктычны. Гэта рэкі Арканзас, Атабаска, Каларада, Калумбія, Фрэйзэр, Кутэнаў, Мізуры, Піс, Плат, Рыё Грандэ, Саскачэван, Снэйк, Елаўстоўн

Клімат і экалёгія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Скалістыя горы ў Ваёмінгу.

У Скалістых гарах маецца шэраг фактараў, якія ўплываюць на фармаваньне фактараў навакольнага асяродзьдзя. Горы месьцяцца на шырыні паміж ракой Ліярд у Брытанскай Калумбіі, ток бок 59° паўночнай шыраты, і Рыё Грандэ ў штаце Нью-Мэксыка, то бок 35° паўночнай шыраты. Прэрыі займаюць тэрыторыі на вышыні 550 мэтраў над узроўнем мора або ніжэй, а найвышэйшым пунктам горнага хрыбта ёсьць гара Элбэрт, якая сягае 4400 мэтраў. Колькасьць ападкаў вагаецца ад 250 мілімэтраў у год у паўднёвых далінах[1] да 1500 мілімэтраў у год у паўночных вяршынях[2]. Сярэдняя тэмпэратура студзеня можа вагацца ад −7°C у Прынс-Джорджы правінцыі Брытанская Калумбія, да 6°C у Трынідадзе, які месьціцца ў Каларада[3]. Такім чынам, бракуе адзінай маналітнай экасыстэмы ўсяго хрыбту Скалістых гор.

Замест гэтага эколягі палучаюць некалькі біятычных зонаў. Кожная зона вызначаецца тым, ці зьмяшчае яна дрэвы на сваёй тэрыторыя, а таксама зважаецца наяўнасьць альбо брак аднаго ці некалькіх відаў-індыкатараў. Дзьве зоны, дзе не растуць дрэвы, — гэта раўніны і горная тундра. Вялікія раўніны ляжаць на ўсход ад Скалістых гор і вылучаюцца прэрыйнымі травамі вышынёю ніжэй 550 мэтраў. Горная тундра сустракаецца ў рэгіёнах па-над лініяй дрэваў Скалістых гор, якая вар’іруецца ад 3700 мэтраў у Нью-Мэксыка да 760 мэтраў на паўночным ускрайку Скалістых гор ля Юкану.

Ягнё таўстарогу, віду, які значна пацярпеў ад заселяньня чалавекам рэгіёну.

Геалягічная служба ЗША вызначае дзесяць лясных зонаў у Скалістых гарах. Зоны ў больш паўднёвых, больш цёплых або сухіх рэгіёнах вылучаюцца прысутнасьцю хвоі і ядлоўца, хвоі жоўтай або дуба ўкупе з хвояй. У больш паўночных, больш прахалодных або вільготных рэгіёнах зоны вызначаюцца паводле наяўнасьці дугласіі шызай, каскаднымі відамі (напрыклад, заходняй тсугай), відамі pinus contorta і populus tremuloides або піхтамі ў сумесі зь ялінамі. Ля лясных межаў зоны могуць утрымліваць хвою белакорую або мешаніну з хвоі Вэймутава, піхты і ялінаў, утвараючы, такім чынам, хмызьняк крывалесься. Нарэшце, рэкі і каньёны могуць стварыць унікальную лясную зону ў больш засушлівых частках горнага сьцягу[4]. Лясы таёжнага тыпу растуць на наветраных схілах гор пераважна на поўначы.

Скалістыя горы ёсьць важным арэалам пражываньня многіх дзікіх жывёлаў, як то ваўкоў, ласёў, чарнахвостых і белахвостых аленяў, віларогаў, сьнежнай казы, таўстарогаў, амэрыканскіх барсукоў, чорных мядзьведзяў, грызьлі, каётаў, канадзкіх рысяў, усходніх пумаў і расамахаў[4]. Найвялікшыя статкі ласёў у Паўночнай Амэрыцы насяляюць перадгорныя лясы Албэрты і Брытанскай Калумбіі.

Статус большасьці відаў у Скалістых гарах невядомы праз нястачу ўсіх зьвестак. Эўрапейскае засяленьне гор негатыўна паўплывала на мясцовыя віды. Гэтак значна зьнізіліся папуляцыі заходняамэрыканскіх рапухаў, некаторых рыбаў (як то белага асётра), белахвостай курапатвы, лебедзя-трубача і таўстарогаў. У частцы горнага хрыбту ў ЗША такія драпежнікі, як то мядзьведзі грызьлі і зграі ваўкоў, былі выціснутыя з сваіх першапачатковых арэалаў, але іхныя папуляцыі часткова аднавіліся дзякуючы захадам аховы і рэінтрадукцыі. Сярод іншых відаў, якія аднаўляюць сваю папуляцыю, вылучаюцца белагаловы арол і сапсан[4].

Гісторыя асваеньня чалавекам

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Руіны старажытнага індзейскага гораду ў нацыянальным парку Мэса-Вэрдэ.

Пачынаючы з апошняга вялікага ледавіковага пэрыяду, Скалістыя горы былі домам для карэнных народаў, у тым ліку апачаў, арапаха, банокаў, чарнаногіх, шаенаў, кёр-д’аленаў, пан-д’арэяў, кроў, шашонаў, лакотаў ды іншых. У перадгор’ях і далінах гор палеаіндзейцы палявалі на цяпер вымерлых мамантаў і старажытных бізонаў, апошнія з памянёных былі большыя на 20% за сучасную жывёлу. Як і сёньня плямёны палеаіндзейцаў, верагодна, мігравалі на раўніны на восень і зіму, ходзячы па бізоны, і вярталіся ў горы вясной і летам па рыбу, аленяў, ласёў, карэньні і ягады. Маюцца пэўная колькасьць навуковых доказаў таго, што карэнныя народы рабілі значны ўплыў на папуляцыі сысуноў шляхам паляваньня і на расьліннасьць праз наўмыснае выпальваньне лясоў[4].

Эўрапейская прысутнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Шлях Чэрокі блізу форта Колінз на замалёўцы, зробленаму 7 чэрвеня 1859 году.

Эўрапейцы ўпершыню зьявіліся на тэрыторыі Скалістых гор у XVI стагодзьдзі. Гішпанскі дасьледнік Франсіска Васкес дэ Каранада з купай жаўнераў і місіянэраў рушыў у рэгіён Скалістых гор з поўдня ў 1540 годзе[5]. У 1610 годзе гішпанцы заклалі тут горад Санта-Фэ, найстарэйшую сталіцу сярод усіх штатаў ЗША, ля падножжа Скалістых гор у сучасным штаце Нью-Мэксыка. Зьяўленьне коней, мэталічных прыладаў працы, стрэльбаў, новых хваробаў і культуры глыбока зьмянілі індзейскі лад жыцьця. Карэнныя амерыканцы былі вынішчаныя з большасьці сваіх гістарычных арэалаў хваробамі, вайной, стратай асяродзьдзя пражываньня і працяглымі нападамі на іхную культуру[4].

У 1739 годзе францускія гандляры пушнінай П’ер і Поль Мале, падарожнічаючы праз Вялікія раўніны, адкрылі ў вытоках ракі Плат горны ланцуг, які мясцовыя індзейскія плямёны назвалі Скалістымі гарамі, стаўшы першымі эўрапейцамі, якія паведамілі пра гэта нязьведаны горны масіў[6].

Сэр Аляксандар Макензі блізу 1800 году.

Сэр Аляксандар Макензі быў першым эўрапейцам, які перасёк Скалістыя горы ў 1793 годзе[7]. Ён знайшоў вярхоўі ракі Фрэйзэр і дасягнуў ціхаакіянскага ўзьбярэжжа сучаснай Канады 20 ліпеня таго ж году, завяршыўшы першае зафіксаванае транскантынэнтальнае перасячэньне Паўночнай Амэрыкі на поўнач ад Мэксыкі[8]. Ён дакрочыў да Бэла-Кулы, што сёньня месьціцца ў Брытанскай Калумбіі, дзе ўпершыню дасягнуў затокі Саўт-Бэнтынк ля Ціхага акіяна. Экспэдыцыя Льюіса і Кларка, якая трывала з 1804 па 1806 гады, была першай навуковай выведкай Скалістых гор[9]. Падчас выправы зьбіраліся ўзоры дзеля вывучэньня батанікамі, заолягамі і геолягамі. Як казалі, экспэдыцыя праклала шлях праз Скалістыя горы для эўрапейцаў з Усходу, але Льюіс і Кларк падчас сваіх вандровак сустрэлі як мінімум 11 эўрапейска-амэрыканскіх горцаў[4].

Пераважна французы, гішпанцы і брытанцы блукалі па Скалістых гарах з 1720 па 1800 гады ў пошуках радовішчаў карысных выкапняў і футра. Паўночна-заходняя кампанія, якая займалася гандлем футра, у 1799 годзе пабудавала факторую Рокі-Маўнтын у якасьці гандлёвага пункта на тэрыторыі сучаснай Албэрты, а іхны канкурэнт Кампанія Гудзонавай затокі стварылі сваю факторыю, названую Актан[10]. Гэтыя факторыі служылі базамі дзеля большасьці эўрапейскіх дасьледваньняў у канадзкіх Скалістых гарах у пачатку XIX стагодзьдзя. Сярод найбольш прыкметных выправаў была экспэдыцыя Дэйвіда Томпсана, які рушыў па рацэ Калумбія да Ціхага акіяна[11]. Падчас сваёй экспэдыцыі 1811 году ён паставіў лягер на месцы зьліцьця рэкаў Калумбія і Снэйк ды ўсталяваў слуп і паведамленьне, заяўляючы, што гэтая тэрыторыя належыць Вялікабрытаніі, а таксама аб намеры Паўночна-Заходняй кампаніі пабудаваць на гэтым месцы форт[12].

Згодна з Ангельска-Амэрыканскай канвэнцыяй 1818 году, якая ўсталявала 49-ю паўночную паралель у якасьці міжнароднай мяжы на захад ад Ляснога возера да Камяністых гораў, Вялікабрытанія і ЗША пагадзіліся на тое, што з тых часоў гэтыя месцы будуць зважацца за сумесныя ўладаньні. Разьвязаньне тэрытарыяльных і дамоўных пытаньняў, то бок Арэгонская спрэчка, было адкладзенае на позьні час. У 1819 годзе Гішпанія саступіла на карысьць ЗША свае правы на поўнач ад 42-й паралелі, але гэтыя правы не ўлучалі ўладаньні, а таксама ўлучалі абавязацельствы перад Вялікабрытаніяй і Расеяй адносна іхных прэтэнзіяў у тым жа рэгіёне.

Капальні срэбра ў Аспэне, Каларада (1898).

Пасьля 1802 году гандляры пушнінай і дасьледнікі абумовілі першую шырокую прысутнасьць амэрыканцаў эўрапейскага паходжаньня ў Скалістых гарах на поўдзень ад 49-й паралелі. Сярод найбольш вядомых зь іх былі Ўільям Гэнры Эшлі, Джым Брыджэр, Кіт Карсан, Джон Колтэр, Томас Фіцпатрык, Эндру Гэнры і Джэдэдая Сьміт. 24 ліпеня 1832 году Бэнджамін Банэвіль быў на чале першага абозу, які прасунуўся праз Скалістыя горы, выкарыстоўваючы Паўднёвы перацяг у цяперашнім штаце Ваёмінг. Пасьля экспэдыцыі Макензі ў 1793 годзе пункты гандлю пушнінай былі створаны на захад ад Паўночных Скалістых гор у рэгіёне паўночнага нутранага плято Брытанскай Калумбіі, якая стаў вядомая як Новая Каледонія.

Перамовы паміж Вялікабратыніяй і ЗША цягам наступных некалькіх дзесяцігодзьдзяў не далі плёну, і Арэгонская спрэчка сталася важнай тэмай у геапалітычнай дыпляматыі паміж Брытанскай імпэрыяй і навастворанай амэрыканскай рэспублікай. У 1841 годзе Джэймз Сынклер, галоўны камісіянэр кампаніі Гудзонавай затокі, накіраваў каля 200 пасяленцаў з калёніі Рэд-Рывэр на захад, каб умацаваць паселішчы вакол форту Ванкувэр у спробе захаваць Калумбію за Вялікабрытаніяй. Група перасякла Скалістыя горы ў спусьцілася ў Калумбійскую даліну блізу сучаснай вёсцы Рэдыюм-Хот-Спрынгс у Брытанскай Калумбіі, а затым купа накіравался на поўдзень. Не зважаючы на ўсе намаганьні, у 1846 годзе Вялікабрытанія саступіла Злучаным Штатам усе землі акругі Калумбія на поўдзень ад 49-й паралелі ў адпаведнасьці з Арэгонскім дагаворам[13].

Курортны павільён на Вялікім Салёным возеры ў 1900 годзе.

Пачынаючы з 1840-х гадоў тысячы засельнікаў прайшлі праз Скалістыя горы Арэгонскім шляхам[14]. Мармоны пачалі сяліцца каля Вялікага Салёнага возера ў 1847 годзе[15]. З 1859 па 1864 гады ў штатах Каларада, Айдага, Мантане і Брытанскай Калумбіі было знойдзенае золата, што выклікала некалькі хваляў залатых ліхаманак, якія прыцягнулі ў ваколіцы тысячы шукальнікаў і шахтароў, які дасьледвалі кожную гару і каньён, у выніку чаго стварылі буйную прамысловую дзейнасьць. Толькі залатая ліхаманка ў Айдага вырабіла больш золата, чым залатая ліхаманка ў Каліфорніі і на Алясцы агулам, і мела важнае значэньне ў фінансаваньні войска паўночнікаў за часам грамадзянскай вайны ў ЗША. Транскантынэнтальная чыгунка была пабудаваная толькі ў 1869 годзе[16]. У 1872 годзе быў адкрыты Елаўстоўнскі нацыянальны парк, які стаў першым нацыянальным паркам у сьвеце[17].

Між тым, чыгунка з канадзкага боку была спачатку абяцаная ў 1871 годзе. Зважаючы на тое, што палітычныя справы пасунулі ейнае завяршэньне да 1885 году, Канадзкая ціхаакіянская чыгунка ў канчатковым выніку пачала сваю працу, мінуючы перацягі Кікінг-Горс і Роджэрз, ажно да Ціхага акіяна[18]. Чыгуначныя чыноўнікі Канады таксама пераканалі парлямэнт вылучыць велізарныя тэрыторыі канадзкіх Скалістых гор, каб стварыць там нацыянальныя паркі Джаспэр, Банф, Ёга і Ўотэртан-Лэйкс, заклаўшы аснову да індустрыі турызму, якая квітнее па гэты дзень. Нацыянальны парк Глэйшэр у Мантане быў створаны Паўночна-Ціхаакіянскай чыгункай з такіх жа чыньнікаў[19]. Пакуль пасяленцы засялялі даліны і поўнілі шахтарскія мястэчкі, паўстала і пашырылася справа захаваньня прыроды. Прэзыдэнт ЗША Бэнджамін Гарысан заснаваў некалькі лясных запаведнікаў у Скалістых гарах у 1891—1892 гадах. У 1905 годзе іншы прэзыдэнт ЗША Тэадор Рузвэлт пашырыў лясны запаведнік Мэдысін-Боў, уключыўшы ў ягоны склад тэрыторыю, якая агулам цяпер кіруецца нацыянальным паркам Рокі-Маўнтын. Эканамічнае разьвіцьцё рэгіёну пачало канцэнтравацца на здабычы карысных выкапняў, лясной і сельскай гаспадарцы ды адпачынку.

Прамысловасьць і разьвіцьцё

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сьвідравальныя ўстаноўкі, якія здабываюць прыродны газ на захад ад горнага сьцягу Ўінд-Рывэр у Ваёмінгу.

Эканамічныя рэсурсы ў Скалістых гарах разнастайныя і шматлікія. Мінэралы, якія можна знайсьці тут улучаюць значныя паклады вугалю, прыроднага газу, лупняку і нафты. Напрыклад, шахта Клімакс, якая месьціцца блізу Лідвіла ў штаце Каларада, была найбуйнейшым вытворцам малібдэну ў сьвеце. Малібдэн выкарыстоўваецца ў гарачаўстойлівай сталі дзеля такіх рэчаў, як то самаходы і самалёты. На шахце Клімакс працавала больш за 3 тысячы чалавек. У шахце Кер-д’Ален на поўначы Айдага здабываюць срэбра, волава і цынк. Найбуйнейшымі вугальнымі шахтамі Канады ёсьць Фэрні і Спарўуд, якія знаходзяцца ў Брытанскай Калумбіі. Таксама вугальныя шахты маюцца побач з Гінтанам у Албэрце і ў Паўночных Скалістых гарах, якія атачаюць Тамблер-Рыдж, што ляжыць у Брытанскай Калумбіі[4].

Закінутыя шахты зь іхнымі шахтавымі адваламі і таксычнымі адкідамі укрываюць пэйзажы Скалістых гор. Да прыкладу, восемдзясят гадоў глыбіннай здабычы цынку забрудзілі раку і берагі ў Ігл у паўночна-цэнтральнай частцы штату Каларада. Высокія канцэнтрацыі мэталу выносіліся вясной талымі водамі ў раку, што шкодзіла папуляцыям багавіньня, імхоў і стронгі. Эканамічны аналіз эфэкту здабычы ў гэтым месцы выявіў зьніжэньне кошту нерухомасьці, пагаршэньне якасьці вады і страту рэкрэацыйных магчымасьцяў. Аналіз таксама выкрыў, што ачыстка ракі можа прынесьці да 2,3 мільёнаў даляраў дадатковага прыбытку ад турыстаў і адпачывальнікаў. У 1983 годзе былому ўладальніку цынкавай рудні быў прад’яўлены пазоў генэральнага пракурора штату Каларада на суму ў 4,8 мільёнаў даляраў дзеля фінансаваньня ачышчальных працаў. Ужо празь пяць гадоў пасьля гэтага ў рэгіёне адбылося значнае паляпшэньне экалягічнага стану[4][20].

Сельская і лясная гаспадарка ёсьць асноўнымі галінамі прамысловасьці. Гаспадарчыя землі ўлучаюць засушлівыя і абваднёныя землі дзеля вырошчваньня сельскагаспадарчых культураў і выпасу жывёлы. Быдла часта перамяшчаюць паміж высакагорнымі пашамі ўлетку і нізіннымі ўзімку. Гэтая практыка вядомая як адгонная жывёлагадоўля.

Айсьфілд Паркўэй.

Насельніцтва ня вельмі шчыльна жыве ў Скалістых гарах. Гэтак сярэдняя шчыльнасьць у рэгіёне складае чатыры чалавекі на квадратны кілямэтар. Тут маюцца толькі некалькі гарадоў з насельніцтвам больш за 50 тысяч чалавек. Аднак, колькасьць насельніцтва ў Скалістых гарах хутка ўзвышалася у час між 1950 і 1990 гадамі. Прырост насельніцтва розных штатаў у гэты пэрыяд вагаецца ў дыяпазоне ад 35% у Мантане да прыкладна 150% у Юце і Каларада. Шэраг горных гарадоў і грамадаў падвоілі колькасьць свайго насельніцтва за апошнія 40 гадоў. Джэксан-Гоўл у штаце Ваёмінг, напрыклад, павялічыўся на 260%, з 1244 да 4472 жыхароў за 40 гадоў[21].

Штогод маляўнічыя раёны Скалістых гор прыцягваюць мільёны турыстаў[4]. Сюды прыязджаюць, каб хадзіць ў выправы, спыняцца ў лягерах або займацца горнымі відамі спорту[4][22]. У летні сэзон галоўнымі турыстычнымі славутасьцямі зважаюцца нацыянальныя паркі як у ЗША, гэтак і на баку Канады. Узімку галоўнымі заняткамі ёсьць лыжны спорт, бо ў Скалістых гарах налічваюцца дзесяткі гарналыжных зонаў і курортаў. Прылеглыя Калумбійскія горы ў канадзкай правінцыі Брытанскай Калумбіі таксама ўтрымліваюць буйныя курорты.

Амэрыканскі сьпявак Джон Дэнвэр у 1972 годзе склаў песьню «Rocky Mountain High» у гонар Скалістых гор. Цяпер гэтая кампазыцыя ёсьць адной з двух афіцыйных гімнаў штату Каларада[23][24].

  1. ^ «Southern Rocky Mountains». Forest Encyclopedia Network.
  2. ^ «Northern Rocky Mountains». Forest Encyclopedia Network.
  3. ^ Sheridan, Scott. «US & Canada: Rocky Mountains (Chapter 14)». Geography of the United States and Canada course notes. Kent State University.
  4. ^ а б в г д е ё ж з і Stohlgren, TJ. «Rocky Mountains». Status and Trends of the Nation’s Biological Resources.
  5. ^ «Events in the West (1528—1536)». PBS.
  6. ^ «The West: Events from 1650 to 1800». PBS.
  7. ^ «Mackenzie: 1789, 1792–1797». Princeton University.
  8. ^ «First Crossing of North America National Historic Site of Canada». Canadian Register of Historic Places.
  9. ^ «Lewis and Clark Expedition: Scientific Encounters». National Park Service.
  10. ^ «Rocky Mountain House National Historic Site of Canada». Rocky Mountain House National Historic Site.
  11. ^ «Guide to the David Thompson Papers 1806–1845». Archives West.
  12. ^ Oldham, kit (23.01.2003). «David Thompson plants the British flag at the confluence of the Columbia and Snake rivers on July 9, 1811». Historylink.
  13. ^ «Historical Context and American Policy». University of Washington Libraries.
  14. ^ «Oregon Trail Interpretive Center». The Bureau of Land Management.
  15. ^ «The Mormon Trail». Center for Digital Research in the Humanities.
  16. ^ «The Transcontinental Railroad». University of California.
  17. ^ «Yellowstone National Park». National Park Service.
  18. ^ «Canadian Pacific Railway». Stanford University.
  19. ^ «Glaciers and Glacier National Park». The Pennsylvania State University.
  20. ^ Brandt, E. (1993). «How much is a gray wolf worth?». National Wildlife. 31: 412.
  21. ^ «Coal-Bed Gas Resources of the Rocky Mountain Region». USGS.
  22. ^ «Rocky Mountain National Park». National Park Foundation.
  23. ^ Brown, Jennifer (12.03.2007). «„Rocky Mountain High“ now 2nd state song». The Denver Post.
  24. ^ «State Songs». Colorado.gov.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy