Скалістыя горы
Скалістыя горы | |
Найвышэйшы пункт | |
---|---|
Элбэрт[d] | |
Вышыня | 4401 м н. у. м. |
Памеры | |
Даўжыня |
|
Шырыня | 650 км |
Геаграфія | |
Месцазнаходжаньне | Брытанская Калумбія, Албэрта, Айдага, Мантана, Ваёмінг, Юта, Каларада і Нью-Мэксыка |
Кантынэнт | Паўночная Амэрыка |
Краіна | |
Горная сыстэма | Кардыльеры |
Скалі́стыя го́ры (па-ангельску: Rocky Mountains) — усходні ланцуг Кардыльераў, які расьцягнуўся на 4800 км, ад ракі Ліярд у Брытанскай Калюмбіі (Канада) да ракі Рыё Грандэ ў штаце Нью-Мэксыка (ЗША).
Горы збудаваныя з асадкавых і вульканічных пародаў. На поўнач ад Скалістых гор разьмяшчаецца ўзвышша Елаўстоўн, на ўсходзе — Вялікія раўніны. Найвышэйшая гара — гэта Элбэрт (4401 м) у штаце Каларада. Найвышэйшая гара ў канадзкай частцы гор — Робсан (3954 м).
Геаграфія і геалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Некаторыя горы паўднёвай часткі ланцугу гор фармаваліся пад час дакембру (3980 млн — 600 млн гадоў таму), а больш маладыя ланцугі Скалістых гор сфармаваліся ў крэйдавым пэрыядзе (140 млн — 60 млн гадоў таму). Скалістыя горы складаюцца з вульканічных і тэраморфных парод; больш маладая частка год (паўднёвая частка) — з асадкавых парод, вульканічныя горы, якія фарміраваліся ў трэцічны пэрыяд (65 млн — 1,8 млн гадоў таму), разьмешчаныя ў ланцугу гор Сан-Хуан.
Лёдавы пэрыяд у Скалістых гарах цягнуўся ад эпохі плейстацэну (1,8 млн — 70 000 гадоў таму), да эпохі галацэну (11 000 гадоў таму). Мяжа аблядненьня ў апошні лёдавы пэрыяд праходзіла праз возера Бул, якое ўзьнікла 150 000 гадоў таму, і раёну Пінедал, які хутчэй за ўсё быў пакрыты лёдам да 15 000 — 20 000 гадоў таму. 90% Нацыянальнага парку Елаўстоўн было пакрыта лёдам пад час «малага аблядненьня», якое доўжылася некалькі стагодзьдзяў ад 1560 да 1860 году.
Вада і лёд утварылі сёньняшні выгляд Скалістых гор. Ледавікі і сьнег сілкуюць рэкі і азёры Скалістых гор, забяспечваючы вадой ¼ паверхні ЗША. Рэкі, якія выплываюць са Скалістых гор, упадаюць у тры акіяны: Атлянтычны, Ціхі і Арктычны. Гэта рэкі Арканзас, Атабаска, Каларада, Калумбія, Фрэйзэр, Кутэнаў, Мізуры, Піс, Плат, Рыё Грандэ, Саскачэван, Снэйк, Елаўстоўн
Клімат і экалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Скалістых гарах маецца шэраг фактараў, якія ўплываюць на фармаваньне фактараў навакольнага асяродзьдзя. Горы месьцяцца на шырыні паміж ракой Ліярд у Брытанскай Калумбіі, ток бок 59° паўночнай шыраты, і Рыё Грандэ ў штаце Нью-Мэксыка, то бок 35° паўночнай шыраты. Прэрыі займаюць тэрыторыі на вышыні 550 мэтраў над узроўнем мора або ніжэй, а найвышэйшым пунктам горнага хрыбта ёсьць гара Элбэрт, якая сягае 4400 мэтраў. Колькасьць ападкаў вагаецца ад 250 мілімэтраў у год у паўднёвых далінах[1] да 1500 мілімэтраў у год у паўночных вяршынях[2]. Сярэдняя тэмпэратура студзеня можа вагацца ад −7°C у Прынс-Джорджы правінцыі Брытанская Калумбія, да 6°C у Трынідадзе, які месьціцца ў Каларада[3]. Такім чынам, бракуе адзінай маналітнай экасыстэмы ўсяго хрыбту Скалістых гор.
Замест гэтага эколягі палучаюць некалькі біятычных зонаў. Кожная зона вызначаецца тым, ці зьмяшчае яна дрэвы на сваёй тэрыторыя, а таксама зважаецца наяўнасьць альбо брак аднаго ці некалькіх відаў-індыкатараў. Дзьве зоны, дзе не растуць дрэвы, — гэта раўніны і горная тундра. Вялікія раўніны ляжаць на ўсход ад Скалістых гор і вылучаюцца прэрыйнымі травамі вышынёю ніжэй 550 мэтраў. Горная тундра сустракаецца ў рэгіёнах па-над лініяй дрэваў Скалістых гор, якая вар’іруецца ад 3700 мэтраў у Нью-Мэксыка да 760 мэтраў на паўночным ускрайку Скалістых гор ля Юкану.
Флёра і фаўна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Геалягічная служба ЗША вызначае дзесяць лясных зонаў у Скалістых гарах. Зоны ў больш паўднёвых, больш цёплых або сухіх рэгіёнах вылучаюцца прысутнасьцю хвоі і ядлоўца, хвоі жоўтай або дуба ўкупе з хвояй. У больш паўночных, больш прахалодных або вільготных рэгіёнах зоны вызначаюцца паводле наяўнасьці дугласіі шызай, каскаднымі відамі (напрыклад, заходняй тсугай), відамі pinus contorta і populus tremuloides або піхтамі ў сумесі зь ялінамі. Ля лясных межаў зоны могуць утрымліваць хвою белакорую або мешаніну з хвоі Вэймутава, піхты і ялінаў, утвараючы, такім чынам, хмызьняк крывалесься. Нарэшце, рэкі і каньёны могуць стварыць унікальную лясную зону ў больш засушлівых частках горнага сьцягу[4]. Лясы таёжнага тыпу растуць на наветраных схілах гор пераважна на поўначы.
Скалістыя горы ёсьць важным арэалам пражываньня многіх дзікіх жывёлаў, як то ваўкоў, ласёў, чарнахвостых і белахвостых аленяў, віларогаў, сьнежнай казы, таўстарогаў, амэрыканскіх барсукоў, чорных мядзьведзяў, грызьлі, каётаў, канадзкіх рысяў, усходніх пумаў і расамахаў[4]. Найвялікшыя статкі ласёў у Паўночнай Амэрыцы насяляюць перадгорныя лясы Албэрты і Брытанскай Калумбіі.
Статус большасьці відаў у Скалістых гарах невядомы праз нястачу ўсіх зьвестак. Эўрапейскае засяленьне гор негатыўна паўплывала на мясцовыя віды. Гэтак значна зьнізіліся папуляцыі заходняамэрыканскіх рапухаў, некаторых рыбаў (як то белага асётра), белахвостай курапатвы, лебедзя-трубача і таўстарогаў. У частцы горнага хрыбту ў ЗША такія драпежнікі, як то мядзьведзі грызьлі і зграі ваўкоў, былі выціснутыя з сваіх першапачатковых арэалаў, але іхныя папуляцыі часткова аднавіліся дзякуючы захадам аховы і рэінтрадукцыі. Сярод іншых відаў, якія аднаўляюць сваю папуляцыю, вылучаюцца белагаловы арол і сапсан[4].
Гісторыя асваеньня чалавекам
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Карэнныя народы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачынаючы з апошняга вялікага ледавіковага пэрыяду, Скалістыя горы былі домам для карэнных народаў, у тым ліку апачаў, арапаха, банокаў, чарнаногіх, шаенаў, кёр-д’аленаў, пан-д’арэяў, кроў, шашонаў, лакотаў ды іншых. У перадгор’ях і далінах гор палеаіндзейцы палявалі на цяпер вымерлых мамантаў і старажытных бізонаў, апошнія з памянёных былі большыя на 20% за сучасную жывёлу. Як і сёньня плямёны палеаіндзейцаў, верагодна, мігравалі на раўніны на восень і зіму, ходзячы па бізоны, і вярталіся ў горы вясной і летам па рыбу, аленяў, ласёў, карэньні і ягады. Маюцца пэўная колькасьць навуковых доказаў таго, што карэнныя народы рабілі значны ўплыў на папуляцыі сысуноў шляхам паляваньня і на расьліннасьць праз наўмыснае выпальваньне лясоў[4].
Эўрапейская прысутнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эўрапейцы ўпершыню зьявіліся на тэрыторыі Скалістых гор у XVI стагодзьдзі. Гішпанскі дасьледнік Франсіска Васкес дэ Каранада з купай жаўнераў і місіянэраў рушыў у рэгіён Скалістых гор з поўдня ў 1540 годзе[5]. У 1610 годзе гішпанцы заклалі тут горад Санта-Фэ, найстарэйшую сталіцу сярод усіх штатаў ЗША, ля падножжа Скалістых гор у сучасным штаце Нью-Мэксыка. Зьяўленьне коней, мэталічных прыладаў працы, стрэльбаў, новых хваробаў і культуры глыбока зьмянілі індзейскі лад жыцьця. Карэнныя амерыканцы былі вынішчаныя з большасьці сваіх гістарычных арэалаў хваробамі, вайной, стратай асяродзьдзя пражываньня і працяглымі нападамі на іхную культуру[4].
У 1739 годзе францускія гандляры пушнінай П’ер і Поль Мале, падарожнічаючы праз Вялікія раўніны, адкрылі ў вытоках ракі Плат горны ланцуг, які мясцовыя індзейскія плямёны назвалі Скалістымі гарамі, стаўшы першымі эўрапейцамі, якія паведамілі пра гэта нязьведаны горны масіў[6].
Сэр Аляксандар Макензі быў першым эўрапейцам, які перасёк Скалістыя горы ў 1793 годзе[7]. Ён знайшоў вярхоўі ракі Фрэйзэр і дасягнуў ціхаакіянскага ўзьбярэжжа сучаснай Канады 20 ліпеня таго ж году, завяршыўшы першае зафіксаванае транскантынэнтальнае перасячэньне Паўночнай Амэрыкі на поўнач ад Мэксыкі[8]. Ён дакрочыў да Бэла-Кулы, што сёньня месьціцца ў Брытанскай Калумбіі, дзе ўпершыню дасягнуў затокі Саўт-Бэнтынк ля Ціхага акіяна. Экспэдыцыя Льюіса і Кларка, якая трывала з 1804 па 1806 гады, была першай навуковай выведкай Скалістых гор[9]. Падчас выправы зьбіраліся ўзоры дзеля вывучэньня батанікамі, заолягамі і геолягамі. Як казалі, экспэдыцыя праклала шлях праз Скалістыя горы для эўрапейцаў з Усходу, але Льюіс і Кларк падчас сваіх вандровак сустрэлі як мінімум 11 эўрапейска-амэрыканскіх горцаў[4].
Пераважна французы, гішпанцы і брытанцы блукалі па Скалістых гарах з 1720 па 1800 гады ў пошуках радовішчаў карысных выкапняў і футра. Паўночна-заходняя кампанія, якая займалася гандлем футра, у 1799 годзе пабудавала факторую Рокі-Маўнтын у якасьці гандлёвага пункта на тэрыторыі сучаснай Албэрты, а іхны канкурэнт Кампанія Гудзонавай затокі стварылі сваю факторыю, названую Актан[10]. Гэтыя факторыі служылі базамі дзеля большасьці эўрапейскіх дасьледваньняў у канадзкіх Скалістых гарах у пачатку XIX стагодзьдзя. Сярод найбольш прыкметных выправаў была экспэдыцыя Дэйвіда Томпсана, які рушыў па рацэ Калумбія да Ціхага акіяна[11]. Падчас сваёй экспэдыцыі 1811 году ён паставіў лягер на месцы зьліцьця рэкаў Калумбія і Снэйк ды ўсталяваў слуп і паведамленьне, заяўляючы, што гэтая тэрыторыя належыць Вялікабрытаніі, а таксама аб намеры Паўночна-Заходняй кампаніі пабудаваць на гэтым месцы форт[12].
Згодна з Ангельска-Амэрыканскай канвэнцыяй 1818 году, якая ўсталявала 49-ю паўночную паралель у якасьці міжнароднай мяжы на захад ад Ляснога возера да Камяністых гораў, Вялікабрытанія і ЗША пагадзіліся на тое, што з тых часоў гэтыя месцы будуць зважацца за сумесныя ўладаньні. Разьвязаньне тэрытарыяльных і дамоўных пытаньняў, то бок Арэгонская спрэчка, было адкладзенае на позьні час. У 1819 годзе Гішпанія саступіла на карысьць ЗША свае правы на поўнач ад 42-й паралелі, але гэтыя правы не ўлучалі ўладаньні, а таксама ўлучалі абавязацельствы перад Вялікабрытаніяй і Расеяй адносна іхных прэтэнзіяў у тым жа рэгіёне.
Паселішчы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля 1802 году гандляры пушнінай і дасьледнікі абумовілі першую шырокую прысутнасьць амэрыканцаў эўрапейскага паходжаньня ў Скалістых гарах на поўдзень ад 49-й паралелі. Сярод найбольш вядомых зь іх былі Ўільям Гэнры Эшлі, Джым Брыджэр, Кіт Карсан, Джон Колтэр, Томас Фіцпатрык, Эндру Гэнры і Джэдэдая Сьміт. 24 ліпеня 1832 году Бэнджамін Банэвіль быў на чале першага абозу, які прасунуўся праз Скалістыя горы, выкарыстоўваючы Паўднёвы перацяг у цяперашнім штаце Ваёмінг. Пасьля экспэдыцыі Макензі ў 1793 годзе пункты гандлю пушнінай былі створаны на захад ад Паўночных Скалістых гор у рэгіёне паўночнага нутранага плято Брытанскай Калумбіі, якая стаў вядомая як Новая Каледонія.
Перамовы паміж Вялікабратыніяй і ЗША цягам наступных некалькіх дзесяцігодзьдзяў не далі плёну, і Арэгонская спрэчка сталася важнай тэмай у геапалітычнай дыпляматыі паміж Брытанскай імпэрыяй і навастворанай амэрыканскай рэспублікай. У 1841 годзе Джэймз Сынклер, галоўны камісіянэр кампаніі Гудзонавай затокі, накіраваў каля 200 пасяленцаў з калёніі Рэд-Рывэр на захад, каб умацаваць паселішчы вакол форту Ванкувэр у спробе захаваць Калумбію за Вялікабрытаніяй. Група перасякла Скалістыя горы ў спусьцілася ў Калумбійскую даліну блізу сучаснай вёсцы Рэдыюм-Хот-Спрынгс у Брытанскай Калумбіі, а затым купа накіравался на поўдзень. Не зважаючы на ўсе намаганьні, у 1846 годзе Вялікабрытанія саступіла Злучаным Штатам усе землі акругі Калумбія на поўдзень ад 49-й паралелі ў адпаведнасьці з Арэгонскім дагаворам[13].
Пачынаючы з 1840-х гадоў тысячы засельнікаў прайшлі праз Скалістыя горы Арэгонскім шляхам[14]. Мармоны пачалі сяліцца каля Вялікага Салёнага возера ў 1847 годзе[15]. З 1859 па 1864 гады ў штатах Каларада, Айдага, Мантане і Брытанскай Калумбіі было знойдзенае золата, што выклікала некалькі хваляў залатых ліхаманак, якія прыцягнулі ў ваколіцы тысячы шукальнікаў і шахтароў, які дасьледвалі кожную гару і каньён, у выніку чаго стварылі буйную прамысловую дзейнасьць. Толькі залатая ліхаманка ў Айдага вырабіла больш золата, чым залатая ліхаманка ў Каліфорніі і на Алясцы агулам, і мела важнае значэньне ў фінансаваньні войска паўночнікаў за часам грамадзянскай вайны ў ЗША. Транскантынэнтальная чыгунка была пабудаваная толькі ў 1869 годзе[16]. У 1872 годзе быў адкрыты Елаўстоўнскі нацыянальны парк, які стаў першым нацыянальным паркам у сьвеце[17].
Між тым, чыгунка з канадзкага боку была спачатку абяцаная ў 1871 годзе. Зважаючы на тое, што палітычныя справы пасунулі ейнае завяршэньне да 1885 году, Канадзкая ціхаакіянская чыгунка ў канчатковым выніку пачала сваю працу, мінуючы перацягі Кікінг-Горс і Роджэрз, ажно да Ціхага акіяна[18]. Чыгуначныя чыноўнікі Канады таксама пераканалі парлямэнт вылучыць велізарныя тэрыторыі канадзкіх Скалістых гор, каб стварыць там нацыянальныя паркі Джаспэр, Банф, Ёга і Ўотэртан-Лэйкс, заклаўшы аснову да індустрыі турызму, якая квітнее па гэты дзень. Нацыянальны парк Глэйшэр у Мантане быў створаны Паўночна-Ціхаакіянскай чыгункай з такіх жа чыньнікаў[19]. Пакуль пасяленцы засялялі даліны і поўнілі шахтарскія мястэчкі, паўстала і пашырылася справа захаваньня прыроды. Прэзыдэнт ЗША Бэнджамін Гарысан заснаваў некалькі лясных запаведнікаў у Скалістых гарах у 1891—1892 гадах. У 1905 годзе іншы прэзыдэнт ЗША Тэадор Рузвэлт пашырыў лясны запаведнік Мэдысін-Боў, уключыўшы ў ягоны склад тэрыторыю, якая агулам цяпер кіруецца нацыянальным паркам Рокі-Маўнтын. Эканамічнае разьвіцьцё рэгіёну пачало канцэнтравацца на здабычы карысных выкапняў, лясной і сельскай гаспадарцы ды адпачынку.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прамысловасьць і разьвіцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эканамічныя рэсурсы ў Скалістых гарах разнастайныя і шматлікія. Мінэралы, якія можна знайсьці тут улучаюць значныя паклады вугалю, прыроднага газу, лупняку і нафты. Напрыклад, шахта Клімакс, якая месьціцца блізу Лідвіла ў штаце Каларада, была найбуйнейшым вытворцам малібдэну ў сьвеце. Малібдэн выкарыстоўваецца ў гарачаўстойлівай сталі дзеля такіх рэчаў, як то самаходы і самалёты. На шахце Клімакс працавала больш за 3 тысячы чалавек. У шахце Кер-д’Ален на поўначы Айдага здабываюць срэбра, волава і цынк. Найбуйнейшымі вугальнымі шахтамі Канады ёсьць Фэрні і Спарўуд, якія знаходзяцца ў Брытанскай Калумбіі. Таксама вугальныя шахты маюцца побач з Гінтанам у Албэрце і ў Паўночных Скалістых гарах, якія атачаюць Тамблер-Рыдж, што ляжыць у Брытанскай Калумбіі[4].
Закінутыя шахты зь іхнымі шахтавымі адваламі і таксычнымі адкідамі укрываюць пэйзажы Скалістых гор. Да прыкладу, восемдзясят гадоў глыбіннай здабычы цынку забрудзілі раку і берагі ў Ігл у паўночна-цэнтральнай частцы штату Каларада. Высокія канцэнтрацыі мэталу выносіліся вясной талымі водамі ў раку, што шкодзіла папуляцыям багавіньня, імхоў і стронгі. Эканамічны аналіз эфэкту здабычы ў гэтым месцы выявіў зьніжэньне кошту нерухомасьці, пагаршэньне якасьці вады і страту рэкрэацыйных магчымасьцяў. Аналіз таксама выкрыў, што ачыстка ракі можа прынесьці да 2,3 мільёнаў даляраў дадатковага прыбытку ад турыстаў і адпачывальнікаў. У 1983 годзе былому ўладальніку цынкавай рудні быў прад’яўлены пазоў генэральнага пракурора штату Каларада на суму ў 4,8 мільёнаў даляраў дзеля фінансаваньня ачышчальных працаў. Ужо празь пяць гадоў пасьля гэтага ў рэгіёне адбылося значнае паляпшэньне экалягічнага стану[4][20].
Сельская і лясная гаспадарка ёсьць асноўнымі галінамі прамысловасьці. Гаспадарчыя землі ўлучаюць засушлівыя і абваднёныя землі дзеля вырошчваньня сельскагаспадарчых культураў і выпасу жывёлы. Быдла часта перамяшчаюць паміж высакагорнымі пашамі ўлетку і нізіннымі ўзімку. Гэтая практыка вядомая як адгонная жывёлагадоўля.
Насельніцтва ня вельмі шчыльна жыве ў Скалістых гарах. Гэтак сярэдняя шчыльнасьць у рэгіёне складае чатыры чалавекі на квадратны кілямэтар. Тут маюцца толькі некалькі гарадоў з насельніцтвам больш за 50 тысяч чалавек. Аднак, колькасьць насельніцтва ў Скалістых гарах хутка ўзвышалася у час між 1950 і 1990 гадамі. Прырост насельніцтва розных штатаў у гэты пэрыяд вагаецца ў дыяпазоне ад 35% у Мантане да прыкладна 150% у Юце і Каларада. Шэраг горных гарадоў і грамадаў падвоілі колькасьць свайго насельніцтва за апошнія 40 гадоў. Джэксан-Гоўл у штаце Ваёмінг, напрыклад, павялічыўся на 260%, з 1244 да 4472 жыхароў за 40 гадоў[21].
Турызм
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Штогод маляўнічыя раёны Скалістых гор прыцягваюць мільёны турыстаў[4]. Сюды прыязджаюць, каб хадзіць ў выправы, спыняцца ў лягерах або займацца горнымі відамі спорту[4][22]. У летні сэзон галоўнымі турыстычнымі славутасьцямі зважаюцца нацыянальныя паркі як у ЗША, гэтак і на баку Канады. Узімку галоўнымі заняткамі ёсьць лыжны спорт, бо ў Скалістых гарах налічваюцца дзесяткі гарналыжных зонаў і курортаў. Прылеглыя Калумбійскія горы ў канадзкай правінцыі Брытанскай Калумбіі таксама ўтрымліваюць буйныя курорты.
Амэрыканскі сьпявак Джон Дэнвэр у 1972 годзе склаў песьню «Rocky Mountain High» у гонар Скалістых гор. Цяпер гэтая кампазыцыя ёсьць адной з двух афіцыйных гімнаў штату Каларада[23][24].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ «Southern Rocky Mountains». Forest Encyclopedia Network.
- ^ «Northern Rocky Mountains». Forest Encyclopedia Network.
- ^ Sheridan, Scott. «US & Canada: Rocky Mountains (Chapter 14)». Geography of the United States and Canada course notes. Kent State University.
- ^ а б в г д е ё ж з і Stohlgren, TJ. «Rocky Mountains». Status and Trends of the Nation’s Biological Resources.
- ^ «Events in the West (1528—1536)». PBS.
- ^ «The West: Events from 1650 to 1800». PBS.
- ^ «Mackenzie: 1789, 1792–1797». Princeton University.
- ^ «First Crossing of North America National Historic Site of Canada». Canadian Register of Historic Places.
- ^ «Lewis and Clark Expedition: Scientific Encounters». National Park Service.
- ^ «Rocky Mountain House National Historic Site of Canada». Rocky Mountain House National Historic Site.
- ^ «Guide to the David Thompson Papers 1806–1845». Archives West.
- ^ Oldham, kit (23.01.2003). «David Thompson plants the British flag at the confluence of the Columbia and Snake rivers on July 9, 1811». Historylink.
- ^ «Historical Context and American Policy». University of Washington Libraries.
- ^ «Oregon Trail Interpretive Center». The Bureau of Land Management.
- ^ «The Mormon Trail». Center for Digital Research in the Humanities.
- ^ «The Transcontinental Railroad». University of California.
- ^ «Yellowstone National Park». National Park Service.
- ^ «Canadian Pacific Railway». Stanford University.
- ^ «Glaciers and Glacier National Park». The Pennsylvania State University.
- ^ Brandt, E. (1993). «How much is a gray wolf worth?». National Wildlife. 31: 412.
- ^ «Coal-Bed Gas Resources of the Rocky Mountain Region». USGS.
- ^ «Rocky Mountain National Park». National Park Foundation.
- ^ Brown, Jennifer (12.03.2007). «„Rocky Mountain High“ now 2nd state song». The Denver Post.
- ^ «State Songs». Colorado.gov.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Скалістыя горы. Encyclopædia Britannica. (анг.)
- Скалістыя горы. Lonely Planet. (анг.)
- Усё што трэба ведаць пра Нацыянальны парк Скалістых гор. National Geographic. (анг.)
- Скалістыя горы. Kid Zone. (анг.)