Белы дом (англ.: the White House) — афіцыйная рэзідэнцыя прэзідэнта ЗША, размешчаная ў Вашынгтоне (акруга Калумбія) па адрасе: Пенсільванія-авеню, 1600 (англ.: 1600, Pennsylvania Avenue).
Белы дом быў афіцыйнай рэзідэнцыяй ўсіх прэзідэнтаў ЗША, за выключэннем Джорджа Вашынгтона, які займаў гэты пост з 1789 па 1797 г. На момант завяршэння будаўніцтва Белага дома ў 1800 годзе Прэзідэнтам краіны з’яўляўся Джон Адамс. У жніўні 1814 Белы дом быў спалены брытанцамі, пасля чаго рэканструяваны і адноўлены.
Ён уяўляе сабой асабняк у паладыянскім стылі (архітэктар Джэймс Хобан). Будаўніцтва пачалося ў 1792, скончылася 1 лістапада 1800 года. У гэты ж дзень першым яго гаспадаром стаў другі прэзідэнт ЗША Джон Адамс.
У Белым доме шэсць паверхаў: два цокальныя, два для афіцыйных прыёмаў і два для сям’і Прэзідэнта. Наведвальнікі, якія прыходзяць у Белы дом на экскурсію, маюць магчымасць убачыць самыя прыгожыя і гістарычныя памяшканні, у тым ліку Усходні пакой, Зялёны пакой, Блакітны пакой, Чырвоны пакой і Сталовую для афіцыйных мерапрыемстваў. Гэтыя памяшканні выкарыстоўваюцца Прэзідэнтам і Першай лэдзі для прыёму гасцей і кіраўнікоў з іншых краін. У Авальным кабінеце Прэзідэнт ажыццяўляе сваю дзейнасць па кіраванню краінай — падпісвае законапраекты і ўрадавыя распараджэнні і сустракаецца са сваімі супрацоўнікамі, наведвальнікамі і гасцямі.
У журналісцкай мове тэрмін «Белы дом» выкарыстоўваецца як сінонім адміністрацыі прэзідэнта ЗША (аналагічна «Крэмль», «Елісейскі палац» і г. д.) Адлюстраваны на банкноце ў 20 долараў.