Перайсці да зместу

Цыганы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цыганы
(Rromane dźene)
Цыганскія музыкі (Брно)
Агульная колькасць 7397000. (2015 г.)
Рэгіёны пражывання  ЗША — 727900 (2015 г.)[1][2][3][4][5][6][7]

 Бразілія — 800000 (2010 г.)[8]
 Іспанія — 650000 (2002 г.)[9]
 Сербія — 147604 (2011 г.)[10]
 Венгрыя — 308957 (2010 г.)[11]
 Румынія — 621573 (2011)[12]
 Балгарыя — 325343 (2011)[13]
 Расія — 220000 (2010)[14]
 Украіна — 47587 (2001)[15]
 Польшча — 16 725 (2011 г.)[16]
 Латвія — 6 452 (2011 г.)[17]
 Беларусь — 7079 (2009 г.)[18]

Мова цыганская
Рэлігія хрысціянства, іслам
Блізкія этнічныя групы гуджаратцы, пенджабцы, раджастханцы, сіндхі

Цыганы́ (саманазва: Rromane dźene), таксама рома (адз. л. ром) — агульная назва каля 80 этнічных груп паўднёваазіяцкага паходжання, якія размаўляюць на цыганскай мове. Насяляюць пераважна краіны Еўропы, Амерыкі, Аўстралію, азіяцкія часткі Расіі і Турцыі. Агульная колькасць (2015 г.) — 7 397 000 чал.[19]

Да цыган таксама адносяць косаўскіх ашкалі, заходнеазіяцкіх дом, закаўказскіх боша, сярэднеазіяцкіх пар'я і мугат, паўднёваазіяцкіх банджара, уйгурскіх эйну.

Еўрапейскія народы традыцыйна маюць розныя назвы для цыган. Аднак у большасці выпадкаў выкарыстоўваюцца дзве групы назваў. Першая вызначае гэты народ як «егіпцян» (баскск.: Ijito, англ.: Gypsy, валон.: Djupsyins, ісп.: Gitano, італ.: Gitani, фр.: Gitans). Другая сугучна беларускай назве (ням.: Zigeuner, італ.: Zingari, рум.: Țigani, фр.: Tsiganes, ісп.: Gitano, венг.: Cigányok, балг.: Цигани, турэцк.: Çingeneler), відавочна паходзіць ад грэч. Τσιγγάνοι. Этымалогія другой групы назваў невядома. Выказваюцца думкі, што яна можа паходзіць ад скажонага візантыйскага слова αθίγγανος або ад яўрэйскага слова צוען‏ (адзін з раёнаў Ніжняга Егіпта). Акрамя таго, некаторыя назвы паходзілі ад мянушак: венг.: Fáraók népeфараонава племя»), фр.: Manouches (ад асабістага імя персідскага паходжання перс.: منوچهر), фінск.: Mustalaisiksi (літаральна «чорны бы грэчка») і г. д.

У сваю чаргу, сярод цыган былі пашыраны супольныя саманазвы ром (этымалогія канчаткова не высветлена) і кало́ (літаральна «чорны»). Кожная этнічная група мела сваю асабістую назву — сінты, лавары, келдэрары, харахані, башалдэ́, урсары і інш. Звычайна назвы груп паходзяць ад тапонімаў, імёнаў продкаў або мянушак, прафесійнай спецыялізацыі. На першым Сусетным цыганскім кангрэсе ў Лондане (1971 г.) была прынята адзіная супольная саманазва Rromane dźene. Прадстаўнікі цыган выступілі супраць афіцыйнага ўжывання іншых назваў як абразлівых. У выніку ў многіх сучасных еўрапейскіх мовах супольная цыганская назва паступова выціскае традыцыйныя назвы (англ.: Romany, Roma, дацк.: Romaer, італ.: Rom, чэшск.: Romové і інш.).

У цыган доўгі час не было сваёй пісьмовай гісторыі. У вусных цыганскіх легендах і паданнях найчасцей месцам паходжання называецца Егіпет. Аднак большасць даследчыкаў лічыць, што міф пра егіпецкае паходжанне быў занесены звонку. У XVIII ст. еўрапейскія вучоныя выявілі падабенства цыганскай мовы з індаеўрапейскімі мовамі Індыі. У пачатку XIX ст. была канчаткова ўсталявана шчыльная сувязь з мовамі раджастханцаў, гуджаратцаў і пенджабцаў[20].

На працягу XIX — XX стст. прапаноўваліся розныя гіпотэзы аб зыходзе продкаў цыган з Індыі. Меркавалася, што яны маглі рушыць на захад падчас паходаў Аляксандра Македонскага або арабскіх заваяванняў. Сярод продкаў еўрапейскіх цыган называліся джаты, раджпуты, цемнаскурае насельніцтва Ніжняй Месапатаміі, прыводзіўся запіс Фірдаўсі (1011 г.) пра перадачу індыйскім гаспадаром 1000 музык-луры іранскаму шаху.

Сучасныя генетычныя даследаванні пацвярджаюць паходжанне цыган з захаду паўвострава Індастан. Яны дэманструюць падабенства генетычнай спадчыны ўсіх цыган, што кажа пра тое, што зыход адбыўся прыкладна ў адзін час, і цыганскія групы былі адносна ізаляваны ад іншага насельніцтва Азіі і Еўропы. Выяўлена толькі некаторая разнастайнасць жаночай лініі, прыцягванне ў цыганскую групу жанчын-выхадцаў з Балканскага паўвострава[21]. Відавочна, пасля з’яўлення цыган у Еўропе асноўным месцам іх пасялення быў Балканскі паўвостраў. Адтуль пачалося рассяленне цыган па іншых краінах.

Міф пра паходжанне з Егіпта тлумачаць тым, што пасля з’яўлення цыган у Візантыі яны прыцягвалі ўвагу тубыльцаў як вулічныя акторы, займаліся той жа справай, што і выхадцы з Егіпту, таму сталі называцца егіпцянамі[22], хаця ніякіх адносінаў да Егіпта не мелі.

Рассяленне цыган у Еўропе

Некаторыя даследчыкі лічаць, што першы запіс пра з’яўленне цыган у Еўропе быў зроблены Феафанам Канфесарам. Ён апавядаў пра пераслед у пачатку IX ст. візантыйскім імператарам αθίγγανος, ад якіх быццам бы пайшла назва цыган. Аднак, αθίγγανος маглі быць прадстаўнікамі нейкай усходняй секты. Яна не абавязкова была звязана з цыганамі, але цыган атаяснялі з яе прадстаўнікамі. У жыцці Афанасіі з Эгіны[23] (VIII — IX стст.) таксама ўзгадваецца тое, што яна карміла падчас голаду ў Фракіі іншаземцаў-ἀτσίγγανοι.

Пачатак рассялення цыган па іншых краінах Еўропы фіксуецца XIV ст., што супадае з асманскімі заваяваннямі Балканскага паўвострава. У 1348 г. цыганы ўзгадваюцца ў Сербіі, у 1378 г. — у Балгарыі, у 1383 г. — у Венгрыі[24], у 1419 г. — у Францыі[25], у 1425 г. — у Іспаніі[26], у 1501 г. — у ВКЛ[27], 1514 г. — у Англіі[28]. У расійскіх афіцыйных дакументах цыганы ўпершыню ўзгадваюцца толькі ў 1733 г.[29] У XIX ст. групы цыган мігрыравалі ў Новы Свет і Аўстралію. У нашы дні амерыканская і бразільская дыяспары з’яўляюцца найбуйнейшымі ў свеце.

Падчас рассялення па краінах Еўропы многія цыганы вялі качавы або паўкачавы лад жыцця, займаліся дробным гандлем, рамяством, арганізоўвалі забавы. Аднак меўся вялікі пласт аселых цыган. Асманскі рэестр XVI ст. узгадвае такія аселыя прафесіі цыган, як вартаўнікі, слугі, мяснікі, сыравары, агароднікі, пастухі, хірургі і нават манахі. У XIX ст. слівенскія цыганы сталі першымі рабочымі тэкстыльнай фабрыкі. У 1858 г. у Бесарабіі 2481 цыган вёў качавы лад жыцця, 2978 цыган — аселы[30]. У Валахіі і Малдове большасць цыганскага насельніцтва знаходзілася ў залежнасці ад дзяржавы і прыватных уладальнікаў, у дакументах фіксавалася як рабы[31]. У ВКЛ асноўным месцам паселішча цыган з’яўляўся Мір.

Розніца ў ладзе жыцця, мове і звычаях не спрыяла інтэграцыі цыган у мясцовыя культуры і часцяком выклікала адмоўную рэакцыю мясцовага насельніцтва і ўладаў. Так, у перыяд 14991783 гг. у Іспаніі быў прыняты шэраг заканадаўчых актаў, што забаранялі цыганскія звычаі, мову і вопратку. У 1539 г. цыганы выганяліся з Парыжа. У 1563 г. — з Англіі[32]. У 1557 г. у Польшчы быў выдадзены закон з адзначэннем цыган як «людзей непатрэбных». У ВКЛ у 1565 г. выдана ўрадавая пастанова, дзе казалася: «Калі які стараста выганіць цыган, каб іх ніхто не прымаў». У 1566 г. прыняты закон, якім было забаронена забіраць цыган у войска. Цыганы, якія жабравалі, звальняліся ад падаткаў. Злодзеяў і шпіёнаў прапаноўвалася выганяць. Усе іншыя цыганы, якія заставаліся ў дзяржаве і не імкнуліся выходзіць па-за яе межы, павінны былі заставацца пад панамі, князямі, шляхтай або гаспадаром. У 1577 г. было абвешчана: «Цыганы маюць быць выгнаны з зямлі і ніколі не прыпушчаны да яе». У артыкуле 35 Статута 1588 г. забараняўся ўваход у землі вандроўных цыган, асуджалася іх схільнасць да падману і г. д. За парушэнне артыкула Статута прадугледжваўся штраф гаспадару[33]. Лічыцца, што з XV ст. да XVIII ст. у Еўропе было прынята 148 заканадаўчых актаў, накіраваных супраць цыган[34].

Рамантызм XIX ст. абудзіў цікавасць еўрапейскіх інтэлектуалаў да цыганскіх супольнасцяў. У творах А. Пушкіна, В. Гюго, Р. Кіплінга і іншых пісьменнікаў вобраз цыган падаваўся ў прывабным, хаця і скажоным выглядзе. Пачалося навуковае вывучэнне цыганскай культуры, прыцягненне цыган да адукацыі і барацьба за іх правы. У 1905 г. адбыўся першы сход цыган у Сафіі, накіраваны супраць балгарскага дыскрымінацыйнага выбарчага закона 1901 г.. У 1926 г. з’явілася першая афіцыйная цыганская арганізацыя Балгарыі. У 1927 г. — у Сербіі. У 1925 г. у Маскве створаны Агульнарасійскі цыганскі саюз. Пачалося выдавецтва сродкаў масавай інфармацыі на цыганскай мове.

Пад уплывам сіянізму ў міжваенны перыяд узнікла ідэя стварэння цыганскай дзяржавы. Яе актыўна прадстаўляла сям’я Квекаў, што змагалася за аб’яднанне цыган Польшчы. У 1934 г. абвешчаны яго прыхільнікамі цыганскім каралём Ёзаф Квек накіраваў дэлегацыю ў Лігу Нацый з прапановай вылучыць цыганам землі ў Намібіі. Яго спадкаемца Януш Квек звяртаўся ў 1936 г. да Б. Мусаліні, просячы землі ў Эфіопіі. Іх канкурэнт «кароль» Міхал Квек вандраваў у Індыю, каб адшукаць свабодныя тэрыторыі каля ракі Ганг. Пазней ён імкнуўся знайсці падтрымку ў Чэхаславакіі і Вялікабрытаніі для арганізацыі цыганскай калоніі ва Усходняй Афрыцы[35].

Улады Трэцяга Рэйха арганізавалі генацыд цыганскага насельніцтва падчас II Сусветнай вайны як на тэрыторыі самой Германіі, так і акупаваных зямель[36]. Толькі ў Югаславіі было забіта каля 90 тысяч чалавек[37]. Усяго загінула ад 150 тысяч да 1500 тысяч чалавек. Генацыд супраць цыган быў прызнаны з боку ФРГ толькі ў 1982 г. Многія цыганы ўдзельнічалі ў руху Супраціўлення, змагаліся ў партызанскіх атрадах і на фронце.

Халодная вайна фактычна раскалола цыганскі рух. У заходніх краінах ён абапіраўся на грамадскія арганізацыі і барацьбу супраць дыскрымінацыі. 8 красавіка 1971 г. у Лондане адбыўся першы Сусветны цыганскі кангрэс, які абвясціў адзіную цыганскую нацыю. У сацыялістычных дзяржавах цыганы з аднаго боку атрымлівалі мэтанакіраваную дзяржаўную падтрымку ў стварэнні культурных аб’яднанняў, паляпшэння адукацыі, уладкавання на працу і г. д. Разам з гэтым, улады імкнуліся прымусіць качавыя групы да аселасці. 5 лістапада 1956 г. Савет Міністраў СССР выдаў пастанову «Пра прылучэнне да працы цыган, якія займаюцца бадзяжніцтвам»[38]. Яна даручала рассяліць у трохмесяцовы тэрмін на сталае месца жыхарства ўсіх качавых цыган. Прымусовая аселасць стварала ўмовы для асіміляцыі.

Пасля заканчэння Халоднай вайны ў выніку эканамічных праблем і хвалі нацыяналізму ужо аселыя цыганы краін Усходняй Еўропы былі вымушаны мігрыраваць у іншыя рэгіёны або краіны з лепшым узроўнем жыцця. Пры гэтым адрадзіўся качавы лад жыцця[39]. 10 ліпеня 2010 г. урад Францыі прыняў праграму рэпатрыяцыі качавых цыган, якія пераехалі з Румыніі і Балгарыі[40].

Нацыянальныя знакі

[правіць | правіць зыходнік]
Цыганскі сцяг

8 красавіка 1971 г. у Лондане адбыўся першы Сусветны цыганскі кангрэс. Вынікам кангрэса стала прызнанне сябе цыганамі міру супольнай нетэрытарыяльнай нацыяй і прыняцце нацыянальных знакаў: сцяга і гімна, заснаванага на народнай песні «Джэлем, джэлем». Замест герба цыгане выкарыстоўваюць шэраг вядомых знакаў: кола буды, падкову, калоду карт. Такімі знакамі звычайна ўпрыгожваюцца цыганскія кнігі, газеты, часопісы і сайты, адзін з гэтых знакаў звычайна ўваходзіць у лагатыпы мерапрыемстваў, прысвечаных цыганскай культуры.

У гонар першага Сусветнага цыганскага кангрэса 8 красавіка лічыцца Днём Цыган[41]. У некаторых цыган ёсць звязаны з ім звычай: увечар, у вызначаны час, дружна выходзіць на вуліцу з запаленай свечкай.

Большасць вернікаў належыць да розных плыняў хрысціянства. У Турцыі і на Балканскім паўвостраве жывуць мусульмане з групы харахані, а таксама так званыя «балканскія егіпцяне».

Цыганы на Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле перапісу 2009 года ў Беларусі налічваецца 7079 цыган.

  1. Gypsy, Anglo-Romani in United States
  2. Gypsy, English, Romanichal in United States
  3. Irish Traveller, Shelta in United States
  4. Mexican Creole, Tirilone in United States
  5. Romani, Carpathian in United States
  6. Romani, Sinte in United States
  7. Romani, Vlax, Kalderash in United States
  8. Falta de políticas públicas para ciganos é desafio para o governo
  9. The Situation of Roma in Spain
  10. Попис становништва, домаћинстава и станова 2011 у Републици Србији Архівавана 8 ліпеня 2018.
  11. 2011. ÉVI NÉPSZÁMLÁLÁS
  12. Rezultatele finale ale Recensământului din 2011 Архівавана 18 студзеня 2016.
  13. 2011 Population Census - main results
  14. Информационные материалы об окончательных итогах Всероссийской переписи населения 2010 года. Национальный состав населения Российской Федерации
  15. 2001.ukrcensus.gov.ua
  16. Charakterystyka mniejszości narodowych i etnicznych w Polsce Архівавана 17 кастрычніка 2015.
  17. 2011.gada tautas skaitīšana - Galvenie rādītāji
  18. belstat.gov.by
  19. People Cluster: Romany
  20. Milena Hübschmannová, Origin of Roma(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 кастрычніка 2014. Праверана 18 жніўня 2015.
  21. Origins and Divergence of the Roma (Gypsies)
  22. МИФ О ЕГИПЕТСКОМ ПРОИСХОЖДЕНИИ. Статья Николая Бессонова Архівавана 5 сакавіка 2016.
  23. St. Athanasia of Aegina
  24. Jeetan Sareen, The Lost Tribes of India
  25. Les tsiganes(недаступная спасылка)
  26. The Gypsies
  27. Цыгане в Беларуси Архівавана 29 лютага 2016.
  28. Timeline of Romany Gypsy History in Britain
  29. МИФ О ТОМ, БУДТО ЦЫГАНЕ ЖИВУТ В РОССИИ 500 ЛЕТ. Статья Николая Бессонова Архівавана 5 сакавіка 2016.
  30. МИФ О «КОЧЕВОМ ПЛЕМЕНИ». Статья Николая Бессонова Архівавана 5 сакавіка 2016.
  31. Elena Marushiakova, Gypsy Slavery in Wallachia and Moldavia
  32. MARYAM HILLI, The Forgotten Holocaust: Gypsy(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 кастрычніка 2015. Праверана 18 жніўня 2015.
  33. Яўгеній Чэрвінскі, Татары і цыганы на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага: прававы і сацыяльны статус Архівавана 5 сакавіка 2016.
  34. Неизвестный геноцид цыган
  35. Elena Marushiakova, The Roma — a Nation without a State? Historical Background and Contemporary Tendencie
  36. GENOCIDE OF EUROPEAN ROMA (GYPSIES), 1939—1945
  37. The Roma Genocide Архівавана 24 студзеня 2016.
  38. О приобщении к труду цыган, занимающихся бродяжничеством
  39. Arno Tanner, The Roma of Eastern Europe: Still Searching for Inclusion
  40. Q&A: France Roma expulsions
  41. INTERNATIONAL ROMA DAY — WHEN A ROMANI MOVEMENT AND ANTHEM WERE BORN
pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy