Перайсці да зместу

Брэтонцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Брэтонцы
(Bretoned)
Агульная колькасць 229 тыс.
Рэгіёны пражывання Францыя
Мова брэтонская
Рэлігія каталіцызм
Блізкія этнічныя групы валійцы, корнуальцы

Брэто́нцы (брэт.: Bretoned) — народ, карэнныя насельнікі Брэтані. Агульная колькасць у Францыі (2012 г.) - 229 тыс. чал.[1] Размаўляюць на брэтонскай мове.

Перасяленне брытаў у VI ст.

Брэтонцы — нашчадкі брытаў, якія перасяліліся з Брытаніі ў Арморыку ў V - VI стст. н. э. Згодна пісьмовым крыніцам і археалагічным знаходкам, мелася 2 буйныя хвалі міграцыі. Першая была звязана з зыходам рымскіх войскаў з Брытаніі на тэрыторыю Галіі ў 410 г. Многія з салдат мелі брыцкае паходжанне. Акрамя таго, разам з імі перасяляліся салдацкія сем'і, рамеснікі і гандляры, шчыльна звязаныя з армейскімі часткамі.

У VI ст. адбылася другая буйная хваля міграцыі брытаў у Арморыку, выкліканая нашэсцямі англаў, саксаў і ірландцаў. Зыход з Брытаніі суправаджаўся працэсам хрысціянізацыі. Першапачаткова брыты стварылі на новай радзіме тры дзяржаўныя аб'яднанні, якія ў X ст. былі злучаны ў Герцагства Брэтань. У 790 г. быў складзены манускрыпт на лацінскай і брэтонскай мовах — першы вядомы помнік брэтонскай пісьмовасці.

Карэннае насельніцтва Арморыкі — галы — былі блізкія па мове і культуры да брытаў, што палегчыла іх асіміляцыю. У Верхняй Брэтані, дзе колькасць брытаў была невялікай, гальскае насельніцтва захавалася. Пазней яно склала асобную групу брэтонцаў, якая размаўляла на гальскім дыялекце французскай мовы. Значную ролю ў стварэнні агульнай брэтонскай супольнасці адыгралі дзейнасць хрысціянскіх падзвіжнікаў кельцкага паходжання, а таксама барацьба супраць франкаў і нарманаў.

У XI ст. узвышэнне суседняй Нармандыі і заваяванне нармандскім герцагам Гіёмам Англіі вымусілі герцагаў Брэтані арыентавацца на Францыю. У 1491 г. Брэтань канчаткова далучылася да французскай дзяржавы, хаця захавала шматлікія прывілеі.

Далучэнне да Францыі спрыяла паступоваму пераходу мясцовых феадальных колаў да французскай мовы і культуры. Літаратурная брэтонская мова захоўвалася пераважна Касцёлам, таму большасць брэтонскіх твораў XVI - XVII стст. — гэта царкоўныя кнігі або слоўнікі. Цікава, што ў пазнейшы перыяд французскія навукоўцы тлумачылі заняпад брэтонскай мовы слабымі літаратурнымі традыцыямі. Аднак брэтонскі фальклор аказаў моцны ўплыў на літаратуру самой Францыі.

Падчас Французскай рэвалюцыі Брэтань была пераўтворана ў дэпартамент і страціла свае прывілеі. У XIX ст. на хвалі рамантызму адрадзілася цікавасць да брэтонскай мовы і народнай культуры. Але распаўсюджанне агульнадаступных франкамоўных школ прывяло да паступовага выціскання брэтонскай мовы нават у сельскай мясцовасці.

У гады II Сусветнай вайны частка брэтонскіх нацыяналістаў супрацоўнічала з нацысцкай Германіяй у спадзяванні, што іх краіна набудзе незалежнасць ад Францыі. У выніку гэта паўплывала на фарміраванне адмоўных адносінаў да самой ідэі брэтонскага нацыянальнага руху. Агульнабрэтонскія арганізацыі, створаныя ў пасляваенны перыяд, адышлі ад пазіцый пашырэння палітычных правоў Брэтані да праблем адраджэння мовы і культуры. Яны пачалі выданне сродкаў масавай інфармацыі на брэтонскай мове, заснавалі фестываль брэтонскай народнай культуры.

У 1951 г. у школах Брэтані брэтонская мова стала выкладацца як факультатыў (1 - 3 гадзіны ў тыдзень). Да нашых дзён яна не мае ў Францыі афіцыйнага статусу.

Брэтонкі ў народных строях

Яшчэ ў сярэдзіне XX ст. палова насельніцтва Брэтані была звязана з сельскай гаспадаркай. Яе традыцыйныя галіны — малочная жывёлагадоўля, вытворчасць бульбы, садавіны і гародніны. Да пачатку XX ст. найважнейшай земляробчай культурай была пшаніца. Для Брэтані характэрна малазямелле. У мінулым больш за палову яе тэрыторый складалі пусткі. Каб прахарчавацца, брэтонскія сяляне былі вымушаны займацца адыходніцтвам, удзельнічалі ў сельскагаспадарчых працах у Нармандыі, Францыі і Вялікабрытаніі.

Жыццё насельнікаў узбярэжжа таксама было шчыльна звязана з морам. Брэтонцы здаўна займаліся рыбалоўствам, кабатажным суднаходствам, збіралі водарасці, а ў XIX ст. асвоілі штучнае вырошчванне вустрыцы. Брэтонскія мараплаўцы ўжо ў XVI - XVII стст. практыкавалі далёкія вандроўкі да Ісландыі і Скандынаўскага паўвострава, адкуль прывозілі ў Францыю траску і селядцоў. Рыбакі прадавалі ўлоў прама ў порце гандлярам-пасрэднікам праз самадзейныя аўкцыёны "на выкрык".

Большасць традыцыйных паселішчаў — невялікія сядзібы з 2 - 5 хацін, схаваныя за жывой загараддзю з дрэў. Буйнейшыя селішчы-бур ўтвараліся каля касцёлаў і партоў. Вялікія гарады з'явіліся адносна позна, іх у Брэтані мала. Тыповая сялянская хаціна ўяўляла сабою каменную аднакамерную пабудову, што ўзводзілася на схіле пагорка з вокнамі і дзвярамі на поўдзень. Печкавыя трубы ладзіліся з двух бакоў і працягвалі сабою франтон. Як правіла, у такіх хацінах гаспадары жылі разам з хатняй жывёлай. Заможныя і высакародныя сем'і будавалі каркасныя прамавугольныя дамы з некалькімі пакоямі. Мэбляй служылі ложкі-шафы — драўляныя скрыні з высоўнымі дзверцамі. Пазней распаўсюдзіліся паўзачыненыя і калонныя ложкі, а таксама куфары. Драўляная мэбля багата ўпрыгожвалася разьбярствам.

Народная вопратка найлепш захавалася на захадзе Брэтані. Для мужчынскага строю характэрны кароткія шырокія штаны са зморшчынамі, сабранымі каля пояса, шырокі пояс з сукна або скуры, суконная куртка. Найбольш папулярнай тканінай для вопраткі была ільняная. Жаночыя строі значна больш разнастайныя. У Брэтані іх налічваецца аж 66 відаў. Асабліва ў жаночым адзенні вылучаюцца высокія каптуры з карункамі. У паўсядзённым жыцці аддавалі перавагу чорнаму колеру вопраткі. Да сярэдзіны XX стагоддзя сустракаліся драўляныя боты-сабо. У нашы дні народныя строі апранаюць падчас святаў, у тым ліку вяселля.

Брэтонскі фальклор багаты на гістарычныя паданні, легенды, у тым ліку пра караля Артура, адкуль яны трапілі ў сярэднявечную французскую літаратуру. У нашы дні найбольш папулярны від народнага мастацтва - танцы. Танцавальнае свята фэст-ноз прызнана ЮНЕСКА нематэрыяльнай спадчынай чалавецтва.

Абсалютная большасць вернікаў — каталікі, хаця ў брэтонскай міфалогіі захаваліся і дахрысціянскія матывы, у прыватнасці постаць Анку. Касцёл шмат зрабіў для гуртавання брэтонскага народа, у тым ліку ў часы, калі Брэтані пагражала небяспека звонку, або калі мясцовыя феадалы адракаліся ад роднай мовы і культуры. Найбольш шануюць сем брэтонскіх святых айцоў, якія жылі ў другой палове 1 тысячагоддзя н. э. У іх гонар арганізуюцца пілігрымкі Tro Breizh — ад пахавання аднаго святога да пахавання іншага і г. д. Да нашых дзён у іх гонар арганізуюцца святы прабачэнняў. У мінулым, яны суправаджаліся шэсцямі, спевамі і танцамі. У пэўных рэгіёнах Брэтані існуюць іншыя месцы для шанавання — святыя крыніцы, крыжы, капліцы, менгіры, памятныя знакі-кальверы.

Знакамітыя асобы брэтонскага паходжання

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

pFad - Phonifier reborn

Pfad - The Proxy pFad of © 2024 Garber Painting. All rights reserved.

Note: This service is not intended for secure transactions such as banking, social media, email, or purchasing. Use at your own risk. We assume no liability whatsoever for broken pages.


Alternative Proxies:

Alternative Proxy

pFad Proxy

pFad v3 Proxy

pFad v4 Proxy